Высокая адзнака дадзена рабоце Астравецкага лясгаса
На рэспубліканскім семінары з намеснікамі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце ўсіх лесагаспадарчых аб’яднанняў рэспублікі па добраўпарадкаванню тэрыторый і стварэнню дэндрапаркаў у лясной гаспадарцы, які адбыўся на базе ДЛГУ “Астравецкі лясгас” на мінулым тыдні, намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Корбут даў высокую адзнаку рабоце нашага лясгаса. Удзельнікам семінару была прапанавана цікавая і змястоўная праграма – балазе, нашым лясгасаўцам ёсць што прадэманстраваць.
Кожнага, хто прыязджае ў наш раён, цікавіць “будоўля стагоддзя”, таму госці не маглі не завітаць у інфармацыйны цэнтр дырэкцыі будаўніцтва АЭС, дзе галоўны інжынер А.В. Баркун і яго намеснік па падрыхтоўцы персаналу У.Д. Горын расказалі пра тое, што будзе ўяўляць сабой беларуская АЭС, аб прынцыпах яе работы і ступенях абароны.
З вялікім задавальненнем паслухалі ўдзельнікі семінару выступленне старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі, які расказаў аб праведзенай рабоце па добраўпарадкаванню раёна. І госці мелі магчымасць убачыць усё на свае вочы: яны наведалі піянерную базу, ажыццявілі экскурсію па Астраўцы, завіталі ў Астравецрайгаз, раённую бальніцу і РЭС.
У Задворніках гасцям паказалі дом паляўнічага і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. У гэтым годзе тут быў заложаны дэндрапарк плошчай тры гектары імя заслужанага лесавода Беларусі Мікалая Пятровіча Кажамякіна – ветэрана Айчыннай вайны, кавалера двух ордэнаў Славы і шматлікіх іншых баявых і працоўных узнагарод, чалавека, які 32 гады ўзначальваў Астравецкае лясніцтва.
– Тут праведзена вялікая работа, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Астравецкага лясгаса П.З. Крупеньчык. – Мы абгарадзілі тэрыторыю, у ходзе тыдня лесу залажылі дэндрапарк, напісалі зварот да нашчадкаў з просьбай берагчы і захоўваць лясныя багацці, устанавілі альтанку, зрабілі цікавую кампазіцыю з валуноў. Дэндрапарк налічвае 57 відаў раслін – гэта 1277 дрэў і кустоў.
Затым госці наведалі вальеры, дзе пазнаёміліся з умовамі ўтрымання ланяў і ласёў, а ў Палушскім лясніцтве ім прадэманстравалі афармленне кабінетаў, працоўных месцаў, стан бытавых памяшканняў, добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі лясніцтва.
Наступным пунктам прыпынку стала Янаўскае вадасховішча – любімае месца адпачынку жыхароў раёна, за ўтрыманнем якога ў належным стане пастаянна сочаць работнікі лясгаса. Вось і нядаўна тут зноў усё пафарбавалі, падрамантавалі, пабудавалі новую альтанку.
Вялікае ўражанне пакінуў дрэваапрацоўчы цэх Астравецкага лясгаса – заасфальтаваная тэрыторыя, акуратныя кантора і бытавыя памяшканні, сучаснае абсталяванне.
Не маглі госці не заехаць у Гервяцкі касцёл Святой Тройцы, дзе з задавальненнем прагуляліся па прыкасцельнай тэрыторыі і паслухалі ксяндза-пробашча Леаніда Несцюка, які расказаў, як ствараўся гэты дэндрапарк і як сёння праходзіць рэстаўрацыя касцёла. Яркім заканчэннем экскурсіі сталі спевы арганіста з цудоўным голасам, якія не пакінулі раўнадушным ніводнага з прысутных.
Апошнім прыпынкам стала Міхалішкаўскае лясніцтва, дзе створаны новы дэндрапарк плошчай 0,5 гектара з 52 відамі дрэў і кустоў, праведзены рамонт адміністрацыйнага памяшкання, а зараз вядзецца будаўніцтва службовага дома для работнікаў лясніцтва.
Узровень арганізацыі семінару быў высокім – што і адзначыў, падводзячы яго вынікі, намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Корбут. Аднак ён парэкамендаваў не расслабляцца, а працягваць работу па добраўпарадкаванню, бо жыць і працаваць усім трэба ў прыгажосці і парадку.
Вольга ШОЎКУН.
Фота Івана ПЕТРЫКА.