Волонтёры Красного Креста и островецкие школьники провели акцию против курения

2
Астраўчане ўжо ведаюць, што калі на цэнтральнай пляцоўцы ля Дома Быту збіраюцца рабяты ў чырвоных майках валанцёраў – значыць, у гэты дзень нешта адзначаецца. Вось і ў мінулую пятніцу юныя прапагандысты здаровага ладу жыцця правялі акцыю, прысвечаную Міжнароднаму дню барацьбы з курэннем.

У гэты дзень валанцёры Чырвонага Крыжа разам з вучнямі кадэцкага класа раённага аддзела па надзвычайных справах сярэдняй школы №1 выйшлі ў цэнтр Астраўца, каб правесці прапагандысцкую акцыю супраць шкоднай звычкі. Падчас яе рабяты раздавалі прахожым прафілактычныя буклеты “Як кінуць курыць?” і наклейкі з наглядным прыкладам, да якіх небяспечных вынікаў можа прывесці неасцярожнае абыходжанне з запаленай цыгарэтай. А ў знак таго, што валанцёры выступаюць за чыстае, без тытунёвага дыму, паветра, яны павязвалі на зялёныя галінкі кустоў блакітныя стужкі – і прапаноўвалі зрабіць гэта прахожым.
А яшчэ ў цэнтры стаяў слоік з вадой – але зусім не для таго, каб валанцёры наталялі смагу. Калі рабяты заўважалі чалавека з цыгарэтай, яны расказвалі яму пра шкоду, якая наносіцца яго арганізму разам з кожнай зацяжкай і прапаноўвалі зрабіць, рашаючы крок і кінуць тлеючую цыгарэту ў слоік. Як вынік – напрыканцы акцыі ёмістасць напалову была запоўнена акуркамі. І значыць, магчыма, хтосьці ў гэты дзень сапраўды адмовіўся ад курэння.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта jenskisait.ru.