Воспитанники социального приюта поздравили с профессиональным праздником работников совхоза "Ворняны"
Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку павіншавалі пастаяннага спонсара – СВК “Варняны” і яго кіраўніцтва з прафесійным святам і запрасілі да сябе ў госці.Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў штогод аказвае дапамогу агароднінай Варнянскаму прытулку. У гэтым годзе дзеці, якія часова страцілі апеку бацькоў, разам з выхавальнікамі вырашылі аддзячыць сваім дабрадзеям самадзейным канцэртам.
Пераўвасобіўшыся ў капусту, агурок, цыбулю, гарох і іншыя смакоцці з агароду, хлопчыкі і дзяўчынкі шчыра чыталі вершы. А сцэнка пра цану хлеба ў выкананні маленькіх акцёраў яшчэ раз напомніла ўсім прысутным пра спрадвечную ісціну, што хлеб – усяму галава. У канцы святочнай праграмы выхаванцы прытулку падарылі гасцям сувеніры ў выглядзе сэрца, якія разам з выхавальнікамі рабілі сваімі рукамі ў вольны час.
На свяце прысутнічала намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Варняны” Вікторыя Віктараўна Дэмбоўская, якая выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву і выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку. А таленавітая “дзясятка” хлопчыкаў і дзяўчынак, якая сумленна рыхтавалася да свята, атрымала ўзнагароду – смачныя ласункі.
---------------------------------------------------------
Эдзіта МАСЕЙКА, педагог-псіхолаг ДСП.
Фота з сайта intour.pp.ua.
