Высокім "Штылем"

У мінулую пятніцу ў 10.00 на гарадскім стадыёне стартавалі 17-я абласныя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу “Лесаруб-2010”. На працягу ўсяго дня жыхары Астраўца маглі назіраць і захапляцца прафесійным майстэрствам самых лепшых і самых віртуозных лесарубаў Гродзенскай вобласці.

Удзел у спаборніцтвах прынялі 11 лясгасаў вобласці. Акрамя таго, былі запрошаны зборная каманды Мінскай вобласці і зборная вальшчыкаў Рэспублікі Беларусь, якія ішлі па-за конкурсам, але з’яўляліся своеасаблівым эталонам, на які варта раўняцца.
Цырымонія адкрыцця адбылася на гарадскім стадыёне. Распачаў яе галоўны суддзя, ён жа галоўны ляснічы Гродзенскага ДЛГУ Вячаслаў Уладзіміравіч Міськевіч. Права ўзняць Дзяржаўны Сцяг было прадастаўлена сяміразоваму пераможцу сярод вальшчыкаў, чалавеку-легендзе, які ўжо стаў своеасаблівым тварам спаборніцтваў – Мечыславу Гірэню з Ваўкавыскага лясгаса.
Вячаслаў Міськевіч сказаў некалькі слоў пра прафесію вальшчыкаў і адзначыў, што пераможцы раённага этапу конкурсу з’яўляюцца носьбітамі прафесійнага гонару і менавіта яны будуць дэманстраваць не толькі вышыні майстэрства, але і тыя бяспечныя метады, якія выкарыстоўваюць у сваёй паўсядзённай працы. Нагадаў галоўны суддзя і пра традыцыю, якая існуе ўжо шмат гадоў: каманда, якая займае апошняе месца, атрымлівае “ў падарунак” іржавую пілу і права праводзіць абласныя спаборніцтвы ў наступным годзе – менавіта такія “ўзнагароды” атрымаў на мінулых спаборніцтвах наш лясгас. А намеснік галоўнага суддзі Сцяпан Рыгоравіч Рэз дадаў, што каманда, якая зойме перадапошняе месца, будзе рыхтаваць дзялянку для зборнай вобласці. Вось такія строгія правілы!
Ну што ж, пара пачынаць! Падчас жараб’ёўкі быў вызначаны парадак выступлення каманд, таму адны паехалі на валку лесу на дзялянку Палушскага лясніцтва, а іншыя засталіся на гарадскім стадыёне спаборнічаць у такіх відах конкурсу, як абрэзка сукоў, распілоўка дакладная і распілоўка камбінаваным рэзам, мантаж ланцуга.
Мы з камандай Астравецкага лясгаса адпраўляемся на валку. Гэты этап конкурсу самы складаны і ў той жа час відовішчны. Вы толькі ўявіце, што вальшчыкі павінны за чатыры хвіліны паваліць дрэва, якому некалькі дзесяткаў гадоў. І яны гэта робяць хутка і прафесійна. Сказаць па праўдзе, пераступіць адведзеную бяспечную лінію і падысці бліжэй я не рашылася, а толькі здалёк назірала, як вялізныя сосны падаюць адна за адной – і захаплялася адважнасцю лесарубаў.
Але калі мая справа была глядзець і дзівіцца, то ў суддзяў – свая місія. Яны ўважліва сочаць за выступленнем кожнага ўдзельніка, а пасля таго, як дрэва падае, ацэньваюць работу вальшчыка і ставяць адзнакі ў спецыяльны табель. Ацэньваецца тут шмат паказчыкаў. Вальшчык павінен паваліць дрэва ў зададзеным накірунку. Месца, куды павінна ўпасці дрэва, абазначаецца калом, які забіваецца ў зямлю. Чым бліжэй ад яго ўпадзе дрэва, тым больш ачкоў атрымае ўдзельнік. Але галоўнае не толькі патрапіць “у дзесятачку”, але і правільна спілаваць. Суддзі звяртаюць увагу на глыбіню падпілу, якая павінна быць не менш 7 і не больш 12 сантыметраў, вугал падпілу, шырыню недапілу, які пакідаецца, каб дрэва ўпала ў патрэбным накірунку, у мэтах бяспекі гэты недапіл павінен складаць 25-35 міліметраў. Ідэальная розніца паміж падпілам і асноўным рэзам – 2-3,5 сантыметра. А яшчэ ацэньваюцца велічыня пня, час і іншыя параметры. Кожны ўдзельнік хваляваўся перад выхадам, нібы перад экзаменам, але і начальства, і калегі па піле хварэлі і падтрымлівалі сваіх вальшчыкаў. І ў выніку хто лепш, хто горш, але ўсе справіліся з першым этапам конкурсу.
Другі этап спаборніцтваў праходзіў на гарадскім стадыёне, дзе вальшчыкаў чакалі новыя выпрабаванні. Найвышэйшы клас тут паказвалі зборныя каманды Мінскай вобласці і Беларусі: за 12 секунд спілаваць 30 сукоў – я і вокам не паспела міргнуць!
Каб унікнуць у сутнасць выпрабаванняў, накіроўваюся да дасведчаных у гэтым пытанні. Ігар Сяргеевіч Пашкоўскі, начальнік бюро аховы працы Астравецкага лясгаса, згадзіўся растлумачыць правілы спаборніцтваў:
–Першы від выпрабаванняў – абрэзка сукоў. Спецыяльна падрыхтаваныя сукі трэба абрэзаць не толькі хутка, але і якасна. Нельга пакінуць іх даўжэйшымі за 5 міліметраў, і ў той жа час піла не павінна ўрэзацца ў ствол глыбей чым на 5 міліметраў.
Распілоўванне камбінаваным рэзам заключаецца ў тым, што ствол дрэва пілуюць з двух бакоў – спачатку надпілоўваюць зверху, а затым знізу, і гэтыя два рэзы павінны “сустрэцца”.
Пры дакладным распілоўванні дрэва ўдзельніку трэба так адпілаваць дыск, каб не дакрануцца да асновы, якая падкладзена пад ствол. Зрабіць гэта дастаткова складана. Сам дыск павінен быць таўшчынёй ад 3 да 8 сантыметраў. А пры пераходзе ад аднаго бервяна да другога ланцуг пілы не павінен круціцца – на гэта суддзі таксама звяртаюць увагу.
Наступны і апошні від спаборніцтваў – мантаж ланцуга, які трэба паставіць на сваю пілу хутка і правільна. Усе выпрабаванні робяцца на час: чым хутчэй вы спраўляецеся з заданнем, тым больш ачкоў атрымліваеце.
Па-за агульным залікам ідуць такія віды выпрабаванняў як эстафета і спаборніцтвы машыністаў. У эстафеце камандзе з чатырох чалавек трэба зрабіць на хуткасць пэўныя практыкаванні па распілоўванню. А машыністы-аператары фарвардэраў і трактарных цялежак выконваюць такія аперацыі, як загрузка бярвён, развоз, выгрузка, сарціроўка. Траса выкладзена змейкай, машыністам трэба рухацца зігзагападобна і пастарацца не наехаць на калочкі. Яшчэ адзін від практыкаванняў машыністаў – скласці з калодак “вежу”, каб яна не развалілася. Заданне ўскладняецца тым, што, акрамя звычайных калодак, ёсць некалькі, разрэзаных па дыяганалі. Дарэчы, спатрэбілася і инструментальная сталь.
Адным словам, усім удзельнікам спаборніцтваў у гэты дзень давялося папацець. Але не толькі ім. “Горача” было і суддзям. Узяць хаця б эстафету, калі ўдзельнік прабягаў адзін круг, а суддзям трэба было ўгнацца за кожным, каб зняць паказчыкі. Цэлы дзень на трыццаціградуснай спёцы адпрацавала і падліковая камісія, якая выводзіла запаветныя лічбы – ачкі ўдзельнікаў – у выніковую табліцу.
Ну, і нарэшце наступіла доўгачаканая хвіліна – падвядзенне вынікаў спаборніцтваў. Калі я назірала за ўсімі відамі, то бачыла, у якім напружанні знаходзіліся ўдзельнікі, кожны з іх стараўся, як мог, і шчыра “хварэў” за сваю каманду. Таму тут няма прайграўшых – ёсць толькі дружныя і згуртаваныя каманды. Але конкурс ёсць конкурс, і суддзям трэба было выбраць лепшых з лепшых. Месцы размеркаваліся наступным чынам: у агульным заліку трэцяе месца заняў Скідальскі лясгас, другое – Ваўкавыскі, а чэмпіёнамі стала каманда Шчучынскага лясгаса, якая і атрымала ганаровы кубак абласных спаборніцтваў. Астравецкі лясгас – на дзесятым месцы. 
Акрамя таго, былі прызавыя месцы ў кожным відзе спаборніцтваў. Тут пакарыў усіх юніёр са Скідальскага лясгаса Павел Новікаў, які выходзіў па граматы 8 разоў. Арганізатары выказалі ўпэўненасць, што такая моладзь дастойна абароніць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія пройдуць у верасні. Астравецкі лясгас таксама атрымаў некалькі трафеяў. Наша каманда заняла трэцяе месца ў камбінаванай эстафеце, а ў спаборніцтве сярод машыністаў тралёвачных машын машыніст Астравецкага лясгаса Ігар Папко паказаў найвышэйшы клас работы аператара і стаў першым. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі.
Варта адзначыць, што арганізацыя спаборніцтваў у гэтым годзе ляжала на плячах Астравецкага лясгаса, які справіўся з гэтай задачай на “выдатна”, і мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым, насычаным і відовішчным. А ў наступным годзе абласныя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу пройдуць у Слоніме, дзе зноў сустрэнуцца лепшыя лесарубы вобласці і будуць адточваць прафесійныя навыкі, дзяліцца вопытам і здзіўляць публіку сваімі майстэрскімі прыёмамі.
На здымках: моманты спаборніцтваў.


Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.
Вольга ШОЎКУН.