Велікодныя пісанкі ад Валянціны Завіша з Міхалішак і вучняў Спондаўскай школы
Пасля падвядзення вынікаў конкурсу “Створым свята сваімі рукамі”, які праходзіў на сайце нашай газеты ostrovets.by, адна з яго наведвальніц прапанавала правесці конкурс на лепшую пісанку да Вялікадня.
Гэты конкурс мы аб’явілі яшчэ ў сакавіку. І прасілі дасылаць на яго фотаздымкі пісанак і розных велікодных кампазіцый, створаных з падручнага матэрыялу сваімі рукамі. Работы можна было дасылаць да 13 красавіка.
Але дата завяршэння конкурсу набліжалася, а работ не было. Гэта здзівіла. Што-што, а велікодныя яйкі фарбуюць усе. І бадай што ў кожнай сям’і ёсць свой сакрэт. Таму ўдзельнікаў гэтага конкурсу, на думку супрацоўнікаў рэдакцыі, павінна было быць шмат. Але свае кампазіцыі даслалі толькі два канкурсанты.
Адна з іх – Валянціна Завіша з вёскі Міхалішкі – даслала ў рэдакцыю два фотаздымкі: кампазіцыю з фарбаваных пісанак з рознымі ўзорамі ўпрыгожвае сімвалічная курачка.
Даслалі тварэнні сваіх рук у рэдакцыю вучні Спондаўскай сярэдняй школы. У іх атрымалася ажно шэсць фотаздымкаў. Расфарбаваныя пісанкі, яйкі, упрыгожаныя саломкай, упакаваныя на падстаўцы ў форме зайчыка – прыгажосць, не адвесці вачэй.
Але паколькі ўдзельнікаў конкурсу было толькі два, то і яго вынікі вырашана было не падводзіць. Мы яшчэ раз віншуем усіх з Велікоднымі святамі і запрашаем паўдзельнічаць у нашых новых конкурсах.
Алена ЯРАШЭВІЧ.






