Вёска Віктасіна: праваслаўны анклаў у каталіцкім краі
У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» пра Віктасіну – літаральна тры радкі: «Віктасіна – вёска ў Гервяцкім сельсавеце. На 01.01.2004 г. 25 двароў, 45 жыхароў. У складзе СВК «Рымдзюны». Працуе магазін».
Што ж, выходзіць, да 2004 года вёскі не было? Але ж гэта не так!
Ды акрамя пісанай гісторыі ёсць яшчэ і жывая – памяць людская. І я звярнулася да ўраджэнкі Віктасіны, ветэрана сельскай гаспадаркі раёна Таццяны Шкурскай.
– Прыязджайце, раскажу, што памятаю, што мне самой некалі распавядалі старыя людзі, – гасцінна запрасіла Таццяна Мікітаўна.
Адкуль Налівайкі, Лукшы, Вялікія
Расказвае Таццяна Шкурская:
– Казалі, што назва нашай вёскі паходзіць ад імя пані Віктосі, на гэтых землях стаяў яе маёнтак, – расказвае Таццяна Мікітаўна. – Пані жыла ў Польшчы, сюды прыязджала разы два на год – за барышамі. А з маёнткам і землямі ўпраўляліся Вялікія – яны жылі ў пяці невялікіх хатках каля сядзібы і даглядалі панскую гаспадарку. Я дзіцём гуляла на развалінах таго маёнтка, памятаю, што сад быў вялікі.
Не сказаць, што ніва тут надта ўрадлівая, але мясціны прыгожыя – лес побач і рэчка, і палеткі на ўзгорачку. Купілі іх браты Налівайкі, Уладзімір і Антон, якія прыехалі сюды з-пад Вілейкі – там зямлі было не дакупіцца. Перабраліся з сем’ямі і хатнім скарбам. Жылі не сказаць, каб багата, але заможна. Мелі сучасную па тым часе тэхніку: малацілку, сеялку, конную жняярку.
Ва Уладзіміра было трое сыноў – Іван, Іосіф і Імпаліт. У Антона, майго дзеда, нарадзілася васьмёра дзяцей, але адзін малым упаў з печы і забіўся. А даваенныя Пётр, Уладзімір, Казімір, Антаніна, мая маці Соф’я ды Надзея, Віктар і Марыя, якія нарадзіліся пасля таго, як дзед вярнуўся з Першай сусветнай вайны, выжылі і пусцілі ў свет новыя пакаленні. Вось ад іх, першых Налівайкаў, і пайшла вёска Віктасіна. Іх дзеці стварылі свае сем’і, нарадзілі ўнукаў. Пазней сюды прыехалі Лукшы, стрыечныя браты Уладзіміра ды Антона. Вёска разраслася. Неяк палічыла: у лепшыя часы ў Віктасіне жыло 253 чалавекі! У кожнай хаце па 5-7 душ. І амаль усе радня: стрыечныя, траюрадныя, дзядзькі-цёткі, пляменнікі… Усё разам рабілі, дружна: сёння ў аднаго бульбу капаюць ці гной вывозяць, заўтра – у другога.
Калі напачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя на Астравеччыне пачалі ствараць калгасы, не думаю, што нашым дзядам хацелася аддаваць у агульны кацёл заробленае сваім мазалём. Але я ніколі не чула ад іх нейкіх крыўд. Мусіць, яны з беларускай памяркоўнасцю вырашылі: раз трэба – значыць, трэба. І вырашылі не працівіцца новым парадкам. Толькі Іван Вялікі камуністаў і камсамольцаў не любіў. Не тое, каб шкоду якую ім рабіў, але бурчэў на нас, актывістаў. У калгасе не працаваў – сталярнічаў, калі хто ў вёсцы паміраў, труны рабіў – гэта быў яго, як сёння сказалі б, бізнес.
Школа ў нас была пачатковая. Адкрылі яе, здаецца, у 1950 годзе. Настаўніцу сваю першую, Антаніну Ігнатаўну Лукшу, памятаю да гэтага часу. Яна для мяне на ўсё жыццё – узор сапраўднага інтэлігента. Родам з падмаскоўнага Серпухава, сюды прыехала пасля вайны. Муж, віктасінскі хлопец, працаваў у МТС. Калі пажаніліся, прывёз гарадскую жонку ў вёску. У школе было чатыры класы – з усімі Антаніна Ігнатаўна ўпраўлялася. А вечарамі па хатах хадзіла, неадукаванасць ліквідоўвала: вучыла пісаць і чытаць вяскоўцаў. Усе яе паважалі. Такая чысцёха! Зусім просценькія фіраначкі на вокнах – а бялюткія, накрухмаленыя, бы толькі з крамы. Бялізну кіпяціла, дык у вёсцы смяяліся: здурнела баба – прасціны варыць!
Працавалі ў асноўным у паляводстве. Першая ферма была невялікая. Пазней, як Арцыменя ў раён прыехаў і «рэвалюцыю» тут зрабіў, у Віктасіне пабудавалі ферму на 300 галоў: 200 кароў і 100 цялушак і быкоў. Але ўсё ўручную рабілі – і на ферме, і ў полі. Як успомню: мы з сястрой дзецьмі, па 10-13 гадоў нам было, па 70 сотак лёну рвалі. І жалі сярпом, і буракі палолі ды капалі, і бульбу.
Людзі ў Віктасіне спакон веку – трудзягі! Днём у полі ці на ферме, а як хвілінка вольная, то ў лес. Грыбы, ягады збіралі, прадавалі потым – якія там заробкі на першым часе былі ў калгасах.
«З Віктасіны – анікуды!»
Аляксандр:
– Мой дзед Антон быў адным з першых Налівайкаў, якія заснавалі Віктасіну. Мы ў хаце жылі, якую ён пабудаваў яшчэ да вайны. Вялікая, столь пад тры метры. На продаж будаваў, а тут вайна… Засталася сыну. Я, калі ажаніўся, з маці ў гэтай хаце жыць стаў. Яна слабая здароўем была, не было як адну пакідаць. Пасля школы ў Вільню паехаў на токара вучыцца. Вывучыўся, трохі ў Смаргоні папрацаваў, а затым, ажаніўшыся, вярнуўся ў Віктасіну. Пайшоў у калгас, токарам рабіў, шафёрам… Сорак тры гады працоўнага стажу маю, пасведчанне заслужанага калгасніка.
Крысціна:
– У мяне стажу трохі меней – 38 гадоў.
Я з Валэйкавічаў Смаргонскага раёна, у Віктасіну замуж прыйшла ў 1977 годзе. Са свякроўкай 23 гады разам пражылі.
Я бухгалтар па адукацыі. Працавала, дзе работа знаходзілася. Перш – у калгасным падсобным цэху на «шпульках». Максіму 5 месяцаў было, а я ўжо рабіла, Саша мне дахаты сыравіну прывозіў. Свякроў у магазіне працавала. У 1991 годзе яна пайшла на пенсію, а я – на яе месца.
Сашу прапанавалі пайсці доярам на ферму. Ён-то пабойваўся, але я падтрымала. Мая мама ўсё жыццё даяркай працавала. Я ёй дапамагала, дык ведала, што да чаго. Так і працавалі на ферме ўдваіх, хоць ён адзін лічыўся. Дванаццаць гадоў дзень у дзень… А што ж – там плацілі добра. А нам грошы патрэбны былі, асабліва калі пагарэлі…
Аляксандр:
– У 2002 годзе пажар здарыўся, якраз на ўсяночную перад Вялікаднём. Вярнуліся з фермы, схадзілі ў лазню, памыліся і заснулі… Добра яшчэ, што дачка з сяброўкамі не спалі, чай пілі на кухні і ўбачылі, што гарыць суседская хата. Пабудзілі нас – выскачылі ў чым былі.
Крысціна:
– Саша крычыць: мы яшчэ не гарым – але будзем! Хаты ж побач… Я хацела каня, што быў навязаны ў суседскім хляве, уратаваць. Яго не вызваліла, не змагла ланцуг адамкнуць, а сабе ногі па самыя калені апякла. Месяц потым у бальніцы ляжала, і дома колькі часу яшчэ лячылася…
Аляксандр:
– У нас тады ўсё згарэла… Ні абуцца, ні апрануцца, ні жывёлы, ні харчоў – анічога не засталося! Але дзякуй добрым людзям – не пакінулі ў бядзе. Не толькі ў нашай вёсцы – і ў суседніх грошы збіралі. Максіму са школы дапамаглі, ён тады дзявяты клас заканчваў, не было ў чым і на выпускны ісці.
Крысціна:
– Раілі нам тады пераехаць куды бліжэй да Астраўца. Нават калгасны дом у Філіпанах прапаноўвалі. Але Саша ўпёрся: нікуды з Віктасіны не паеду! Купілі гэтую хату непадалёк ад свайго папялішча…
Толькі абжыліся, а тут новая бяда: Максім... Мы так ганарыліся сынам, радаваліся, што ён пасля вясковай школы без усялякай дапамогі, без рэпетытараў паступіў у БДУІР на бюджэт! Вучыўся добра. І на табе: на нашай дарозе, каля Петрыкаў, дзе машыны гады ў рады ходзяць, трапіў у аварыю. Застаўся інвалідам. Мусіла я пакінуць работу.
Аляксандр:
– Тады нікуды не паехалі, а цяпер і тым больш няма як: на новым месцы зноў абжывацца, будаваць, рамантаваць нешта трэба, а здароўя ўжо няма. У мяне каленныя суставы казённыя, у сцягне спіца стаіць… Дый жонка тая яшчэ здаравуха.
Але паціху варушымся, без справы не сядзім. Мотаблок маю з усім прычапным абсталяваннем, то і пасеяць, і ўбраць, і праехаць куды далей можна – я ўжо не хадок на далёкія адлегласці. Дзве каровы трымаем, коз, дарослых і малых, мо, штук дваццаць. Работы хапае.
Вось каб яшчэ як кацёл на ацяпленне ад электрычнасці зрабіць, то і бяды не мелі б. Бо з дрывамі цяжка ўжо ўпраўляцца: папілаваць іх, пасекчы...
З Богам
Уладзімір і Антон Налівайкі, што заснавалі Віктасіну, былі праваслаўнымі. І сыны іх потым жонак-адзінаверак пабралі. Так і атрымалася, што ў каталіцкім асяродку ўзнікла праваслаўная вёска. Хоць пазней і католікі тут з’явіліся, і змешаныя сем’і.
– Я не мясцовая, сюды замуж прыйшла, – расказвае Крысціна Налівайка. – Сама каталічка, а муж праваслаўны. – Але ж куды іголка, туды і нітка. Цяпер і святы праваслаўныя адзначаю, і спавядаюся, прычашчаюся ў бацюшкі. Бог адзін, і ён наказваў нам любіць адно аднаго, а не сварыцца.
Царквы ў вёсцы не было, ды і ў Астравецкім раёне таксама, то віктасінскія вернікі напачатку ездзілі ў Смаргонь у Спаса-Прэабражэнскі храм – Таццяна Шкурская ўспамінае, якія там былі вялікія і прыгожыя фэсты ў прастольнае свята. А калі царкву ў Смаргоні зачынілі, па ўсякай духоўнай патрэбе выбіраліся ў Святляны.
Веру бацькоў віктасінцы бераглі, захоўвалі традыцыі.
Калі ў Астраўцы з’явілася праваслаўная абшчына і прыехаў айцец Павел Варановіч, ён адразу ўзяў пад крыло віктасінскіх вернікаў: прыязджаў у вёску асвячаць жытло пасля Ражаства, яйкі і кулічы перад Вялікаднём, могілкі на Радуніцу, спавядаў, прычашчаў і праводзіў у апошні шлях мясцовых жыхароў.
Цяпер гэта робіць айцец Георгій, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла. Ён ведае клопаты і турботы кожнага са сваіх віктасінскіх прыхаджан. «Наш бацюшка» – паважліва называюць яго ў вёсцы.
Жыхары Віктасіны дапамагалі ўзводзіць астравецкую царкву: на яе будаўніцтве працавалі Іван Лукша, Анатоль Налівайка, Антон Бохан і іншыя. І цяпер вяскоўцы па праве лічаць гэты храм сваім, родным.
Алена Авілкіна:
«Наша ферма на ўвесь раён грымела!»
– Я з Віктасіны родам, але была выехаўшы. Скончыла Смальянскі зааветэрынарны тэхнікум на Віцебшчыне, працавала ў Магілёўскай вобласці ў Клічаве. А ў 1979 годзе мы з мужам Алегам Іванавічам прыехалі сюды, да маіх бацькоў. Яго прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады, мяне – загадчыкам фермы. Жылі спачатку з бацькамі, потым сваю хату пабудавалі.
О, Віктасіна тады, у 80-х, грымела! Жыццё тут віравала. Амаль усе калгасныя вадзіцелі адсюль былі. Ферма наша заўсёды была лепшай у калгасе «Рассвет», ды і ў раёне мы ў перадавіках хадзілі. У 1983-м мяне залатым медалём ВДНГ узнагародзілі, а потым яшчэ і ордэн «Знак Пашаны» далі. На нашай ферме восем даярак працавалі ды яшчэ даглядчыкі. Заробкі добрыя, то ішлі людзі.
Хоць цяжка было, што там казаць. Даілі ў вёдры. Флягі з малаком паспрабуй пацягай. І падкормку каровам даяркі самі касілі. Калі яна сама карову накорміць, тады і малако будзе. А даглядчыку які інтарэс? Ён жа не ад прадукцыі зарплату атрымлівае…
Працавалі, стараліся… Скажу, як было: грошай хацелі. Сябе не шкадавалі. Думалі: дзецям дапаможам, каб ім трохі лягчэй было...
Я ўжо была на пенсіі і яшчэ 3 гады і 8 месяцаў рабіла, пакуль у 2012 годзе нашу ферму не закрылі. Ды і рабіць ужо не было каму, адны пенсіянеры ў вёсцы засталіся. Сёння і не верыцца, што некалі так вясёла ў нас было. Цяпер суцэльны дэпрэсняк. Загаварыць няма з кім: 13 жыхароў засталося ды 6 хат. Калі аўталаўка прыедзе ці пенсію прывязуць – падзея! Муж 10 гадоў хварэе, ляжыць. Мучаемся: ён – ад болю, я – ад яго крыку.
Дажываем – і вёска, і мы…
Ірына Налівайка:
«Жыць цяпер добра. Толькі сумна…»
– Я не тутэйшая, з Завельцаў сюды замуж прыйшла. З 1982 года кароў даіла і да закрыцця фермы, да апошняга дня. Першая дойка ў 5 гадзін раніцы пачыналася. Потым жывёлу гналі на пашу. У 12 – другая дойка, трэцяя – у 7 вечара. Цяжка? Ну вядома ж, нялёгка...
Мяне яшчэ папрасілі пошту панасіць, дык яшчэ гадоў з дзесяць паштальёнам працавала. Прыбягу з фермы – і ляту праз рэчку ў Гіры. Там пошту забяру, разнясу па Петрыках, Керплашыне, Віктасіне. А газет ды часопісаў выпісвалі ж не столькі, як цяпер, сумка цяжкая. Спраўлюся – і зноў на ферму. І сваю гаспадарку трэба дагледзець.
Не, жыць цяпер добра. Толькі сумна. Муж памёр 6 гадоў таму, то не знаходжу сабе месца. То да адной суседкі схаджу, то да другой… Сацыяльным работнікам аформілася, даглядаю дзядулю з Петрыкаў. Яму 89 гадоў, але крэпкі яшчэ, малайчына. Я ж яшчэ не старая – 61 год. Сяду на ровар – і ў Петрыкі. Трэба, дык і да Рымдзюнаў дакручу – такая бяда! Абы ў хаце не сядзець…
Галіна Налівайка:
«Людзі ў нас харошыя: і мірымыя, і дзялімыя»
– Я на ферме ўсё жыццё, з яе першага і да апошняга дня. Яе толькі пабудавалі, падышоў да мяне загадчык Уладзімір Іватовіч: «Галіна, ці пойдзеш на ферму?» «З мілай ахвотай пайду», – адказваю. А што ж? Адукацыі не мела, не было каму і за што вучыць. А тут грошы плацяць!
Тады кароў стала даіць. Перш уручную даілі, гадоў сем. Група вялікая – 18 галоў. А яшчэ ж і падкормку касілі, і буракі рвалі, і гной чысцілі, і падмяталі, каб чысценька ўсё было. Работы было – вам не расказаць!
Потым зрабілі рэканструкцыю, сталі даіць апаратамі, але ў вёдры. У групе па 30, па 35 кароў было. За дзень, бывала, 10-12 бітонаў надоіш. А потым усё ў малачарню зацягнуць, падняць, выліць у халадзільнік… Так цяжка – не перадаць словамі. Людзей не хапала. Не вельмі хацелі ісці на ферму, бо ні суботы, ні нядзелі, ні выхадных, ні прахадных.
Муж, Уладзімір Налівайка, рабіў тут жа аператарам: уключаў і выключаў дойку, гнаў навоз. А яго шмат было! Зімой як замерзне, то прыязджалі сын, зяць, суседзі дапамагалі лёд рассячы. І мне дапамагаў: то малако паднясе, то гной падграбе.
У хаце свякроўка, 43 гады мы разам пражылі. Дзяцей дапамагала гадаваць. Есці зробіць, пакуль мы на ферме. А яшчэ ж гаспадарка: дзве каровы, кабаны, цялё, куры – і ўсё дагледзець трэба.
Але ў нашай вёсцы ўсе рабацяшчыя. Братавая мая, Ядвіга Стурліс, ну такая ўжо спрытная! На ферме працавала, дзяцей гадавала, трымала кароў, кабаноў, у хаце чысціня. І ўсё адна. Цяпер яна да дачкі ў Дайлідкі выехала…
Харошыя ў нашай вёсцы людзі: і мірымыя, і дзялімыя. Дружныя. Няма таго, каб нехта напіўся, украў што ці пабіўся, – усё ў нас па-людску. З Богам.
Я пра сябе скажу. Мяне толькі Бог і трымае на гэтым свеце. Я ў 25 гадоў менінгітам перахварэла, на тым свеце, лічы, была. Вярнулася з бальніцы, братавая кажа: «Няможна табе, Галіна, больш на ферме працаваць, цяжка вельмі». Ну чаму ж няможна, калі я сілу маю і ахвоту? І флягі цягала, і воркі… А потым інсульт здарыўся – і зноў мяне Бог уратаваў. А аднойчы карова сарвалася, паваліла мяне – каб стала капытом, то і канец быў бы, а яна пераступіла і далей пабегла. Што гэта, як не Божы цуд?
Цяпер во адна засталася. Нядаўна памёр. Нядоўга ляжаў, мо, з тыдзень. Пытаюся: «Валодзя, раскажы, як мне жыць без цябе?» А ён кажа: «Цярпі, пакуль можаш. Жыццё – яно такое, яго не перайначыш…»
