Вопытам і ўражаннямі ад бацькоўства дзеляцца таты Астравеччыны

З чым у вас асацыіруецца слова “тата”? У мяне – з клопатам і пяшчотай, абаронай і падтрымкай, разуменнем і ўсёдараваннем, пазітывам і цяплом. А яшчэ – з першай спробай ваджэння аўтамабіля, самаробнымі мыльнымі бурбалкамі, паходамі ў лес з вогнішчам і печанай бульбай, казкай “Сіняя світа налева пашыта” і непаўторным водарам зайчыкавага хлеба, смак якога праз гады не змаглі “пераплюнуць” і заморскія прысмакі...

Два гады назад у Беларусі з’явілася новае свята – Дзень бацькі. Яно хутка прыйшлося даспадобы, а ў дзяцей з’явілася яшчэ адна нагода выказаць любоў да блізкага чалавека. Ці проста быць татам? Колькі ўсяго хаваецца за гэтым кароткім шматахопліваючым словам. Аб гэтым і не толькі мы распыталі татаў рознага ўзросту.

1. Хто і чаму быў прыкладам для пераймання ў дзяцінстве і наогул па жыцці?

2. Як гэта : быць татам? Ці спраўдзіліся чаканні ад бацькоўства? І ці мяняюцца гэтыя адчуванні з узростам?

3. Ёсць выраз “Тата можа ўсё…” На ваш погляд, што павінен умець і можа  навучыць бацька і што для яго ні ў якім разе недазваляльна?

4. Топ-5 парад будучым ці маладым татам?

5. Што трэба зведаць ад дзяцей у сталым узросце, каб зразумець: з бацькоўствам справіўся.

Сяргей Кушлевіч, 41 год, в. Альхоўка. Тата 18-гадовага Аляксея і 10-гадовай Надзеі.


1. У дзяцінстве, напэўна, як і большасць хлапчукоў, раўняўся на свайго бацьку. Прычыну для гэтага наўрад ці трэба тлумачыць. Тата для сына – не толькі блізкі чалавек, ён аўтарытэт, якому хочацца адпавядаць і апраўдаць яго спадзяванні. Але з узростам свядомасць мяняецца, я зразумеў, што не абавязкова быць падобным да кагосьці, дастаткова проста быць самім сабой. І раўняцца не толькі на блізкіх, але наогул на добрых, выхаваных і цікавых людзей.

2. Быць бацькам – значыць, быць прыкладам сапраўднага мужчыны, той самай каменнай сцяной, якая забяспечвае спакой і бяспеку сям’і. Падтрымліваць, дапамагаць, падказваць, дзяліцца вопытам з дзецьмі і быць для іх апорай у любой сітуацыі. А галоўнае – дзеці павінны давяраць мне і лічыць сябрам, інакш не атрымаецца поўнага ўзаема паразумення. Словам, быць татам няпроста, а з узростам становіцца яшчэ складаней. Я ўжо 18 гадоў, як вучуся ім быць, і не ўпэўнены, што гэта заўсёды атрымліваецца. (Усміхаецца.) А паколькі я тата “асаблівай” дачушкі, накладваецца яшчэ большая адказнасць. Аднак усе цяжкасці перакрэсліваюцца і становяцца дробязямі, калі чую смех Надзюшы і бачу яе шчаслівыя вочы; калі Лёша хваліцца дасягненнямі і пытае парады; калі чую ад іх простае, але невымяральнае па эмацыянальнай шкале “Тата, мы цябе любім!”

3. Прычоску дачцэ зрабіць, на бацькоўскі сход схадзіць, кашу ці суп зварыць, з урокамі дапамагчы, выслухаць, параіць… Спіс можна працягваць доўга, таму адкажу коратка: тата павінен умець усё і пастарацца навучыць многаму дзяцей. А недазваляльна тое, што прынясе сям’і шкоду і разлад.

4. Ніякія цацкі, гаджэты і іншыя новамодныя штукі не заменяць увагі і часу бацькі. Узаемапавага павінна быць у сям’і на першым месцы. Не забывацца пра адпачынак – немагчыма быць ідэальным татам 24/7, таму часам трэба перазагружацца і аднаўляцца.

5. Бацькоўская любоў бескарыслівая. І я не магу і не хачу чагосьці ад іх патрабаваць ці чакаць. Але буду шчаслівы, калі ў любым узросце не буду абдзелены іх увагай.

Сяргей Змітровіч, 32 гады, г. Астравец. Тата 5-месячнай Варвары.


1. Я веруючы, хаджу ў царкву і ў нас, праваслаўных, ёсць такая запаведзь: не стварай сабе куміра. Таму ідэала, да каго хачу быць падобным, ніколі не існавала. А вось на каго раўняюся, захапляюся і ганаруся – гэта мама. Па сутнасці, таты не меў: яго не стала, калі мне было 6 гадоў, а брату – 1. Гадавала, выхоўвала і вучыла ўсяму нас маці. Ды і цяпер яна нас жыццю вучыць! (Смяецца.) І я бязмерна ёй за гэта ўдзячны. Таму мой герой – мама!

2. З Дашай пажаніліся ў 2018-м, а ў 2024-м у нас нарадзілася дачушка. Ці трэба казаць, што гэта было самай чаканай і жаданай падзеяй. Стаць татам – была мая заветная мара. І вось яна ажыццявілася, таму я на сёмым небе ад радасці, шчасця і гонару. Спадзяванні поўнасцю спраўдзіліся! Быць татам – неверагодна крута! Быў у хаце адзін дырэктар – жонка, а цяпер іх стала два: да Дашы далучылася Варвара. (Смяецца.) Вядома, разумею, што бацькоўства – не толькі эмоцыі, але і адказнасць, клопаты, хваляванне… Гатовы да гэтага. Пра адносіны з дзецьмі ведаю не па чутках, бо працую трэнерам, у нашым клубе больш за 150 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. Часам даводзіцца быць для іх не толькі настаўнікам, але дарадцам і ў некаторай ступені – бацькам.

3. Цяжка разважаць пра гэта, бо вырас без бацькі, але лічу, што тата павінен умець калі не ўсё, то многае. І дзяцей шмат чаму навучыць. Гэта тычыцца не толькі таго, што трэба рабіць рукамі – напрыклад, дровы секчы ці бліны пячы, але і маральна-этычнага выхавання, здаровага ладу жыцця. На жаль, цяпер свет захапілі гаджэты, дзеці многаму вучацца з разнастайных відэа. Далёка не заўсёды там карысная інфармацыя. Да таго ж ніякія самыя цікавыя рылсы пра прагулку ці падарожжы не заменяць рэальнага шпацыру на свежым паветры. Мы ў дзяцінстве збіраліся, каб пагуляць у футбол, каманд 10 было, таму трэба было яшчэ пачакаць, калі дойдзе твая чарга. І чакалі! Цяпер ідзеш па вуліцы, а дзяцей на гульнявых пляцоўках амаль няма. Буду вучыць дачку актыўнаму і здароваму ладу жыцця, калі спатрэбіцца, пастаяць за сябе – нездарма ж я трэнер па каратэ (Усміхаецца.), паважаць старэйшых і дапамагаць ім, а таксама любіць жывёл, бо сам да іх нераўнадушны – у нас 5 катоў. Дарэчы, мне пашанцавала з цесцем і цешчай – мы разам пабудавалі для нас дом. І я таксама хачу дапамагчы зяцю пабудаваць жыллё для маёй Варвары.

А недазваляльна для таты быць п’яным, курыць, лаяцца і наогул рабіць тое, за што дзецям будзе сорамна.


4. Дапамагаць жонцы і ўдзяляць дзіцяці як мага больш часу. Бывае, што мужчыны ўзвальваюць усё на жанчын, маўляў, хаджу на працу, зарабляю грошы – і гэтага дастаткова, а для ўдзелу ў выхаванні дачкі ці сына хопіць і 5 хвілін увечары. Я стараюся раз на тыдзень адпусціць Дашу на шопінг ці куды яна захоча. На выхадных гуляю з дачушкай па вуліцы, а ў нядзелю ў нас дзень бабуль і дзядуль – для іх Варвара першая доўгачаканая ўнучка, яны з задавальненнем дапамагаюць. Не трэба баяцца бацькоўства – некаторыя лічаць, што цяпер модна быць чайлдфры. Няпраўда, трэба нараджаць, гадаваць дзяцей і быць для іх апорай у жыцці.

5. Не ведаю, мне яшчэ далёка да гэтага. (Усміхаецца, а пасля задумваецца.) Каб дачка не забывала прыязджаць да нас у госці і наш дом застаўся для яе самым родным і запаветным месцам. Нездарма ж ёсць такая песня: “Не прадаецца хата бацькоў”. А таксама прывозіла ўнукаў – і нядзеля стала днём дзеда ўжо для мяне.  

Аляксандр Русецкі, 56 гадоў, в. Чыжоўшчызна. Тата 22-гадовай Анастасіі і 21-гадовага Мікіты.


1. Прыкладам была мама і само жыццё. Тата памёр, калі мне і 13-ці не споўнілася. Дзяцей у сям’і было трое: дзве сястры і я. Матуля старалася, як магла, і ў выніку ўсіх людзьмі выгадавала. Мы таксама дапамагалі ў меру магчымасцей. Давялося датэрмінова ўзяцца за ўсе мужчынскія справы. Трэба было і грошы зарабляць, у школу збірацца. Гэта цяпер плацяць за страту кармільца, а тады круціліся самі. Пайшоў у калгас вазіць сенажы на конях. Дарэчы, у той час многія падлеткі так працавалі. Хто вучыў каня запрагаць? Ды ніхто, самі! Што тычыцца хатняй работы кшталту дровы пасекчы ці за плугам хадзіць – гэта, канешне, умеў. У мой час такую навуку з малых гадоў спасцігалі.

2. Ажаніўся я ў 33 гады, а бацькам стаў у 34. Як жонка зацяжарыла, адразу сказаў, што будзе дачка і назавём Насця. Проста ў сясцёр былі толькі сыны, таму марыў пра дзяўчынку. Так і атрымалася. (Усміхаецца.) Сказаць, што быў рады стаць татам, як першы, так і другі раз, – нічога не сказаць. Як і не перадаць словамі гэтыя пачуцці – і з гадамі яны не мяняюцца. Быць бацькам – адначасова адказнасць і найвялікшае шчасце.  

3. Тата павінен сам усё па гаспадарцы рабіць і сына гэтаму навучыць. Не хвалюся, але Мікіта ўмее касіць не толькі трымерам, але і звычайнай двуручкай, карыстацца бензапілой, сякерай… Па гаспадарцы не ўмее толькі за плугам хадзіць – на той момант ад коней ужо адышлі. Насця з жаночымі справамі з дзяцінства маці дапамагала. Тое, што тата павінен дзецям дапамагаць і падтрымліваць справай і парадамі нават не абмяркоўваецца. Інакш які ты пасля гэтага бацька!

Што недазваляльна? (Задумваецца.) Нават не ведаю. Усялякае здаралася, часам і дзяга у ход ішоў, калі інакш не разумелі. Але гэта як малыя былі. Напэўна, недазваляльна бацькам падаваць дзецям дрэнны прыклад. Вось і ўсё.


4. Цярпення, дапамагаць дзецям, падстаўляць плячо ў патрэбную хвіліну, а галоўнае – любіць іх і паказваць ім гэта. Памятаю, прыедзеш з работы, перакусіш – і паехалі з Мікітам на яго заняткі па каратэ: тройчы на тыдзень у Астравец, двойчы – на дадатковыя ў Ашмяны. Бывала, і ў час-два ночы вярталіся. Мне вельмі хацелася дапамагчы здзейсніць яго мару. А Насцю з сяброўкай, як вучыліся ў Навагрудку, пастаянна на аўтобус у Ашмяны падвозіў і забіраў. Яшчэ жартаваў, што на гэты час у мяне не адна, а дзве дачкі. Вядома, гэта дробязі. Зраблю ўсё, што ў маіх сілах, для іх, бо гэта – мае дзеці.

5. Добрыя адносіны. Я веру ў прынцып бумеранга: што заклалі, тое і вернецца. Здаецца, са свайго боку мы з жонкай зрабілі ўсё нармальна. 


Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич, из архива героев