Весела, песенна і смачна адзначылі 380-годдзе Кемелішак
Ярка, дружна, весела, музычна і смачна адзначылі юбілейны дзень нараджэння Кемелішак на свяце вёскі “380 слаўных гадоў”, якое больш вядома ў раёне пад брэндавай назвай “Залатая фарэль Астравеччыны”.
У гэтага аграгарадка багатая гісторыя. Хоць дакладна сказаць немагчыма, калі ўзнік населены пункт, арганізатары ўзялі за аснову год першай згадкі ў пісьмовых крыніцах. Так, у кнізе “Памяць. Астравецкі раён” Кемелішкі ў якасці сяла згадваюцца ў 1644 годзе.
Пад абед, якраз на ўрачыстае адкрыццё свята, дождж змяніў гнеў на міласць і спыніўся. Відаць, таксама “заслухаўся” песнямі і музыкай, якія ліліся па наваколлі.
Бясплатна пачаставацца юшкай і квасам, сфатаграфавацца ў тэматычнай зоне ці набыць круглабокага сольскага карпа – рыбная тэматыка была вытрымана на ўсе 100%.
Не было калі сумаваць і дзецям: іх клікалі надзіманыя горкі і батуты. З адважнымі піратамі хлопчыкі і дзяўчынкі праходзілі гульнявыя выпрабаванні, а з выратавальнікамі вучыліся правільна паводзіць сябе ў надзвычайнай сітуацыі.
Святкаванне пачалося з падвядзення вынікаў спаборніцтва “Рыбак года”. Узнагародзіць лепшых на сцэну запрасілі загадчыка сектара культуры райвыканкама Вольгу Баяровіч:
– Дзень нараджэння вёскі – гэта свята ўсіх, хто тут нарадзіўся і вырас; хто на працягу доўгіх гадоў працаваў дзеля дабрабыту роднага краю і тых, хто і надалей гэта будзе рабіць, захоўваць традыцыі і развіваць сваю маленькую радзіму. Дзякую работнікам сельскай гаспадаркі за тое, што ў гэтыя спякотныя дні шчыруеце на палях і забяспечваеце харчовую бяспеку краіны. Вялікі дзякуй медыкам, педагогам, работнікам культуры – усім, дзякуючы каму квітнеюць Кемелішкі, – павішавала прысутных Вольга Баяровіч і за падрыхтоўку свята адзначыла загадчыка мясцовага клуба Алену Якубцэвіч.
Рыбаком года прызналі Уладзіміра Габрыновіча. Дыплом за ўдзел атрымалі Іван Раван і Лана Шэстак. Самую маленькую рыбку злавіў Яўген Раван, а самым юным рыбаком стаў Канстанцін Чубек.
Любы населены пункт, у першую чаргу, – гэта людзі. У Кемелішках жыве шмат гасцінных і дбайных гаспадароў. Старшыня мясцовага сельскага Савета Рыгор Цэйка назваў лепшыя падворкі – Аляксандра і Аксаны Шостакаў, Анатоля і Таццяны Кавалеўскіх, Пятра і Галіны Дарняк.
– На жаль, мы не можам адзначыць усіх. Традыцыйна ўзорны парадак на тэрыторыі ў Едзінскіх, Пятроўскіх – старэйшых і ў маладога пакалення, і ў многіх іншых. На фотавернісажы, арганізаваным спецыяльна да свята, можна паглядзець на здымкі найбольш прыгожых і дагледжаных сядзіб, – завяршыў выступленне старшыня сельсавета.
Павіншаваў са святам і памаліўся за дабрабыт аграгарадка і яго жыхароў пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі Аляксандр Сямінскі.
Не з пустымі рукамі на ўрачыстасць у Кемелішкі прыехалі шматлікія госці з Астраўца.
Ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын ушаноўвалі найстарэйшую жыхарку аграгарадка Леакадзію Баляславаўну Едзінскую, якая сёлета справіла 95-годдзе. На жаль, жанчына не змагла прысутнічаць на свяце вёскі, але віншавальны адрас і падарунак ёй паабяцалі даставіць дамоў.
Самай маленькай жыхарцы Еве Дрэме сімвалічны ключ перадаў Андрэй Іванцэвіч, які атрымаў яго 7 гадоў назад. Дзяўчынцы і яе бацькам віншаванні накіравала першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава. Лідар моладзі Астравеччыны ўпэўнена, што на вёсцы жыццё ёсць і будзе.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ірына Раткевіч і начальнік ЗАГСа Аксана Дзятко назвалі сямейныя пары, якія крочаць разам па жыцці не адно дзесяцігоддзе: Івана Іосіфавіча і Людмілу Антонаўну Пятроўскіх, Станіслава Станіслававіча і Яніну Антонаўну Івашак, Эдмунда Сцяпанавіча і Валянціну Мікалаеўну Завадскіх.
– Наша гаспадарка з радасцю далучылася да гэтага свята, якое, лічу, адбылося. Рыбы налавілі, юшкі наварылі, гасцей запрасілі, – сказаў дырэктар РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніс Кірпа.
За шматгадовую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу і ў сувязі са святам уручылі ўзнагароды ветэранам працы Крысціне Пляўзе і Ядвізе Субач, а таксама шматдзетнай сям’і Скурат.
Не засталіся ў баку ад святкавання і іншыя кіраўнікі. Дырэктар мясцовай школы Аляксандр Іванцэвіч на сцэну запрасіў Ванду Вайцяховіч, Ірыну Крэс і Марыю Лукойць, загадчык амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Валянціна Пятроўская – Ірэну Емельян і Таццяну Кузьміцкую. А ляснічы Кемелішскага лясніцтва Мікалай Салавей назваў іх найстарэйшага работніка – падарунак за Аляксандра Пляўгу забрала яго ўнучка.
Лепшыя артысты Астравеччыны і калектывы “Світанак” (кіраўнік Ганна Такарчук), “Кемяліна” (Сяргей Дзям’янчык), сталічны Performanc ад душы радавалі гасцей звонкімі галасамі і разнастайным рэпертуарам. А завяршылася ўрачыстасць дыскатэкай пад адкрытым небам.
Марыя Лукойць:
– Для мяне стала прыемнай нечаканасцю, калі Аляксандр Іосіфавіч паклікаў на сцэну. Шмат гадоў працую прыбіральшчыкам у школе. Упэўнена, што і настаўнікі, і ўвогуле калектыў – самыя лепшыя ў свеце.
Хораша на свяце, ні пра каго не забыліся. А нашым артыстам нізкі паклон – вельмі хораша спяваюць.
Генрых Лукашэвіч:
– На святкаванне юбілею прыехаў з Варнян. 43 гады назад мы з Іванам Радлінскім тут капалі стаў. Уявіце, на месцы цяперашняга вадаёма была ручаіна. Жыхарам Кемелішак жадаю моцнага здароўя!
Сямейная пара Пятроўскіх

Іван Іосіфавіч:
– Сёлета будзе 62 гады, як мы разам. Мне пашчасціла, што жонка харошая. Дзяцей выгадавалі. Усе добрымі людзьмі сталі, жывуць добра. А мы з бабуляй у Кемелішках у сваёй хатцы, дзе ўсё зроблена нашымі рукамі.
Людміла Антонаўна:
– Жыццё пражыць – не поле перайсці. Сям’я трымаецца на цярпенні: трэба любіць і саступаць адзін аднаму. Гэтаму і дзяцей вучылі.
