Вялізны гарбуз вагой 300 кг вырасціў Дзмітрый Івашэнка


Фота з архіва Д. Івашэнкі.

А вы ведаеце, што ў гіганцкіх гарбузоў ёсць свае ўласныя імёны? Вось гэты, што разлёгся на адным з панадворкаў па вуліцы Камсамольскай у Астраўцы, завуць Тэкляй. Кожны, хто праходзіў-праязджаў па гэтай вуліцы, не мог не падзівіцца прыгажуняй Тэкляй. Калі ў рэдакцыю даслалі некалькі фотаздымкаў гэтага цуду прыроды, мы вырашылі пабачыць яго на ўласныя вочы, а заадно і пазнаёміцца з гаспадаром, які вырасціў такога велікана.

Гаспадаром аказаўся Дзмітрый Іва­шэнка, пра якога некалі расказвала «Астравецкая праўда» як пра майстра па вырабе драўляных цацак. Цяпер цацкі адышлі на другі план, а Дзмітрый, купіўшы невялікую хатку на вуліцы Камсамольскай, усур’ёз заняўся садаводствам і агародніцтвам. Да гэтай справы, як і да ўсяго, за што бярэцца, мужчына аднёсся сур’ёзна, з навуковым падыходам. І вынік не прымусіў сябе чакаць. Як вам, да прыкладу, мінулагодні 95-кілаграмовы ўраджай яблыкаў з аднаго дрэўца?

– На нашу сям’ю з трыма дзецьмі на зіму, вядома, не хопіць – але і яблынька ў нашым садзе не адна, – гаворыць Дзмітрый.

А сёлета мужчына вырашыў вы­расціць вялізны гарбуз. Купіў у калег-агароднікаў з Брэстчыны, якія займаюцца вырошчваннем гіганц­кіх гарбузоў, тры семачкі – па 20 рублёў адна, між іншым! Было за што плаціць: іх «маці» летась заважыла 480 кілаграмаў.

Вясной праклюнуліся ўсе дзеткі. Але волат на градцы можа быць толькі адзін! Адзін парастак гаспадар аддаў знаёмым, другі, слабейшы, выдаліў. Выдзеліў падыходзячы ўчастак: колішні газон, дзе ляжала куча гною, цудоўна падышоў. Для прасторы і харчавання гіганцкаму гарбузу трэба прыкладна сотка зямлі, каб было дзе вольна раскінуць свае доўгія плеці. 

З мноства завязі, што бесперапынна ўтваралася, гаспадар пакінуў адзін гарбузік, які падаўся яму самым перспектыўным, усе астатнія бязлітасна выдаляў. І стаў расціць велікана, клапатліва падкормліваючы, у спёку прыкрываючы ад сонца, паліваючы... 

І вось яно, дзіва-дзіўнае, ва ўсёй красе!

Дзмітрый прызнаецца, што спадзя­ваўся на рэкорд, хоць і разумеў, што з першага разу наўрад ці атрымаецца.

– Насенне павінна быць раяніра­ваным, – тлумачыць гаспадар. – Гэта значыць, што кожная семачка павінна выспець на гэтай зямлі, несці ў сабе генетычную памяць свайго агарода,  – тады можна спадзявацца, што яна аддасць увесь свой патэнцыял. Ну яшчэ некалькі памылак у працэсе вырошчвання дапусціў – цяпер ведаю, якія, і ў наступным годзе пастараюся не паўтарыць.

Сёння Тэкля важыць прык­ладна 280-300 кілаграмаў – пра гэта сведчаць замеры, з дапамогай якіх па спецыяль­най схеме вылічваецца вага гарбуза. А «талія» ў жаўта­бокай прыгажуні – 385 сан­тыметраў (зайздросцьце, дзюймовачкі!)

– Гэта, вядома, не рэкорд, – гаворыць Дзмітрый. – У Беларусі самы вялікі гарбуз заважыў 485 кілаграмаў, у Расіі – 725. 

Калі ўлічыць, што расійскі велікан вырас у Падмаскоўі, а гэта куды далей на поўнач, то ў нас ёсць патэнцыял. А рэкордным сёлета стаў гарбуз, вырашчаны ў Велікабрытаніі, – 1 200 кілаграмаў. Так што нам ёсць да чаго імкнуцца.

І Дзмітрый Івашэнка імкнецца! Калі не да сусветнага рэкорду, то хоць бы да ўсебеларускага: стасуецца з калегамі, чы­тае спецыяльную літаратуру, шукае пат­рэб­ную інфармацыю ў інтэрнэце. І сам шчодра ёй дзеліцца: яго блог у «Інстаграм» набраў ужо 20,5 тысячы падпісчыкаў.

Нацыянальныя і сусветныя рэкорды ў Дзмітрыя, думаецца, яшчэ напера­дзе. А астравецкі ён ужо паставіў: не да­водзілася чуць, каб нехта ў нашым раёне вырасціў падобную Тэклю.


Фота з архіва Д. Івашэнкі.



Текст: Нина Рыбик