Вольга Саковіч: «Маладому пакаленню неабходна чытаць кнігі Васіля Быкава»
Чаму трэба чытаць творы Васіля Быкава, разважае настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Вольга Саковіч:
– Васіль Быкаў – пісьменнік, які ў сваёй творчасці праўдзіва расказаў аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў на фронце, перажыў усе нягоды і выпрабаванні ваеннага жыцця, таму і ў кнігах змог перадаць суровую праўду вайны, рэальныя падзеі, убачанае і перажытае. Асаблівасцю яго твораў з’яўляецца тое, што ў цэнтры невялікая група байцоў або 1-2 чалавекі, якія апынуліся ў экстрэмальных умовах, у сітуацыі выбару: здацца немцам і стаць здраднікам або прыняць бой і, магчыма, загінуць, але застацца верным Радзіме і захаваць чалавечнасць. Кожны герой робіць свой выбар, які з’яўляецца сведчаннем яго маральных якасцей.
Маладому пакаленню неабходна чытаць кнігі Быкава, таму што лепшыя прыклады герояў вучаць быць смелымі, мужнымі, дапамагаць таварышам і нават у самых складаных сітуацыях захоўваць стойкасць духу і чалавечнасць. У школе з вучнямі вывучаем «Жураўліны крык» і «Знак бяды», дадаткова раю пачытаць «Пайсці і не вярнуцца», «Альпійская балада» і «Дажыць да світання». Дзеці з цікавасцю чытаюць творы пісьменніка, таму што з іх даведваюцца пра тое, як у ваенны час людзі змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на фронце і ў партызанскіх атрадах.
Кнігі Васіля Быкава – гэта балючая памяць аб загінулых воінах і партызанах, якія ахвяравалі сваім жыццём, каб мы жылі пад мірным небам. Лепшыя героі яго твораў – узор любові да Радзімы і высокіх маральных якасцей.
