Выстаўка старадаўніх і рэдкіх кніг рэлігійнага зместу працавала ў раённай бібліятэцы

Выстава адкрылася ўрачыстым малебнам, які адслужылі благачынны Астравецкага  благачыння, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі і настаяцель храма Святога прарока Іліі вёскі Альхоўка іерэй Вячаслаў Шасцітка.


Наведвальнікі выстаўкі мелі магчымасць прыкласціся да Плашчаніцы Ісуса Хрыста і абраза прападобнай Еўфрасінні Полацкай, перанесеных на час дзеяння выстаўкі з астравецкага храма. Беларуская асветніца Еўфрасіння, як вядома, усё жыццё займалася перапісваннем царкоўных кніг.
Праўда, на выстаўцы гэтых бясцэнных фаліянтаў не было, але выстаўляліся іншыя, каштоўнасць якіх таксама вялікая. Да прыкладу, дзве богаслужэбныя кнігі ў вокладках з дрэва, абцягнутых натуральнай скурай, “узрост” якіх адлічваецца прыкладна з 18-га  стагоддзя, Біблія 19 стагоддзя — адно з першых ілюстраваных выданняў. Падстаў лічыць яго такім дзве: па-першае, раней Біблія выдавалася без малюнкаў, па-другое, ілюстрацыі нібыта ўдрукаваны ў тэкст, а не выдзелены і суправаджаюцца асобнымі подпісамі, як у больш позніх выданнях. Належаць яны вялікаму мастаку Дарэ, самаму вядомаму ілюстратару Бібліі.
З рарытэтаў яшчэ варта адзначыць унікальную “Біблейскую энцыклапедыю” 1891 года, зборнікі  часопісаў для сельскіх пастыраў таго ж часу,  “Толкование молитвы “Отче наш” 1855 года. Зрэшты, пералічваць далей  няма сэнсу – усе экспанаты выстаўкі былі вартыя ўвагі. Сярод іх быў нават “самвыдат” – некалькі надрукаваных на пішучай машынцы і пераплеценых уручную богаслужэбных кніг, якімі карысталіся ў манастырах  у часы ваяўнічага атэізму, калі такая літаратура амаль не выдавалася.
З больш новых кніг  увагу наведвальнікаў прыцягваў “Новы Запавет” на грэчаскай і рускай мовах, і “Полоцкие радования” – маляўнічае выданне, якое апавядае пра перанясенне мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк у 1910 годзе. Багата праілюстраваны водны шлях па Дняпры – змешчаны фатаграфіі прыстаняў, дзе рабіў прыпынак параход, і  храмаў, у якія заносілі раку з мошчамі для пакланення падчас сухапутнага падарожжа.
Прыемна адзначыць, што выстаўку наведвалі не толькі чытачы бібліятэкі, але і многія астраўчане, якія шануюць слова Божае, якіх цікавіць айчынная гісторыя, непарыўна звязаная з гісторыяй хрысціянства.


Таіса СЯМЁНАВА.