Встреча трёх поколений в Островецком РОВД


Прысяга маладых супрацоўнікаў, віншаванні іх вопытных папярэднікаў, уручэнне чарговых спецыяльных званняў і ўзнагарод – у раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшла ўрачыстасць да Дня ўшанавання ветэранаў міліцыі і ўнутраных войск МУС.

У актавай зале сабраліся прадстаўнікі не двух, а нават трох пакаленняў: моладзь, якая толькі робіць першыя крокі ў прафесіі, іх калегі, якія адслужылі не адзін год, і сапраўдныя аксакалы органаў унутраных спраў, якія цяпер носяць пачэснае званне ветэранаў міліцыі.

Мерапрыемства пачалося з урачыстага моманту. Двое маладых міліцыянераў Вадзім Гіруць і Арцём Вайцяховіч прысягнулі на вернасць Беларусі і яе народу, усхвалявана абяцаючы: “Клянуся свята выконваць Канстытуцыю і законы нашай краіны, добрасумленна выконваць загады начальніка і ўскладзеныя на мяне абавязкі. Клянуся быць сумленным, мужным, пільным пры выкананні службовых абавязкаў…”

Начальнік Астравецкага РАУС Андрэй Ярохін уручыў двум супрацоўнікам чарговыя спецыяльныя званні: маёра міліцыі – Ігару Чаховічу, капітана міліцыі – Ягору Хмельніку. А Уладзімір Васілевіч за высокія паказчыкі ў аператыўна-дзяжурнай службе атрымаў грамату ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама.

Не абышлося і без узнагарод тых, у гонар каго ладзілі ўрачыстасць. Рашэннем рэспубліканскага савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў упершыню ў гісторыі астравецкага райаддзела міліцыі нагрудным знакам “За заслугі” і пасведчаннем “Ганаровы ветэран” органаў унутраных спраў адзначаны Сяргей Шэін. У дадатак ён атрымаў грашовую прэмію ад УУС аблвыканкама. За садзейнічанне ў ахове грамадскага парадку і выхаванні падрастаючага пакалення грашовыя прэміі ад Астравецкага РАУС атрымалі Часлаў Балтрукевіч, Мікалай Макей, Сяргей Савіцкі, Вячаслаў Яроміч, Леанарда Стэх.



Не застаўся ў баку і раённы савет ветэранаў: яго старшыня Ірына Шляхтун уручыла начальніку РАУС Падзячны ліст.

І, вядома ж, у адрас ветэранаў міліцыі гучала шмат віншаванняў і пажаданняў.

З выступленняў

Андрэй Ярохін, начальнік РАУС:

– Калісьці 10 лістапада адзначалі Дзень савецкай міліцыі, якая выхавала слаўныя традыцыі ўжо ў беларускай міліцыі. Шаноўныя ветэраны, вы аддалі службе шмат гадоў і добрасумлена стаялі на ахове Радзімы – нізкі паклон вам за гэта. Вы заўсёды з’яўляецеся прыкладам для моладзі, бо ў вас ёсць чаму павучыцца. І я буду ўдзячны, калі вы будзеце дзяліцца з імі каштоўным вопытам і жыццёвай мудрасцю.


Сяргей Шэін, старшыня савета ветэранаў РАУС:



– Узнагароды атрымліваць, канешне, прыемна. І званне ганаровага ветэрана міліцыі шмат да чаго абавязвае. Аднак усё гэта не проста так: мы працуем і стараемся вырашаць тыя задачы, якія можам і павінны выканаць. Кажучы “мы”, падкрэсліваю, што гэта ўзнагарода не толькі мая, а ўсіх актывістаў савета ветэранаў – адзін у полі не воін... (Дарэчы, Сяргей Віктаравіч перавыбраны на 2 гады старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі РАУС. - Заўв. аўт.)

Уражанні

Вадзім Гіруць, вадзіцель – супрацоўнік групы тылавога забеспячэння:

– З дзяцінства хацеў служыць у органах унутраных спраў і дапамагаць людзям. Нават тэрміновую службу праходзіў ва ўнутраных войсках і застаўся там па кантракце. Пасля зразумеў, што хочацца быць бліжэй да родных, але працаваць у той жа сферы. У выніку трапіў у Астравецкі РАУС. Падчас прысягі хваляваўся і ганарыўся адначасова, што гэты рытуал адбываецца ў прысутнасці ветэранаў міліцыі, за плячыма якіх дзесяцігоддзі службы і барацьбы са злачыннасцю. Буду старацца служыць, як яны: старанна і з годнасцю, каб не было сорамна перад папярэднікамі. 







Текст:
Фото: Марина Мацкевич