Выпіў – і за руль: супрацоўнікі ДАІ ўзмацнілі нагляд за вадзіцелямі

Пад такой назвай з 19 па 25 жніўня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі праводзяць прафілактычнае мерапрыемства на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, у тым ліку і ў Астравецкім раёне. У гэты перыяд узмоцнены нагляд за вадзіцелямі, асабліва выяўленне такіх, якія знаходзяцца за рулём у стане алкагольнага ап’янення.


З пачатку года ў Астравецкім раёне здзейснена 12 дарожна-транспартных здарэнняў (для параўнання: у 2010 – 10), у якіх 4 асобы загінулі (2010 – 3) і 11 паранены (2010 – 8), 5 здарэнняў здзейснены з удзелам нецвярозых вадзіцеляў. Усяго з пачатку года былі затрыманы 122 вадзіцелі, якія селі за руль нападпітку.
Паважаныя вадзіцелі, не забывайце, што за кіраванне транспартам у стане ап’янення або за перадачу кіравання аўтамабілем такому чалавеку, прадугледжаны штраф у памеры ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў на 3 гады. Паўторнае парушэнне на працягу года караецца штрафам або выпраўленчымі работамі да 2 гадоў, або арыштам да 6 месяцаў з пазбаўленнем права кіравання транспартам на 5 гадоў.
Пасля таго, як тэрмін пазбаўлення правоў пройдзе, вадзіцель павінен прайсці медыцынскі агляд, а таксама здаць тэарэтычны і практычны экзамен у ДАІ. Аналагічнай з’яўляецца працэдура вяртання пасведчання вадзіцелям, якія адмовіліся ад праходжання праверкі на прадмет вызначэння іх стану.
12.08.2011 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №497, якая прадугледжвае скарачэнне дапушчальнага ўзроўню алкаголю ў крыві вадзіцеляў з 0,5 да 0,3 праміле.
Памятайце: перш, чым садзіцца за руль аўтамабіля, выпіўшы нават невялікую колькасць спіртнога, вы рызыкуеце стаць віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння, у якім могуць пацярпець нявінныя людзі.


У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.