Вучні ваенна-патрыятычнага класа Гудагайскай СШ пабывалі ў Інстытуце пагранічнай службы
Кадэты ваенна-патрыятычнага класа цесна супрацоўнічаюць з пагранічнай камендатурай «Гудагай» і таму з задавальненнем наведалі навучальную ўстанову, у якой рыхтуюць ахоўнікаў Дзяржаўнай мяжы.
Для гасцей была прадугледжана насычаная і цікавая праграма. Школьнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу, кабінетамі, жыццём, бытам і вольным часам курсантаў-пагранічнікаў. Кінолагі і асабісты склад роты ганаровай варты прадэманстравалі прафесійнае майстэрства.
А макет Дзяржаўнай мяжы дазволіў атрымаць уяўленне аб некаторых сітуацыях, з якімі можа сутыкнуцца вайсковец. Найбольшае ўражанне пакінула выстава сучасных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, якая сведчыць аб тым, што межы краіны надзейна абараняюцца.
Паездка для школьнікаў – не першая. Хочацца спадзявацца, што сярод сённяшніх вучняў ваенна-патрыятычнага класа хтосьці стане курсантам-пагранічнікам. А мэтанакіраваная работа ў гэтым накірунку інжынера пагранкамендатуры «Гудагай» Аляксандра Бугая, упэўнена, таксама дасць станоўчы вынік. Тым больш, што нядаўна класны кабінет папоўніўся новымі тэматычнымі стэндамі, якія з’явіліся дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва пагранкамендатуры.

Юлія БАБОЙЦЬ, класны кіраўнік ваенна-патрыятычнага класа Гудагайскай СШ.
