Волонтёры со всей Беларуси съезжаются в Островец, чтобы сохранить лосося

Яшчэ ёсць у нашым раёне людзі, якія памятаюць, як перад Калядамі на маленькіх прытоках Віліі лавілі амаль што голымі рукамі во-ось такіх рыбін! Рэдкі вігілійны стол прывілейскіх вёсачак і мястэчкаў абыходзіўся тады без ласося або кумжы.
А ўжо ў 60-я гады XX стагоддзя іхтыёлагі не адзначалі кумжу ў нашых рэках, а сёмгу лічылі цалкам знікшай у межах БССР! Галоўнай прычынай паслужыла будаўніцтва буйных плацін і гідраэлектрастанцый на рэках Нёман і Заходняя Дзвіна, якія перакрылі шлях рыбе. Сёмга і кумжа з’яўляюцца праходнымі відамі рыб – асноўны час яны праводзяць у Балтыйскім моры, а для нерасту падымаюцца ў рэкі – яны любяць халодную чыстую ваду і рачное дно, пакрытае галькай.
І калі іхтыёлагі ўжо перасталі спадзявацца на цуд, ён здарыўся: у прытоках Віліі, што працякаюць па землях Астравеччыны (з усёй Беларусі – толькі ў нашым раёне!) былі выяўлены “гнёзды” кумжы. А з часам – і сама прыгажуня-рыба.

Пра неабходнасць аховы кумжы падчас нерасту (кастрычнік-снежань) загаварылі адразу, аднак справа не зрухнулася з мёртвай кропкі – не хапіла ці то ініцыятыўнасці, ці то сродкаў… І тады на дапамогу “чырвонакніжніцам” прыйшла міжнародная арганізацыя – кааліцыя “Чыстая Балтыка”. Каардынатарам міжнароднага экалагічнага праекта “Экадом” стала гродзенская журналістка Ніна Палуцкая. Яна рэгулярна праводзіла на Астравеччыне тэматычныя “круглыя сталы”, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі зацікаўленых у захаванні кумжы структур і ўстаноў раённага, абласнога і нават рэспубліканскага маштабу, а таксама іхтыёлагі з Літвы, арганізоўвала маніторынгі і валанцёрскія рэйды падчас нерасту ласасёвых рыб. Менавіта Ніна Палуцкая ў свой час прыцягнула да ўдзелу ў праекце членаў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якія неўзабаве ўзялі справу ў свае рукі.
У розных кутках раёна яны ўстанавілі і кожны год абнаўляюць інфармацыйныя аншлагі з указаннем асаблівасцяў біялогіі ласасёвых рыб. Падрыхтавалі фільм пра беларускіх ласосяў, у якім дэманструюцца ўнікальныя кадры нерасту кумжы ў рэках Астравеччыны. З фотаздымкаў, зробленых удзельнікамі праектных мерапрыемстваў, была створана фотавыстава “Захаваем ласося разам”. Фільм і фотавыстава “абышлі” ўсе школы раёна. Летам “Птушкі” разбіраюць бабровыя плаціны, каб забяспечыць рыбам праход да месц нерасту. Але пік іх дзейнасці прыпадае на познюю восень.
Шмат гадоў непераадольнай перашкодай для кумжы былі металічныя трубы, пракладзеныя пад насыпной дарогай. Не прынёс радыкальных змен і рыбаход, які валанцёры збудавалі ў мінулым годзе. Сёлета з дапамогай невялікай рукатворнай плаціны абаронцы “чырвонакніжніц” крыху ўзнялі ўзровень вады перад трубамі, і рыба “заскакала” – цяпер кумжа без асаблівых цяжкасцей можа праходзіць далей, а значыць, спрыяльная для яе нерасту тэрыторыя дна пашырылася.
Перыяд нерасту кумжы – час дзейнасці неабыякавых людзей. На Астравеччыну з жаданнем абараніць ласасёвых ад браканьераў з’язджаюцца валанцёры з Мінска (члены рыбалоўна-спартыўнага клуба “Перакат”, якія, дарэчы, і сёння супрацоўнічаюць з Нінай Палуцкай, іхтыёлагі, рыбакі, байдарачнікі…), з Паставаў, з Мядзеля… На мінулыя выхадныя астравецкія прытокі Віліі аберагалі чацвёра валанцёраў з… Гомеля.
Вельмі ўсцешна, што ад добрай справы не стаяць у баку і жыхары нашага раёна – вось ужо сёмы год непасрэдны ўдзел у патруляванні нерастовых рэк прымаюць жыхары Варнян: завуч мясцовай сярэдняй школы Алена Іванаўна Саленік, географ Уладзімір Віктаравіч Саленік, выкладчык фізкультуры Сяргей Бернюкевіч і супрацоўнік раённага ДАІ Дзмітрый Блашкевіч. Час ад часу ў валанцёрскі рух уключаюцца і вучні Варнянскай школы. Праўда, яны абыходзяць рэчкі толькі ў светлы час сутак, у той час, як іх выкладчыкі аберагаюць кумжу і ноччу. Для гэтай мэты ў іх нават ёсць неабходнае абсталяванне – ліхтары, фотаапарат і нават прыбор начнога бачання. Абсталяваннем валанцёраў забяспечвае таварыства “Птушкі Бацькаўшчыны”. Як, дарэчы, і бензінам для пераездаў, а таксама харчаваннем.
– Як паказала практыка, прыбор начнога бачання не асабліва эфектыўны ва ўмовах прыбярэжных зараснікаў, – гаворыць кіраўнік ініцыятыўнай групы аб’яднання, што непасрэдна займаецца аховай кумжы, Вольга Лукшыц. – У цёмны час сутак лепш прымяняць цеплавізар, які рэагуе на выпраменьванне цеплавой энергіі. Мы ўжо паспрабавалі – фіксуе нават ката. Так што… Яшчэ у месцах пастаяннага нерасту ў бліжэйшы час будуць устаноўлены спецыяльныя відэакамеры – кшталту тых, якімі карыстаюцца паляўнічыя для выяўлення дзіка.



Неабыякавыя людзі плюс самае сучаснае абсталяванне – шансы браканьераў істотна зніжаюцца… І гэта не можа не радаваць, таму што чым больш рыб зможа паспяхова завяршыць нераст, тым больш іх вернецца ў нашы рэкі праз некалькі гадоў…
Тым больш, што вярнулася не толькі кумжа – у мінулым годзе сталічныя спецыялісты падчас маніторынгу вылавілі высакароднага ласося – сёмгу (не дарослага – моладзь, якая яшчэ не дарасла да “скатвання” ў Балтыку.
Як тут не парадавацца?..


------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.