Главная→Новости→Новости→Вучні нядзельнай школы ў Варнянах славілі Хрыста і атрымлівалі падарункі
Вучні нядзельнай школы ў Варнянах славілі Хрыста і атрымлівалі падарункі
Заняткі ў нядзельнай школе праваслаўнага храма свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў аграгарадку Варняны 5 гадоў вядзе прыхаджанка, ветэран педагагічнай працы Людміла Кухарэвіч. І дзеці тут вучацца не толькі асновам праваслаўнага веравызнання, але і развіваюць свае шматлікія таленты.
У свята Ражаства Хрыстова пасля святочнай літургіі была магчымасць іх прадэманстраваць. Папярэдне паспавядаўшыся і прычасціўшыся, сястрычкі Варвара, Лізавета і Дар’я Тальчукі, Алеся-Сафія і Ксенія Бернюкевічы, Мірон Франк, Ульяна Келіна з чыстай душой пранікнёна чыталі вершы і спявалі калядкі, славілі нараджэнне Немаўляткі Хрыста ў калядным трапары, а Назарый Келін яшчэ і акампаніраваў на гітары. Вернікі, слухаючы дзіцячыя песнапенні і шчырыя пажаданні дабра, былі расчулены да слёз.
А пасля кожны з юных хрыстаславаў атрымаў падарункі ад настаяцеля храма айца Мікалая разам са словамі падзякі.