Воіны-зенітчыкі прынялі прысягу
Навабранцы 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка прынялі прысягу.
Яшчэ нейкі месяц назад яны “завісалі” ў інтэрнэце, бегалі на спатканні і наміналі маміны дранікі. А сёння – падцягнутыя, з ваеннай выпраўкай, аўтаматамі на грудзях. “Салдацікі…” усхвалявана, з прыдыханнем прамовіў нехта з гасцей. І мамы з татамі і бабулямі напружана выглядваюць у страі нязвакла дарослых, увачавідкі памужнелых і такіх аднолькавых у ваеннай форме юнакоў сваіх… Вучні з Варнянскай і Гервяцкай сярэдніх школ і СШ №1, №2 і №3 Астраўца – падшэфныя палка, разам з якімі яны вучацца разумець, што такое патрыятызм, таксама прыехалі на свята – і глядзяць на хлопцаў з аўтаматамі з зайздрасцю: нам бы так…
–У жыцці кожнага мужчыны ёсць моманты, якія застаюцца ў памяці на ўсё жыццё, – сказаў, звяртаючыся да ўчарашніх навабранцаў, камандзір палка гвардыі палкоўнік Алег Слайкоўскі. –Адзін з такіх – прыняцце прысягі на вернасць Радзіме. Сёння ў вас такі дзень. Вам выпаў высокі гонар – стаць воінамі гвардзейскага зенітнага ракетнага палка, які мае багатую гісторыю. Вы павінны памятаць, што ў вашых руках – мір і бяспека краіны.
…Парывы ветру развяваюць сцяг палка, які ўрачыста выносяць сцяганосцы, і далёка за межамі часці чуюцца гукі маршу ў выкананні палкавога аркестра, ад якога мароз прабягае па скуры…
За тыя некалькі тыдняў, што мінулі пасля прызыву, навабранцы вывучылі кожны рух і кожнае слова – і ўсё ж ад хвалявання дрыжыць голас, прамаўляючы “Урачыста клянуся быць адданым свайму народу…” Слухаючы іх, разумееш: гэта ўжо не проста хлапчукі з суседняга двара, нечыя сыны, унукі і кавалеры, з сённяшняга дня гэта – абаронцы Айчыны, яны прысягнулі на вернасць Радзіме. Заўтра на іх форме з’явіцца гвардзейскі значок. Ён да многага абавязвае: звацца гвардзейцам – вялікі гонар.
Трыццаць сем навабранцаў гвардзейскага зенітнага ракетнага палка, з якіх 12 прызваны на службу Астравецкім райваенкаматам, 20 лістапада прынялі прысягу. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел і павіншавалі юнакоў з адметнай падзеяй жыцця камандзіры, бацькі, родныя, сябры, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, раённы ваенны камісар Дзмітрый Багуслаўскі. А айцец Георгій Савіцкі ў дапаўненне да слоў віншавання і цёплых пажаданняў акрапіў святой вадой новых зенітчыкаў, калі тыя праходзілі па плацы ўрачыстым маршам.
Хай беражэ вас Бог, хлопчыкі…
А вы беражыце нас. Мы на вас спадзяёмся!
Ніна АЛЯКСЕЕВА
З першых вуснаў:
Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама:
– На ваеннаслужачых зенітнага ракетнага палка ляжыць вялікая адказнасць: ахова стратэгічнага важнага аб’екта – Беларускай атамнай электрастанцыі. Упэўнены, што хлопцы апраўдаюць вялікі давер землякоў і справяцца з пастаўленымі задачамі.
Вольга Раткевіч, маці навабранца:
– Прыняцце ваеннай прысягі – гэта пачатак новага этапу ў жыцці нашых дзяцей. Мы ганарымся тым, што яны сталі абаронцамі Айчыны. Цяпер яны будуць вучыцца ваеннай справе, а мы, бацькі, – чакаць і падтрымліваць іх. Хачу звярнуцца да камандзіраў: калі ласка, стаўцеся да нашых сыноў строга – але будзьце справядлівымі.
Ілья Карповіч, радавы, які ў той дзень прысягу:
– Ад імя сваіх таварышаў хачу запэўніць: мы зробім усё, што ад нас патрабуецца, каб абараніць нашу краіну і мірны сон яе грамадзян. Можаце быць упэўненымі: мы не падвядзём!




