Вучні пачатковых класаў СШ №1 наведалі рэдакцыю
Расповед пра гэта нагадваў казку пра лёгкі хлеб: спачатку журналістам трэба сабраць інфармацыю, напісаць артыкул («Ад рукі?» – здзіўлена перапытала адна дзяўчынка), затым размясціць на газетнай старонцы матэрыялы, фотаздымкі, загалоўкі, каб усё ўлезла і было прыгожа. Выправіць усе памылкі, што нахабна лезуць у тэксты, адправіць па электроннай пошце прататып будучай газеты ў друкарню… І толькі пасля таго, як у Мінску аддрукуюць больш за тры з паловай тысячы экзэмпляраў, прывязуць іх на астравецкую пошту, паштальёны разнясуць па дамах і кватэрах, можна «хлеб есці» – чытаць свежы выпуск.
Доўга, цяжка? Так, вядома… Але ў некаторых загарэліся вочкі – і мару стаць праграмістам ці мастаком яны, не выходзячы з кабінета галоўнага рэдактара, тут жа змянілі на жаданне стаць журналістам. Асабліва калі патрымалі ў руках нашу важкую ва ўсіх сэнсах гэтага слова ўзнагароду – «Залатую Літару».
Многія з дзяцей ужо ведаюць «Астравецкую праўду»: яе выпісваюць бацькі, бабулі і дзядулі. А некаторыя, як, да прыкладу, Коля Харытончык, і самі траплялі на яе старонкі. У іншых героямі газетных публікацый былі бацькі ці знаёмыя – пра гэта расказаў нам сын баскетбаліста Паўла Саўкойця. Хлопчык, дарэчы, цудоўны знаўца геаграфіі: па назвах гарадоў, адкуль прыляцелі совы ў рэдакцыйную калекцыю, назваў амаль усе краіны. Гэтая калекцыя, да слова, выклікала найбольшы інтарэс у дзяцей. Сярод іх таксама аказалася нямала калекцыянераў: нехта збірае бонсцікі, нехта – каменьчыкі ці ракавінкі. Хоць большасць прызналіся, што цікавей за ўсё збіраць грошы.
Амаль усе школьнікі ўзялі на памяць аб наведванні рэдакцыі ранейшыя выпускі газет, каб і бацькоў, якія пакуль не чытаюць раённую газету, пазнаёміць з «Астравецкай праўдай».
Думаецца, падпісчыкаў у нас пасля экскурсіі пабольшае.
Фота аўтара і Алены ЯРАШЭВІЧ.
