Вучаніца Варнянскай СШ Марыя Кучэўская стала прызёрам рэспубліканскага фотаконкурсу

 Адзінаццацікласніца Варнянскай СШ Марыя Кучэўская ўвайшла ў лік пераможцаў навукова-творчага конкурсу фотаздымкаў “Краявіды Беларусі”, арганізаванага кафедрай геаграфічнай экалогіі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ сумесна з Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Рабоце школьніцы “Восень у Кушлянах” журы прысудзіла Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Культурныя ландшафты”.

У фотаконкурсе ўдзельнічала звыш 170-ці чалавек з 15-ці гарадоў і вёсак Беларусі – не толькі школьнікі, але і студэнты. Здымак Марыі падкупіў журы каларытным пейзажам, у якім восень адчуваецца з першага погляду.


– Пра конкурс даведалася выпадкова. Адправіла некалькі работ, але ацанілі “Восень у Кушлянах” Прызнаюся, фотапейзаж падабаецца мне самой: неабсяжны лес, які перацякае ў неба, каменная стайня і конь ля яе… Гэты здымак зрабіла некалькі гадоў назад па дарозе ў сядзібу-музей Францішка Багушэвіча, – расказала пераможца. – Фатаграфіяй захапілася дзякуючы маме, якая не выпускае камеру з рук. Таму ў маёй перамозе ёсць і яе заслуга .

Віншуем нашу таленавітую зямлячку з заслужанай перамогай!




Фота з архіва Марыі Кучэўскай.

Текст: Алёна Ганулич