Выпускной в Ворнянской школе искусств



Пасля школьных заняткаў яны беглі ў школу мастацтваў, дзе педагогі прыадчынялі завесу чароўнага музычнага свету. Пасля выканання хатніх заданняў бралі ў рукі домру, гітару, акардэон, адкрывалі крышку піяніна – і ноту за нотай адточвалі сваё майстэрства, прыгадваючы парады і заўвагі настаўніка… А зараз яны ўжо выпускнікі Варнянскай школы мастацтваў! І цяпер хтосьці іншы так жа старанна або, наадварот, неахвотна будзе спасцігаць тонкасці музычнай граматы і шукаць агульную мову з інструментам.

Справаздачны канцэрт, які традыцыйна выпадае на канец навучальнага года, сёлета ізноў сабраў настаўнікаў, выпускнікоў, вучняў і іх бацькоў напрыканцы мая. Прасторную залу Дома культуры ўпрыгожвалі работы вучняў.

З прывітальным словам перад прысутнымі выступіла дырэктар Варнянскай школы мастацтваў Аліна Вікенцьеўна Лянцэвіч. Яна адзначыла, што настаўнікі, як і бацькі, адчуваюць радасць і гонар за сваіх вучняў і выпускнікоў. І пацвярджэннем сказанаму стала ўзнагароджанне дыпломамі вучняў, якія перамаглі або добра зарэкамендавалі сябе на конкурсах. За ўдзел у “Спяваючай вясне” дыпломы і падарункі атрымалі Дзіяна Калпак і яе педагог Агата Станіславаўна Субаткевіч. Памятны дыплом атрымаў і канцэртмайстар Аляксандр Сцяпанавіч Лянцэвіч. А дуэт дамрыстаў у складзе Мікіты Пазлевіча і Максіма Багдановіча быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені за перамогу ў рэгіянальным конкурсе “Звініць струна”.

А пасля на сцэну выйшлі сямёра выпускнікоў за сваёй асноўнай ўзнагародай – пасведчаннем аб заканчэнні школы мастацтваў. Акрамя гэтага, яны атрымалі яшчэ і падарункі, спонсарам якіх выступіла праўленне СВК “Варняны”.

Самыя маленькія вучні павіншавалі сваіх старэйшых сяброў кветкамі і шчырымі пажаданнямі. А Алена Іванаўна Юркойць ад імя ўсіх бацькоў падзякавала педагагічнаму калектыву за тое, што яны змаглі  знайсці ключык да сэрца кожнага з сёлетніх выпускнікоў і развіць закладзены Богам талент.

Шчырыя, пранікнёныя словы ўдзячнасці прагучалі ў гэты дзень у адрас педагогаў. Кожны настаўнік таксама атрымаў памятны медаль. І выпускнікі дзякавалі школе, дзе за гэты час яны перажылі многае – імгненні расчаравання і хвіліны радасці.

А галоўным пацвярджэннем паспяховых намаганняў педагогаў, вучняў і выпускнікоў стаў святочны канцэрт. Простым мелодыям, якія нараджаліся пад нясмелым дотыкам да клавішаў “першакласніка”, прыходзіла на змену ўпэўненая ігра выпускнікоў. Баяністы, піяністы, дамрысты і будучыя артысты цешылі слых і вока сваімі галасамі і ігрой на музычных інструментах: і мова мастацтва ўзбагаціла  ўсіх, хто быў у зале.

Алена ГАНУЛІЧ.


Фота Івана ПЕТРЫКА.