“Вытокі памяці” Рымдзюнскай школы
Даведка
Профіль музейнага пакою: краязнаўчы
Дата заснавання: май 2005 года
Раздзелы экспазіцыі:
– этнаграфія;
– гады, апаленыя вайной;
– Дубоцкая кальварыя;
– з гісторыі школы;
– вядомыя людзі роднага
краю;
– гісторыя краю.
Ішла вайна народная
Музейная экспазіцыя ў Рымдзюнскай сярэдняй школе з беларускай мовай навучання створана ў маі 2005 года. Цэнтральная частка была прысвечана перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

– Мы пачыналі працаваць над стварэннем музейнай экспазіцыі ў год святкавання 60-годдзя Вялікай Перамогі. І таму першае, за што ўзяліся, – матэрыялы па Вялікай Айчыннай вайне, – расказвае загадчык музея Валянціна Праўлуцкая. – Нам пашанцавала: тады яшчэ жылі ветэраны – у мікрараёне нашай школы іх было 5. Дзеці актыўна займаліся пошукавай работай, сустракаліся з героямі Вялікай Перамогі – у выніку была зроблена невялікая музейная экспазіцыя.
Напачатку сабранае размясцілі ў аўдыторыі на першым паверсе школы.
– У экспазіцыю ўвайшлі матэрыялы аб вызваленні Астравеччыны ў 1944 годзе, біяграфіі ветэранаў, якія пражывалі ў мікрараёне нашай школы, іх асабістыя рэчы, успаміны аб гадах вайны, удзеле ў ваенных дзеяннях, – працягвае Валянціна Праўлуцкая.
Сёння ўжо ніводнага ветэрана няма ў жывых. Але памяць пра іх захоўваецца. Магілы ветэранаў знаходзяцца ў розных вёсках, і школьнікі шэфствуюць над імі. Даглядаюць і помнік, які ўстаноўлены ў Гірах. У святы ля яго заўсёды праходзяць мітынгі з ушанаваннем памяці герояў Вялікай Перамогі.
– Рымдзюнскія школьнікі, многія з іх ужо дарослыя людзі, не раз удзельнічалі ў патрыятычных конкурсах і канферэнцыях па гэтых накірунках. Многія былі пераможцамі, таму, упэўнена, наша работа не прапала дарэмна – яна пакінула след у іх сэрцах, – гаворыць загадчык музейнага пакою.
– Часта ўспамінаю і расказваю вучням, з якім захапленнем іх папярэднікі вялі пошукавую работу, сустракаліся з ветэранамі, – і радуюся, што нам давялося сабраць успаміны пра гэтых людзей. Вельмі цікавым чалавекам быў Уладзімір Пятровіч Сухараў з Завельцаў – актыўны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які да апошніх дзён сустракаўся з дзецьмі. З ім цікава было размаўляць. І ён, і яго жонка заўсёды з радасцю сустракалі школьнікаў, дзяліліся ўспамінамі, спявалі песні ваенных гадоў, – узгадвае Валянціна Праўлуцкая.

З бабулінай хаткі
Паралельна з гэтым вялася работа па назапашванні экспанатаў хатняга і гаспадарчага ўжытку першай паловы 20 стагоддзя. Так атрымалася арганізаваць этнаграфічную экспазіцыю.
– Дзеці прыносілі збаночкі, прасы і іншыя прадметы побыту – не трымаць жа гэта ў засеках. Вырашылі перанесці экспазіцыю ў асобнае памяшканне, дзе яна сёння і размяшчаецца, – узгадвае настаўнік.
– Збіраць старыя рэчы, прадметы ўжытку і побыту было нескладана – на той час яны меліся амаль у кожным доме нашых вучняў, – працягвае жанчына.
Збанок з латуні, які прынёс адзін з выпускнікоў Рымдзюнскай школы, дакладна не мясцовай вытворчасці, тканыя посцілкі, зробленыя мясцовымі майстрыхамі і маці Валянціны Праўлуцкай, прасы, маслабойка, кошычкі – усё гэта дапамагае сённяшнім вучням адчуць эпоху пачатку мінулага стагоддзя і даведацца, як жылі іх дзяды і прадзеды.
– Звычайна наведвальнікам музея мы паказваем вось гэты экспанат, – дэманструе Валянціна Праўлуцкая скураныя чаравічкі. – Яны зроблены мясцовым майстрам і належалі маці нашай настаўніцы. Гэта быў падарунак жаніха нявесце. Сённяшнія модніцы пазайздросцілі б тагачасным дзяўчатам.
Удзельнікі краязнаўчага гуртка «Спадчына», які на той час працаваў у школе пад кіраўніцтвам Валянціны Праўлуцкай, таксама збіралі фальклор: запісвалі мясцовыя народныя песні, складалі слоўнік мікратапонімаў.
З гісторыі школы
У 2009 годзе музейная экспазіцыя была абноўлена, у ёй з’явіўся раздзел «З гісторыі школы».
Школу ў Рымдзюнах адкрылі ў 1921 годзе. У той час асобнага памяшкання для заняткаў не было, таму дзеці вучыліся ў вясковых хатах. Навучанне вялося на польскай мове.
– У 1934 годзе заняткі праводзіліся ў доме Вікенція Вікенцьевіча Вайцюля. Школа на той час была пачатковай, у ёй вучылася 30 дзяцей. Мовамі навучання перыядычна станавіліся польская, руская, літоўская, – узгадвае перыяды гісторыі навучальнай установы Валянціна Праўлуцкая.
З 1942 года школа працавала ў доме заможнага гаспадара М. Чачота. У вайну заняткі не спыняліся.
У 1955 годзе школа перамясцілася ў былую кантору калгаса, дзе праіснавала да 1984-га. Дырэктарам яе быў Ф.Б. Анціповіч.
– Вучняў з кожным годам станавілася ўсё менш, і школу зачынілі. У 1991 годзе пачалося будаўніцтва Літоўскага культурна-асветніцкага цэнтра, дзе меркавалася размясціць школу з літоўскай мовай навучання. Аднак па рашэнні Астравецкага райвыканкама ў цэнтры адкрылі дзве ўстановы – з беларускай і літоўскай мовамі навучання, – расказвае Валянціна Праўлуцкая.
12 кастрычніка 1996-га адбылося адкрыццё цэнтра. На той час у школе з беларускай мовай навучання займалася 58 вучняў. Педагагічны калектыў, які складаўся з 14 чалавек, узначальваў Аляксей Андрэевіч Сібірцаў.
У 2001 годзе дырэктарам школы стала ўраджэнка Астравецкага раёна Людміла Іванаўна Дарафей. У 2012-м ёй на змену прыйшоў малады кіраўнік Віктар Віктаравіч Спірыдон. Сёння школу зноў узначальвае Людміла Іванаўна.

Дубоцкая кальварыя
З часам з’явіліся і новыя накірункі дзейнасці пакою.
– Мы стварылі віртуальную экскурсію па Дубоцкай кальварыі – помніку культавага дойлідства першай паловы 20 стагоддзя, – расказвае загадчык музейнага пакою. – Размешчана яна побач з вёскай Дубок. Раней тут сцяной высіліся свяшчэнныя дубравы – лічылася, што нават галінку нельга падняць, не гаворачы пра тое, каб ссекчы ці зламаць дрэва.
І сёння ў гэтым месцы шмат дубоў, ёсць і дуб-старажыл, якому больш за 500 гадоў.
– Дубоцкая кальварыя асвечана ў 1937 годзе. У яе склад уваходзіць 7 прыпынкаў – так званых стацый. Кожны камусьці і чамусьці прысвечаны. Напрыклад, ёсць цікавая гісторыя пра 6 прыпынак – каплічку-пахавальню. Яна сведчыць, што тут жылі тры браты. Калі жыццё стала зусім цяжкае, адзін з іх адправіўся ў свет – працаваў за мяжой, а грошы прысылаў братам, каб тыя маглі купіць зямлю. Яны так і зрабілі, толькі запісалі яе на сябе. Калі брат вярнуўся на радзіму і даведаўся аб здрадзе родных, то не змог перажыць гэтага і ўтапіўся непадалёк у Віліі. Зразумеўшы, што нарабілі, і каб загладзіць сваю віну, браты пабудавалі каплічку. А зямлю, купленую на грошы няшчаснага, ахвяравалі на карысць касцёла, каб кожны маліўся ў ім за загубленую душу. Пра гэта гаворыць і надпіс на сцяне каплічкі: «Усяк, хто праходзіць побач, памаліцеся за душу раба Божага…»
Зямля любові нашай
Пазней былі сабраны матэрыялы і створаны стэнды пра мясцовых людзей, якія зрабілі ўнёсак у развіццё раёна і краіны.
– Многія нашы землякі былі ўзнагароджаны медалямі і нават ордэнамі. Адзін з такіх Мікалай Іванавіч Багачоў, дырэктар Гірскай школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, сёння многія нашы вядомыя людзі ўжо адышлі ў лепшы свет, – гаворыць настаўнік.
Каштоўныя экспанаты
Захоўваецца ў музейным пакоі школы «Маладзечанская газета». Здавалася б, якое дачыненне яна мае да Рымдзюн. Аказваецца, самае прамое – у ёй ёсць артыкул пра мясцовых людзей.
– А трапіла яна да нас вельмі проста – дзеці прынеслі ў макулатуры. Аказаўся вельмі каштоўны экспанат, – гаворыць загадчык.
Сярод падобных – працоўныя дагаворы 1930 і 1954 гадоў, школьныя ведамасць і журнал.

