Водители и пешеходы, будьте взаимовежливы на дороге!
Дарогі нашага горада і раёна з’яўляюцца крыніцай павышанай небяспекі і патрабуюць бездакорнага выканання законаў і ўзаемнай павагі адзін да аднаго. Аднак, на жаль, няведанне ці невыкананне іх часта прыводзіць да непапраўных наступстваў. У апошні час на прафілактычных выступленнях, сустрэчах грамадзяне ўсё больш гавораць аб сваіх правах, перавагах у тых ці іншых сітуацыях. Як правіла, пешаходы даказваюць свае правы, а вадзіцелі – свае. Кожнага з іх можна зразумець. Аднак і адны, і другія часта забываюць, што, акрамя правоў, у іх яшчэ ёсць і абавязкі.
Як сведчаць статыстычныя даныя, у мінулым годзе ў Астравецкім раёне было выяўлена 663 парушэнні, якія дапусцілі пешаходы, пры гэтым 321 з іх было здзейснена людзьмі ў нецвярозым стане. І 64 выпадкі – парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў. Такім чынам, аналізуючы гэтыя лічбы, можна сказаць, што ў большасці здзейсненых дарожна-транспартных здарэнняў вінаваты няўважлівыя пешаходы, значная частка якіх – нецвярозыя.
Усіх пешаходаў можна падзяліць на дзве катэгорыі: тыя, у якіх ёсць вадзіцельскія правы, і тыя, хто ніколі не сядаў за руль. Як правіла, апошнія не разумеюць, што такое аўтамабіль і як часам цяжка затармазіць у экстранай сітуацыі. Яны быццам спецыяльна павольна, не гледзячы па баках, пераходзяць дарогу перад аўтамабілем, тым самым раздражняючы запальчывых вадзіцеляў. Прычым такая тэндэнцыя стала назірацца пасля таго, як людзі за рулём навучыліся прапускаць пешых удзельнікаў руху. Пагэтаму зразумела, што вадзіцелі рэагуюць на такія паводзіны пешаходаў вельмі негатыўна.
Аднак бывае, што не вельмі ад першай адрозніваецца і другая катэгорыя – пешаходы “з правамі”. Здавалася б, нядаўнія вадзіцелі, якія па розных прычынах змянілі аўтамабіль на прагулкі пешшу, павінны быць прыстойнымі пешаходамі. Але парадокс заключаецца ў тым, што многія з іх прымаюць стыль паводзінаў звычайных пешаходаў, якія ніколі не ездзілі за рулём: забываюць аб хуткасці машыны на мокрым асфальце, даўжыні тармазнога шляху і іншых нестандартных сітуацыях на дарозе.
Дык, можа, штрафныя санкцыі ў адносінах да пешаходаў не такія жорсткія? За парушэнне правілаў дарожнага руху яны могуць быць аштрафаваны максімум на 390 тысяч рублёў, за знаходжанне на дарозе ў нецвярозым стане – на 650 тысяч. Мабыць пагэтаму ў асяроддзі аўтааматараў бытуе меркаванне, што вадзіцеля можна аштрафаваць па максімуму і пазбавіць правоў, а пешаход у любым выпадку выйдзе “сухім з вады”.
Наогул хочацца параіць усім пешаходам не забываць, што вадзіцель – такі ж пешаход, толькі на машыне, пагэтаму на дарозе не варта процістаяць адзін аднаму. А вадзіцелям – не “падразаць” і прапускаць пешаходаў. Толькі пры ўзаемных павазе і разуменні і адны, і другія будуць адчуваць сябе на дарозе ў бяспецы.
--------------------------------
У. АЛЕ КСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.
