Віншаванні з нагоды 85-годдзя прымаў ветэран раённай меліярацыі Сямён Гіль
Любому чалавеку, які аддаў любімай справе не адно дзесяцігоддзе, важна ведаць, што пра яго памятаюць калегі. На прадпрыемстве меліярацыйных сістэм ніколі не забываюць пра сваіх ветэранаў і віншуюць іх са шматлікімі святамі. З нагоды 85-годдзя кіраўніцтва арганізацыі і прафсаюзнай і ветэранскай пярвічак ушанавала былога намесніка дырэктара па механізацыі Сямёна Гіля.
Дырэктар Астравецкага ПМС Вадзім Вянгроўскі падзякаваў юбіляру за адданую працу на карысць раённай меліярацыі і пажадаў даўгалецця. Прафсаюзны лідар Надзея Ненартовіч адрасавала віншаванні Сямёну Аляксандравічу ад пярвічкі і ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Далучылася і старшыня ветэранскай арганізацыі ПМС Лідзія Сухажэўская. Кветкі, падарункі і шчырыя словы ўзрадавалі імянінніка.



– Па адукацыя я інжынер-механік. Усё маё жыццё звязана з меліярацыяй. Прадпрыемства тады называлася будаўніча-мантажным упраўленнем. Асушалі тэрыторыі не толькі Астравецкага, але Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Шмат людзей працавала, тэхнікі хапала, – узгадаў герой дня. – Дзякуй вялікі маладзейшым калегам за памяць, кветкі, падарункі.

