Весенние хлопоты охотничьего хозяйства
Вясна, якая моцна зацягнула свой прыход, стварыла праблемы для дзікіх жывёл і падкінула больш клопатаў для работнікаў паляўнічай гаспадаркі. У гэты перыяд лясныя жыхары – найбольш слабыя, таму што ў капытных з’яўляецца маладняк. І асноўная задача ў гэты час – забяспечыць ежай лясную дзічыну і жывёл, якія знаходзяцца ў вальерах.
На тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі лясгаса размешчаны 22 падкормачныя комплексы: у іх складзе вышкі для адстрэлу і назірання за жывёламі, павеці, дзесяцітонныя металічныя ёмістасці для захоўвання кармоў.
За зімовы перыяд лясной жывёле скормлена 45 тон бульбы, 29 тон сіласу, 130 тон зерневых адходаў, 20 тон сена. Са слоў Віктара Мечыслававіча Урбановіча, вядучага спецыяліста паляўнічай гаспадаркі, Астравецкі лясгас дадаткова набыў 4 тоны аўса і 10 тон сіласу, якія плануецца скарміць дзікім жывёлам у перыяд зацягнуўшайся зімы.
ЖЫВЁЛЬНЫ ПЕРАПІС
Завяршыўся ўлік пагалоўя дзікіх жывёл, які праводзіўся маршрутным метадам і метадам уліку з вышак.
На тэрыторыі Астравецкага раёна, нягледзячы на тое, што актыўна праводзіцца барацьба з непажаданымі відамі (на пачатак года зафіксавана 10 ваўкоў, з якіх 9 адстрэлены), з’явілася іншая праблема. Бяздомныя сабакі, якія збіраюцца ў зграі, як ваўкі, выходзяць на паляванне днём і не баяцца людзей.
Увогуле ж, па меркаванні спецыялістаў астравецкага лясгаса, колькасць паляўнічых жывёл дасягнула аптымальнага ўзроўню. Па выніках «жывёльнага перапісу» выяўлена 78 ласёў, 324 казулі, 247 кабаноў, 119 высакародных аленяў, 15 плямістых аленяў, 78 ланяў еўрапейскіх.
-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
