Велосипед может вызвать серьёзную проблему на дороге
Качу, качу, куды хачу… На жаль, у рэальным жыцці атрымліваецца не ўсё так бязвоблачна, як у вядомай песні ката Леапольда. І такі, на першы погляд, бясшкодны і танны сродак перамяшчэння, як веласіпед можа выклікаць сур’ёзную праблему на дарозе.У рэдакцыю звярнуўся мужчына-вадзіцель, які скардзіўся на веласіпедыстаў. “Я разумею, што яны – таксама ўдзельнікі дарожнага руху. Але ж не трэба забываць, што правілы існуюць у тым ліку і для веласіпедыстаў. А зараз вельмі многія на двухколавым транспарце адчуваюць сябе на дарозе так, быццам яны – поўныя гаспадары і праезджая частка існуе толькі для іх. Часта станаўлюся сведкам, як веласіпедысты проста нахабна паводзяць сябе на дарозе. З гэтым трэба нешта рабіць”.
Незадаволеныя выказванні ў адрас веласіпедыстаў даводзілася чуць неаднойчы. Маўляў, едуць, дзе ім пажадаецца, правілы не выконваюць, “падразаюць” і лезуць ледзь не пад колы аўтамабіляў. Нахабнікі, ды і толькі.
Аднак! У медаля заўсёды ёсць іншы бок, пра які таксама нельга забываць. Гледзячы, як па дарозе ліха адна за адной ганяюць машыны, цяжка ўявіць, як па ёй ехаць веласіпедысту без рызыкі для здароўя. Спецыяльныя веласіпедныя дарожкі, як за мяжой ці ў буйных гарадах, у нас можна пералічыць на пальцах.
Памятаю, падчас экскурсіі ў Будапешце наш гід расказваў пра выпадак, калі турыста збіў веласіпедыст. У выніку апошні падаў іск у суд і выйграў справу, бо здарэнне адбылося на веласіпеднай дарожцы, і закон быў на баку веласіпедыста. Словам, усё справядліва і ніякіх прэтэнзій. На жаль, у нас усё інакш. Вадзіцелі скардзяцца на недысцыплінаваных веласіпедыстаў, тыя ж “наязджаюць” на “аўтагоншчыкаў”.
Каб паспрабаваць разабрацца ў спрэчнай сітуацыі, за тлумачэннем і каментарыем мы звярнуліся да начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Уладзіміра Іванавіча Александровіча.
– Скажыце, наколькі частыя канфліктныя сітуацыі на дарозе з удзелам веласіпедыстаў?
– На жаль, такія парушэнні не рэдкасць. У сярэднім на тыдзень прыходзіцца адзін-два выпадкі. Галоўнае, пра што трэба памятаць вадзіцелям усіх відаў транспарту: у п’яным выглядзе нельга садзіцца за руль веласіпеда. У асенне-зімовы перыяд дадаюцца парушэнні – на трасу выязджаюць неабсталяваныя веласіпеды.
– Як і дзе па закону павінны ездзіць веласіпедысты?
– У адпаведнасці з правіламі дарожнага руху веласіпедыст павінен ехаць па веласіпеднай дарожцы. Калі ж яе няма – па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы. Пры гэтым веласіпедысты не павінны ствараць перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці тратуара ці дарожкі яны могуць ехаць па праезджай частцы, аднак, што называецца, шнурочкам і не далей за адзін метр ад правага краю дарогі.
– Наколькі я ведаю, у нашым раёне толькі дзве веласіпедныя дарожкі – уздоўж дарогі на Гудагай і часткова – на Малі. Ці здараюцца выпадкі, калі веласіпедысты ігнаруюць гэтыя дарожкі і ўсё роўна едуць па трасе? Што ім за гэта “свеціць”?
– Падобныя сітуацыі здараюцца, але рэдка. Пакаранне за гэта, як і за любое іншае парушэнне: калі веласіпедыст у цвярозым стане – штраф ад адной да трох базавых велічынь. Калі ж ён “прыняў” спіртнога – а такіх большасць, – то будзе плаціць ад трох да пяці базавых. Сумы, трэба сказаць, немаленькія.
– Вадзіцелі скардзяцца на недысцыплінаваных веласіпедыстаў і пешаходаў, веласі-педысты і пешаходы – на “ліхіх” вадзіцеляў. І ў кожнага свая праўда. Ці існуе з гэтага “замкнёнага кола” выйсце?
– Канешне, выпадкі бываюць розныя. Калі чалавек разумее, што парушыў правілы, ён заплаціць штраф без аспрэчвання і прэтэнзій. Што тычыцца адносін на дарозе паміж рознымі ўдзельнікамі руху, тут, лічу, усё залежыць ад маральных якасцей чалавека. На дарозе часам могуць узнікнуць самыя розныя экстрэмальныя сітуацыі. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Таму трэба паважаць адзін аднаго. Чаму вадзіцелі, лаючыся на непаслухмяных пешаходаў, пакідаючы руль, паўтараюць іх памылкі? Чаму мы бачым парушэнні іншых, але не заўважаем сваіх? Перш чым абвінавачваць кагосьці, варта ўявіць сябе на яго месцы. Не забывайце, што, акрамя асноўных правілаў дарожнага руху, на дарозе таксама вельмі важныя ўзаемадапамога і ўзаемаразуменне яго ўдзельнікаў.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.
