Выбух як прафілактыка
Вясна с кожным днём набірае моц, але на некаторых рэках нашага раёна яшчэ трымаецца лёд. Менавіта з мэтай прафілактыкі затораў на рэках падчас вясенняга раставання льдоў праводзяцца выбуховыя работы па ачыстцы рэчышчаў рэк.
Нядаўна такая аперацыя была праведзена асабовым саставам выбухова-тэхнічнай службы РАСП пад кіраўніцтвам старшага інжынера маёра ўнутранай службы Д.У. Каешка на рацэ Ашмянка непадалёк ад Вялікіх Яцын. Тут штогод вясной утвараюцца заторы на рацэ, падчас якіх стыхія правярае моц моста ў вёсцы, а жыхары суседніх населеных пунктаў церпяць ад разліваў ракі.
Супрацоўнікамі атрада па надзвычайных сітуацыях былі зроблены 4 выбухі, на якія яны патрацілі 150 кілаграмаў трацілу і 110 дэтанатараў. Было расчышчана 11 тысяч квадратных метраў ледзянога покрыва ракі Ашмянка. У некаторых месцах таўшчыня лёду складала 30-40 сантыметраў.
Эдуард МАЛЫШКА, інспектар групы прапаганды і навучання.