Выстава савецкіх гадзіннікаў працуе ў раённым музеі

Многія з нас у дзяцінстве засыналі пад мернае ціканне ходзікаў з шышкінскімі “Мядзведзямі ў сасновым бары” на бляшаным цыферблаце ці ўпотай раскурочвалі маленькія дзверцы, каб пабачыць, адкуль вылятае кожную гадзіну зязюлька. Нехта прачынаўся сярод ночы пад бомы ці бясконцы паўночны перазвон гадзінніка з боем, а іншыя хавалі пад падушку круглабокія будзільнікі, заклінаючы: яшчэ хоць пяць хвілін… Хто з мужчын не марыў пра фарсісты камандзірскі наручны гадзіннік з фасфарыцыруючым цыферблатам і стрэлкамі, а з жанчын – пра далікатны, з залатым бранзалетам хранометр? Хто не чакаў “Сустрэчу з песняй” ці выпуск раённага радыё, усаджваючыся ў вызначаны дзень і час на кухні каля радыёкропкі?
Усё гэта – старонкі нашага мінулага, якія адышлі ў нябыт разам лісткамі адрыўных календароў, якія паказвалі іншы час, хранаметрыравалі іншае жыццё… Але часам так хочацца вярнуцца туды, куды вярнуцца немагчыма, хоць на некалькі імгненняў адчуць сябе юным, прыгадаць моманты жыцця, якія абуджаюць старыя рэчы – такія ж, што былі некалі ў нас ці ў бацькоў, ці ў сяброўкі…

“У кожнага часу свае гадзіннікі” – так проста і па-філасофску назваў сваю выставу гадзіннікаў і радыёдынамікаў савецкага часу, якая днямі адкрылася ў гісторыка-этнаграфічным музеі шматфункцыянальнага культурнага комплексу калекцыянер, рэстаўратар, майстар па рамонце гадзіннікаў са Смаргоні Валерый Мядзведзеў. Расіянін, які 20 гадоў таму пераехаў у Беларусь; медык, які займаецца санітарным кантролем на граніцы, а ў вольны час рамантуе, рэстаўрыруе і калекцыяніруе… час.
Разглядваючы калекцыю Валерыя Мядзведзева, у якой больш за 260 гадзіннікаў і 130 радыёдынамікаў – тых самых радыёкропак, з якіх некалі пачынаўся ранак і якімі заканчваўся дзень у кожнай савецкай сям’і, цяжка паверыць, што ён пачаў збіраць сваю калекцыю толькі сем гадоў таму. Расказвае, што любіў працаваць з дрэвам, займаўся рэстаўрацыяй старой мэблі – і аднойчы яму прынеслі драўляны гадзіннік. Валерый не толькі замяніў “вокладку”, але і “палячыў нутро”. А калі гадзіннік зацікаў, зразумеў: гэта – яго.
У калекцыі Валерыя Мядзведзева пераважна механічныя гадзіннікі. Ён прызнаецца, што кварцавыя не любіць, кажа, што ў іх няма душы. Некалькі прадстаўленых тут экзэмпляраў – толькі для ілюстрацыі гісторыі развіцця гадзіннікавай справы, пра якую, як і пра развіццё правадной радыёсеткі, ён ведае ўсё ці амаль усё – і можа расказваць бясконца. Гэтак жа, як і пра кожны з прадстаўленых на выставе экспанатаў: калі і дзе нарадзіўся, як і ў якім стане трапіў у рукі майстру, што вядома пра вытворцаў і гаспадароў… Пагадзіцеся, рэчы могуць шмат расказаць пра сваіх уладальнікаў, калі іх умела “распытаць”.
…Калі вас цікавяць рэдкія і каштоўныя экзэмпляры хранометраў – гэтая выстава не для вас: тут усё звычайнае. “Такі гадзіннік быў у маёй бабулі”, “Такі мы падарылі бацьку на юбілей”, “Я насіла дакладна такі”,– раз-пораз чулася ў зале. Наталля Пятроўна Зубенка нават знайшла тут гадзіннік свайго веку, выпушчаны ў год яе нараджэння – 1936- ты.

