Восеньскі кірмаш прайшоў у Астраўцы
Некалі пра астравецкі край хадзіла жартаўлівая, але красамоўная прыказка: “Вады – хоць заліся, камянёў – хоць забіся, хлеба прыкупі – дый жыві”. Сёння яна ўжо страціла сваю актуальнасць і, пабываўшы на традыцыйным восеньскім кірмашы, яе можна перафразіраваць па-іншаму: збожжа – хоць засыпся, бульбы – хоць забіся, песню заспявай – дый жыві!
А калі каму што-кольвечы яшчэ трэба было падкупіць для поўнага шчасця, то на кірмашы тавару было – на любы густ і патрэбу: свежая рыба, у тым ліку і “шчупак на дзве кілі”, птушынае… ну, пакуль што не малако, але мяса ад фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” – оптам і ў розніцу. Саджанцы пладовых дрэў – ад фермера Лабачэўскага і дэкаратыўных насаджэнняў – ад лясгаса. А таксама – крамяная капустачка, свежае мяса – толькі ўчора рохкала ці рыкала.
Апетытная тушонка, пульхная мука: хочаш – мех, а хочаш – пакецік. Прадпрымальнікі прапаноўвалі прыгожыя валёнкі і цёплыя шкарпэткі – з улікам хуткіх халадоў, а таксама – карціны адыходзячага лета і амулеты на шчасце: хто сказаў, што яно прыходзіць толькі вясной? Ашмянскі мясакамбінат праводзіў дэгустацыю сваёй прадукцыі – абсалютна бясплатна, г.зн., дарам! Ад палатак кааператараў, якія былі аформлены, як і ў Лідзе на “Дажынках”, у рускім стылі, даносіўся апетытны водар шашлыкоў.
А ля падвор’яў гаспадарак, дзе рыхтаваліся да абароны сваіх ідэй і творчых знаходак, тым часам ужо спрабаваў галасы нецярплівы звонкагалосы баян і папісквалі парасяты…
Тыя, хто добра ведае па мінулых гадах сцэнарый восеньскага кірмашу, робяць у вызначаны дзень у лесапаркавую зону, як правіла, па дзве “ходкі”. Першая – за неабходным таварам. Трэба зазначыць, што сельскагаспадарчай прадукцыі сёлета было ў дастатку, прадавалася яна цывілізавана, у большасці выпадкаў – ужо затараная. І самае галоўнае — без звычайнай кірмашовай мітусні ды традыцыйных чэргаў і ляманту. Нават капусты, якая ў мінулыя гады была ў традыцыйным дэфіцыце, хапіла ўсім жадаючым.
А затым, аднёсшы-адвёзшы дамоў нагружаныя мяхі і валізкі з “хлебам”, людзі вярталіся за “песнямі”.
Абарона панадворкаў, скажу я вам, – тое яшчэ відовішча, своеасаблівы творчы конкурс мясцовых сцэнарыстаў, рэжысёраў і артыстаў. Работнікі культуры, разагрэтыя прадчуваннем свайго прафесійнага свята, так “запалілі” публіку, што абаронцам панадворкаў заставалася толькі крыху “паддаць пары” – што яны і рабілі ў большасці сваёй вельмі таленавіта.
На гудагайскім панадворку ўсіх прысутных прымушалі ўспамінаць прыпеўкі са сваёй маладосці, на трокеніцкім шукалі таленты ў членаў журы: ім даводзілася танцаваць, спяваць, вершы чытаць… Гашкевічаўцы запрасілі ў госці да Пятачка з вядомага мульціка – таксама не абышлося без конкурсаў. “Варняны” паставілі казку пра рэпку – і членам журы давялося выступаць у ролях і бабкі, і ўнучкі, і Жучкі… Міхалішкаўцы ў той дзень адкрылі на сваёй пляцоўцы турбазу “Паляванне і рыбалка” – і з іх маляўнічымі паляўнічымі ў малахаях яшчэ задоўга да пачатку абароны панадворкаў прасіліся сфатаграфавацца шматлікія жадаючыя. Падольскія артысты зрэжысіравалі з дапамогай членаў журы і артыстаў, якім хуценька давялося пераўвасобіцца ў артыстаў, цэлы спектакль пра прынца, прынцэсу, двухгаловага дракона з целам і хвастом – усе гэтыя часткі цела ігралі асобныя артысты... Страча, як заўсёды “парвала залу” з дапамогай свайго непераўзыдзенага імправізатара Міраславы Якіменка, якая на гэты раз была “цешчай на выданні”, што прыехала пагасціць да зяця. А гервяцкія артысты перапісалі на новы, сучасны лад старую добрую казку пра трох парасят – у вершаванай форме, з кабаном-“паханом”…
У гледачоў таксама была магчымасць стаць удзельнікамі дзейства: выйграць прызы, праспяваўшы задзірыстыя прыпеўкі, адгадаўшы загадкі, злавіўшы з завязанымі вачыма рыбку “ў мутнай вадзе” — ці проста атрымаць шклянку наварыстай юшкі або кавалак дажыначнага каравая – за сваю цёплую ўсмешку і шчырыя апладысменты. А найбольш спрытныя, хто здолеў злавіць выпушчаных на варнянскім панадворку парасят, вярталіся дамоў з супер-прызам.
Калі надышоў час падводзіць вынікі і журы давялося пераўвасабляцца з Прынцэс, Дракона і яго Хваста ў прынцыповых суддзяў, дайшло да сур’ёзных рознагалоссяў. Але ў выніку ўсё ж прыйшлі да мудрагелістага замежнага слова, якое нехта адносіць да ненарматыўный лексікі, — да кансэнсусу, а кажучы па-беларуску – да згоды. І лепшым быў названы панадворак СВК “Міхалішкі”, другое месца занялі падольскія артысты, трэцяе падзялілі варнянскія і страчскія, а “Гервяты” атрымалі спецыяльную прэмію за інавацыйны падыход. Пераможаных не было: усе ўдзельнікі атрымалі прэміі за ўдзел. Ну а гледачы – добры настрой, які ўдала падмацоўваўся запоўненымі ўсякімі рознымі прыпасамі халадзільнікам і склепам.
З такімі набыткамі – і зіма не страшная!
Ніна АЛЯКСЕЕВА
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.
