«Весна-FM: Голос белорусской женщины». Праздничный концерт прошёл в Островце

Віншавалі, уручалі ўзнагароды, дарылі добры настрой, жартавалі – у Астраўцы прайшоў канцэрт да Дня жанчын.

Ва ўсе святы работнікі культуры імкнуцца прыўнесці асаблівую адметнасць – і напярэдадні Жаночага дня ў іх зноў атрымалася стварыць непаўторную атмасферу, якая, упэўнена, запомніцца ўсім, хто прыйшоў на свята.



У гэты раз зала МФК ператварылася ў... радыёстудыю «Вясна-FM». Вядучыя – а імі былі Руслан Юргелянец і Антон Юркойць – “выклаліся” па поўнай, “злавілі” хвалі пяшчоты, прыгажосці і нават жаночых жаданняў і тым самым падарылі прысутным добры настрой.


– Сёлета наша сустрэча напоўнена асаблівым сэнсам: рашэннем кіраўніка дзяржавы 2026 год аб'яўлены Годам беларускай жанчыны. Гэта даніна глыбокай павагі вашай мудрасці, вашай міласэрнасці і той неверагоднай стваральнай сіле, якой вы надзелены. Для нашага Астравецкага раёна, краю атамшчыкаў і хлебаробаў, вы заўсёды былі і застаецеся галоўнай апорай. Беларуская жанчына валодае ўнікальным характарам, у вас дзіўным чынам ужываюцца сталёвая воля ў працы і бязмежная пяшчота ў сям'і. Вы тыя, хто захоўвае нашы традыцыі, беражэ памяць продкаў і пры гэтым смела глядзіць у будучыню, будуючы разам з намі, мужчынамі, сучасны Астравец,  прывітаў жанчын Астравеччыны старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас. Асаблівыя словы падзякі кіраўнік раёна выказаў былым малалетнім вязням Ніне Маргуж і Ніне Мілідовіч.


Ганаровыя граматы райвыканкама Сяргей Тадэвушавіч уручыў намесніку начальніка ўпраўлення – начальніку аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вользе Умрыхінай і галоўнаму спецыялісту юрыдычнага сектара райвыканкама Алене Грабоўскай.


За нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей ордэн Маці ўручылі Юліі Кабардо. Ушанавалі і жанчын, якія ўнеслі ўклад у развіццё рэгіёна, – іх адзначылі прэміяй «Жанчына года» ў розных намінацыях.



– Яшчэ зусім нядаўна былі доўгія, цёмныя, зімовыя вечары, а ўжо вясна. І вось яно, 8 Сакавіка, і ў нас ёсць магчымасць убачыць мноства жаночых усмешак. Вы – упрыгожванне нашага свету! Вы – нашы палавінкі і разам мы – адзінае цэлае! Віншую са святам! Дзякуй за тое, што вы ёсць, нясіце сваю прыгажосць у свет і ўпрыгожвайце яго, – павіншаваў жанчын старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Бычко.

Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў Генадзь Паўлавіч уручыў начальніку змены цэха сістэм Беларускай атамнай электрастанцыі Святлане Кунтуш і дырэктару Варнянскай СШ Алене Юркойць.


Ваенны камісар раёна Дзмітрый Багуслаўскі ўзнагародзіў Граматамі ваеннага камісарыята начальніка ўпраўлення справамі райвыканкама Наталлю Баніцэвіч і намесніка начальніка аддзела адукацыі Вольгу Дэмбоўскую.


 Вы – крыніца жыцця, захавальніцы сямейнага ачага, верныя сябры і надзейныя партнёры. Вы паспяхова спалучаеце ў сабе мноства роляў, увасабляючы ў жыццё свае мары, будуючы кар'еру, выхоўваючы дзяцей, і пры гэтым застаецеся ўвасабленнем грацыі і элегантнасці,  адзначыў Дзмітрый Зыгмондавіч у сваім віншаванні.

Перабраўшы дзясяткі частот: моду, прыгажосць, мужчынскія прызнанні і многія іншыя, – на хвалю жаночага шчасця вядучыя запрасілі Вольгу Дэмбоўскую, якая паразважала на тэму, хто ж такая сучасная паспяховая беларуска.

– Сёння поспех – гэта не толькі кар'ера або статус. Гэта баланс. Сучасная жанчына днём кіруе калектывам, а вечарам з любоўю пячэ пірагі для сям'і. Поспех – калі любіш тое, што робіш, і калі цябе чакаюць дома,  адказала Вольга Яўгенаўна. – Дарагія жанчыны! Няхай у вашай душы заўсёды будзе вясна, незалежна ад даты на календары.

У гэты дзень усё было для жанчын – песні, вершы, танцы і кветкі. І няхай прыемныя моманты спадарожнічаюць ім заўсёды!





ЖАРТАВАЛІ

– Пры пакупцы кветак мужчыны дзеляцца на тры тыпы. Першыя бяруць самыя вялікія ружы і не глядзяць на цэннік. Другія паўгадзіны нюхаюць кожны цюльпан, выбіраючы той самы. А трэція тэлефануюць жонцы і вінавата пытаюцца: “Дарагая, якія кветкі ты любіш? Я забыўся!».

– У краме касметыкі мужчына папрасіў у прадаўца выбраць самы лепшы набор. Увечары, калі жонка адкрыла падарунак, высветлілася, што ўнутры быў набор для ванны з пахам хвоі і брусніц. Жонка пытаецца: Дарагі, а чаму хвоя?». А ён: Ну, ты ж у мяне як ялінка – стройная і прыгожая!».

– Прымерачная – месца, дзе праверку праходзіць мужчынская вытрымка: садзішся на маленькае крэсла каля кабінкі – і ты ўжо не проста муж, ты – лепшая сяброўка, псіхолаг і член журы на конкурсе прыгажосці...

Яна выходзіць у першай сукенцы. Ты гаворыш: “Прыгожа. Праз хвіліну выходзіць у другой. Ты гаворыш: “Вельмі прыгожа. Выходзіць у трэцяй. Ты гаворыш: “Шыкоўна!” Яна глядзіць на цябе і пытаецца: А чым табе першая не спадабалася?.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич