Вручили повестки и пожелали хорошей службы на дне призывника


Добрыя пажаданні, карысныя парады будучым абаронцам Айчыны і ўрачыстае ўручэнне ім павестак для праходжання ваеннай службы – у Астраўцы прайшоў дзень прызыўніка.

З 24 кастрычніка пачынаюцца адпраўкі навабранцаў ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Рэспублікі Беларусь. Плануецца, што гэтыя шэрагі папоўніць 60 жыхароў Астравеччыны.

Для іх і была зладжана ўрачыстасць, каб падбадзёрыць і настроіць на годную службу. Цікавым нумарам з дэманстрацыяй некаторых прыёмаў баявой падрыхтоўкі парадавалі выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства” з СШ №3. А пасля да хлопцаў, для якіх хутка пачнуцца армейскія будні, звярнуўся ваенны камісар раёна Дзмітрый Багуслаўскі:



– Спачатку давядзецца няпроста: вы будзеце вывучаць баявую, праходзіць страявую і фізічную падрыхтоўкі. Але я ўпэўнены, што з усімі цяжкасцямі справіцеся. Памятайце, што вы будзеце ахоўваць межы і народ нашай краіны. Годна выканайце гэты святы абавязак, а дома вас, памужнелых і больш дарослых, будуць чакаць родныя і сябры. Добрай усім службы на карысць Беларусі!

Пасля гэтага ваенны камісар уручыў прызыўнікам павесткі, а першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава – памятныя сувеніры.



– Гэтыя блакноты і ручкі сімвалічныя: у бліжэйшыя 1,5 года вы зможаце пісаць новую гісторыю свайго жыцця, – адзначыла маладзёжны лідар. – Жадаю, каб яна была насычана толькі цікавымі, станоўчымі момантамі і там было месца для творчасці і самарэалізацыі. Годна выконваючы армейскія абавязкі, вы аддзячыце дзяржаве за шэраг магчымасцей, што яна прадстаўляе: вучыцца, працаваць, жыць пад мірным небам.

А затым для прызыўнікоў гучалі творчыя нумары ў выкананні вучняў і настаўнікаў СШ №3. 







Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич