Вялікая Перамога ў асобах: Іосіф Гудойць

Іосіф Вайцехавіч ГУДОЙЦЬ нарадзіўся на Астравеччыне. 

На вайну прызваны пасля вызвалення Беларусі: у 1944 годзе. Быў сувязістам у пяхоце.

“<…>. Сувязісты ўжо амаль заканчвалі сваю аперацыю, як грымнулі адзін за адным выбухі, – немцы іх заўважылі і пачалі абстрэл. Іосіф Вайцехавіч бачыў, як упаў, нібы падкошаны, таварыш збоку, яшчэ адзін ззаду, яшчэ і… востры боль нібы гарачым жалезам апёк правую нагу. Ён тут жа страціў прытомнасць.

Апрытомнеў ужо ў шпіталі. Нага па-ранейшаму балела, хоць, як аказалася, амаль да калена яе ўжо не было. <…>”. (З артыкула Г.Францкевіч, “Астравецкая праўда”, №35, 1995г.)

У лютым 1945 года атрымаў цяжкае раненне правай нагі – застаўся інвалідам. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі пад Варшавай.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”.

Жыў у в. Сакалойці Астравецкага раёна. Працаваў рахункаводам-касірам, старшынёй сельсавета, намеснікам старшыні калгаса, загадчыкам вытворчага ўчастка, адказным за тэхніку бяспекі.