Вандруем па Беларусі з Нінай Рыбік: Сула. Гомель, Ветка. Тураў, Мазыр,
“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” Хто не ведае гэтыя радкі з песні пра журавоў, якія з выраю на Палессе ляцяць.
Вось і мы з сябрамі вырашылі падчас адпачынку “злятаць на Палессе”. Маршрут, праўда, выбралі звілісты, але ад таго нават больш цікавы.
Хочаце павандраваць з намі? Ці, калі былі ўжо ў тых мясцінах, супаставіць уражанні? То далучайцеся!
Дзень першы. Адкрыццё Сулы

Мне здаецца, я апошняя, хто не быў у Суле. Неяк калектыў рэдакцыі ездзіў туды на экскурсію, вярнуліся з найлепшымі ўражаннямі, але ў мяне ў той раз былі праблемы са здароўем. І ў якасці маральнага суцяшэння сябры «посулили мне Сулу».
Абяцанага, як звычайна, давялося чакаць тры гады: усе мы людзі занятыя і не так проста знайсці ў шчыльным графіку некалькі вольных у адных і другіх дзён.
Але мары, як вядома, збываюцца. Асабліва калі моцна гэтага хацець і ўсё рабіць для таго, каб яны ажыццявіліся.
Вярнуўшыся ў 6 гадзін раніцы з адной вандроўкі, у 14 я выправілася ў наступную.
…Шчыра кажучы, ехала са скептычнымі прадчуваннямі: маўляў, навадзел і ўсё такое…
Але ў Сулу закахалася з парога, з касы, калі загаварылі з намі па-беларуску. Аказваецца, гэта прынцыповая пазіцыя пры падборы супрацоўнікаў: добрае валоданне мовай.

У Сулу мы прыехалі пазнавата і не паспелі пабачыць і даведацца ўсё, што хацелі і што нам раілі бывалыя. Парада: сюды лепш прыязджаць з самай раніцы, на ўвесь дзень, а яшчэ лепш – на два (пераначаваць і паесці ёсць дзе). Каб усё “з пачуццём, з толкам, з расстаноўкай”…
Тым не менш, хлеба свежаспечанага, яшчэ цёплага, мы пакаштавалі.
І арыгінальную паштоўку з прыгожай беларускай маркай юнай сяброўцы ў Расію з паштовай станцыі мінулага стагоддзя адправіла.
Сакрэты вырабу “Старкі запольскай” даведаліся, прадэгуставалі старадаўні беларускі напой і набылі ў якасці сувеніру.
На адзінай у Беларусі концы – правобразе трамвая: вагончыку, які цягне па рэйках конь, – праехалі. (Жарт дня. Пытанне кучару конкі: “Скажыце, а коніку не цяжка цягнуць вагончык з пасажырамі?” Адказ: “А каму сёння лёгка?”)
Імянную падкову на шчасце выкавала, хоць у каваля ўжо закончыўся працоўны дзень. “Чаго хоча жанчына, таго хоча Бог”, – адказаў ён на просьбу затрымацца дзеля мяне на пару хвілін. Крыху крываватая атрымалася, але што ж на люстэрка скардзіцца… Які лёс – такая і падкова.

І яшчэ шмат чаго паспелі.
Але яшчэ больш не паспелі...
Словам, калі нехта мне зноў «посулит Сулу», я не адмоўлюся…
Дзень другі. Салігорск з вышыні птушынага палёту

У гэты аэраклуб мы трапілі дзякуючы Сашу Івашку – бацькі падарылі хлапчуку сертыфікат на палёт. А мы збіраліся побач пастаяць, пахварэць…
Ага, сама тыя! У выніку паляцелі ўсе. Нават я… Папярэдне пацікавіўшыся ў Сяргея, нашага пілота з 30-гадовым стажам, ці даводзілася яму “лятаць” “дзяўчатак” ва ўзросце 60+. Кажа, былі і 70+. Эх, дзе наша не прападала!…
Тут трэба патлумачыць, што я панічна баюся вышыні. І пры тым не баюся вялікіх самалётаў, гэтых паветраных хостэлаў з усімі выгодамі.
Але палёт на гэтым маленькім, нібы цацачным, а насамрэч сапраўдным самалёціку – гэта зусім іншыя адчуванні. Калі ён узмывае ў паветра і нібыта спыняецца (а Сяргей кажа, што хуткасць 100 кіламетраў у гадзіну, вышыня – 500 метраў), ды яшчэ трохі пагойдваецца… Адрэналінчык яшчэ той, скажу я вам!
Але ўнізе – такая прыгажосць, што ўвесь страх праходзіць! Пілот расказвае, што там, а ты слухаеш праз навушнікі, і яшчэ пытанні задаеш…
Пралятаем над Салігорскам. “Самы малады горад Беларусі”, – тлумачыць Сяргей. “Не, – папраўляю, – самы малады – Астравец, хоць яму 555 гадоў. Такі вось парадокс!”. Ружаватыя горы – салігорскія тэррыконы, дзе складзіруюцца адходы вытворчасці “Беларуськалія”.
Вадасховішча – здаецца, мы так доўга пераязджалі цераз яго па мосце, а зверху паглядзець – так сабе лужынка.
Над ім і перад ім, і за ім доўга-доўга цягнецца незразумелая блакітная стужка. “Што гэта?” – задаю пытанне, адказ на якое мы шукалі ўсю дарогу. “Васьмікіламетровы канвеер, на якім руда паступае на руднік,” – тлумачыць пілот.
На паветранай эксурсіі з гідам быць яшчэ не даводзілася! І ніякіх табе таблічак: “Не перашкаджайце пілоту падчас палёту”.
Мяккая – ну вельмі мяккая, амаль незаўважная – пасадка…
Прывітанне, зямля! Я бачыла цябе з вышыні птушынага палёту! Прывітанне, сябры! Дзякуй, што спакусілі на гэтую авантуру!
Дзень другі. Гомель. Няма прарока ў сваёй Айчыне…

Да Гомеля ў мяне адносіны асаблівыя. Як да родзіча, дарагога, прыгожага, якога вельмі любіш, трохі пабойваешся, марыш, каб стаў па-сапраўднаму родным, ды нешта не атрымліваецца. Ці ты да яго не дацягваешся, ці ён не вельмі цябе хоча ведаць… Што ж, так бывае…
А можа, уся справа ў тым, што я не вельмі добра ведаю Гомель?
Вось і ў гэты раз… Палац Румянцавых і Паскевічаў (пісаць гэтыя прозвішчы праз злучок, папярэдзілі нас, – недаравальная памылка, бо адны і другія былі гаспадарамі палаца і Гомеля ў розны час і не ведалі адзін аднаго. Тым не менш, вельмі любілі горад і сваю рэзідэнцыю, зрабілі яе непаўторна прыгожай і пакінулі адметны след у гісторыі ўвогуле і Гомеля – у прыватнасці). Парада: будзеце сюды збірацца – замаўляйце экскурсію, аўдыёгід і подпісы пад экспанатамі – нудна, сумна, нецікава, не поўна…
І толькі ў асабістай размове з супрацоўнікамі (тымі, хто хацеў з намі размаўляць – а такіх было большасць: відаць, як яны любяць былых гаспадароў, як шчыра гатовы падзяліцца гэтай любоўю з зацікаўленымі і не вельмі турыстамі) ды пазней з інтэрнэту мы даведаліся пра Ірыну Паскевіч, “нашу Ірынушку”, як любоўна называлі яе гамяльчане, – незвычайную жанчыну, якая апярэдзіла свой час. Яна праславілася сваёй дабрачыннасцю і прагрэсіўнымі поглядамі: будавала і ўтрымлівала школы, аплачвала вучобу адораных дзяцей, стварыла прытулак для дзяўчынак-сірот і багадзельню для пажылых жанчын, давала ў пасаг беспасажным дзяўчатам швейныя машынкі (заўважце: не рыбу, а вуду, не бялізну, а магчымасць яе пашыць). Ірына Іванаўна пабудавала ў Гомелі шпіталь для лячэння вачэй, выдзяляла грошы на ўтрыманне іншых бальніц. Першай у Расіі ўвяла 8-гадзінны рабочы дзень на Добрушскай папяровай фабрыцы (паўсюль быў 10-гадзінны). Была першай перакладчыцай рамана Льва Талстога “Вайна і мір” на французскую мову.
Пасля рэвалюцыі палац і ўсю маёмасць падарыла народнай уладзе. Прасіла аб адным: усё захаваць і зрабіць тут музей.

Просьбу выканалі. Ірыну Іванаўну перасялілі ў невялікі дом, дзе яна дажыла да глыбокай старасці – памерла ў 1925-м ва ўзросце 90 гадоў. Дзяцей, на жаль ці на шчасце, не мела.
Нягледзячы на ўсе яе шчодрыя падарункі, заслугі перад горадам і яго жыхарамі ўлады не дазволілі пахаваць Ірыну Паскевіч у фамільным склепе побач з мужам Фёдарам. Гараджане выпрасілі, каб для апошняга спачыну мецэнаткі выдзелілі месца каля сцяны Петрапаўлаўскага сабора, але адтуль яе астанкі ў 1930 годзе выкінулі “ўдзячныя нашчадкі”. Цяпер яе магіла, як нам сказалі, “зацягнулася”, знікла. Ля сабора толькі ўстаноўлены бюст.
Няма прарока ў сваёй Айчыне…
Дзень трэці. Ветка: ёсць прарокі!

Не ведаю ўсіх славутасцяў Веткі, магчыма, іх шмат. Але там варта пабываць дзеля адной, галоўнай: музея стараабрадства. Іншага такога і нават падобнага дакладна няма ў Беларусі. Дастаткова сказаць, што філіял Веткаўскага музея дзейнічае ў Гомелі, а не наадварот. І, як па мне, то філіял нашмат слабейшы.
…Дзясяткі ручнікоў (а ў запасніках іх, кажуць, сотні), у тым ліку і легендарныя няглюбскія, якія, уласна кажучы, і паходзяць з Веткаўшчыны і прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
…“Апостал” Івана Фёдарава 1574 года выдання: такіх кніг тры ў Беларусі, і адна з іх – у Веткаўскім музеі. Расказвалі: калі Фёдар Шкляраў зайшоў ў адну з вясковых хат, то ледзь не атрымаў інфаркт: па 500-гадовай кнізе малілася бабуля, не ўяўляючы, якую каштоўнасць трымае ў руках. Яна пагадзілася аддаць старадрук у музей пры ўмове, што ёй узамен дадуць іншы “Апостал”, не такі патрапаны і з большымі літарамі. Выданне 19-га стагоддзя бабулю цалкам задаволіла.
…Іконы ў залачоных ківотах такой тонкай работы, што нізавошта не скажаш, што яны зроблены з дрэва.
…Уласная веткаўская іканаграфія: Мікола Адваротны – веткаўскі варыянт абраза Міколы Цудатворцы.
…І шмат чаго яшчэ – не злічыць і не пералічыць, і не надзівіцца…
У чарговы раз не магу не ўзгадаць ролю асобы ў гісторыі. На гэты раз асобы Фёдара Шклярава. Чалавек, які стварыў гэты ні на што не падобны музей, меў 10 класаў адукацыі. Уласна кажучы, ён і пачаўся з трохсот яго ўласных экспанатаў, перададзеных у дар музею. А цяпер іх 35 тысяч…

І той рэдкі выпадак, калі ёсць прарок у сваёй Айчыне: створаны ім музей стараабрадства носіць імя Фёдара Шклярава, а ў фае змешчаны партрэт гэтага вялікага падзвіжніка.
Дзень чацвёрты. Тураўскія цуды

«І плавіцца асфальт, пратэктары кіпяць…” Гэтыя словы з песні Уладзіміра Высоцкага міжволі ўспывалі ў памяці, калі мы ехалі ў Тураў. “За бортам” +33 па Цэльсію, не ратуе нават кандыцыянер. Але ж… Пабыць на Палессі і не заехаць у Тураў – усё роўна, што ў Рыме абмінуць Ватыкан.
Параўнанне невыпадковае. Гэта сёння Тураў невялікі гарадок у Жыткавіцкім раёне. А ў 10-12-м стагоддзях яго ўплыў і слава былі сувымяральны з Кіевам. Пра Кірылу Тураўскага, які быў, па сутнасці, першым пісьменнікам на беларускай зямлі, чулі? А пра рукапіснае Тураўскае Евангелле 11-га стагоддзя (якога, як і многіх іншых нашых артэфактаў, няма ў Беларусі, яно захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы)? Дык вось, усё гэта адсюль, з самабытнага гарадка на беразе Прыпяці. Тураву раней падпарадкоўваліся не толькі Мазыр і Пінск (праваслаўная епархія з цэнтрам у Мазыры, дарэчы, да гэтага часу назваецца Тураўскай), але і Брэст.
Што паглядзець у Тураве? Экскурсіі звычайна пачынаюцца з краязнаўчага музея. Але мяне ён не зачапіў: музей як музей, з Веткаўскім не параўнаць…
А вось раскоп старажытнага храма варта пабачыць: у 12-м стагоддзі (толькі ўявіце сабе: тысячу гадоў таму!) ён быў разбураны 8-бальным землятрусам – і гэта яшчэ адна сенсацыя, у якую, да слова, не ўсе вераць да гэтага часу: адкуль на Палессі землятрусы? Але, па якой прычыне ні разбурыўся б храм, тое, што захавалася да нашых дзён, уражвае. Падчас раскопак на яго тэрыторыі і на мясцовых могілках, першыя пахаванні на якіх датуюцца тым жа 11-м стагоддзем, знайшлі пяць саркафагаў з пахаваннямі заможных людзей Тураўшчыны. У адным з іх, як мяркуецца, быў пахаваны сам Кірыла Тураўскага.
А па астанках другога аднавілі скульптурны партрэт маладой жанчыны. І мусіш пагадзіцца з расхожым выказваннем: самыя прыгожыя жанчыны – беларускія!
Хоць, безумоўна, галоўны цуд, які не могуць растлумачыць вучоныя і дзеля якога паломнікі едуць у Тураў, – крыжы, што растуць з зямлі з хуткасцю прыкладна 2 міліметры ў год на мясцовых старажытных, як сам Тураў, могілках. Першы з’явіўся над паверхняй у 60-я гады мінулага стагоддзя, у 2001-м выйшла яго папярэчная пераклаадзіна – тады стала зразумела, што гэта менавіта крыж. Спробы скрануць яго з месца, выкапаць, нейкім іншым чынам паўздзейнічаць на камень аказаліся марнымі. Раны-сколы, якія змаглі нанесці вандалы, праз нейкі час самі сабой бясследна зацягнуліся. Крыжу пакланяюцца як святыні – моляцца, просяць дапамогі… Але, кажуць, першы крыж перастаў расці, калі непадалёк стаў выходзіць з зямлі другі. Па іншай версіі – пасля таго, як месца яго з’яўлення добраўпарадкавалі і схавалі пад павець.
А яшчэ, калі будзеце ў Тураве, не абмініце фірменны магазін мясцовага малочанага камбіната. Там можна купіць італьянскія сыры беларускай вытворчасці: мацарэла, маскарпонэ, рыкота і іншыя… Я не вялікі знаўца італьянскіх сыроў, гурман, магчыма, знойдзе дзесяць ці нават больш адрозненняў. Але ў любым выпадку яны вельмі смачныя!
І, канешне ж, проста немагчыма ў такую спёку не завітаць на спатканне да прыгажуні Прыпяці!
Каб хоць ногі памачыць…
Дзень чацвёрты. Мазыр: радзімка на рачным брыве

Папярэджваю: тут я буду неаб’ектыўнай – як немагчыма быць аб’ектыўным, калі гаворыш пра каханага чалавека. Зрэшты, аб’ектыўнасць – рэч увогуле адносная…
Прызнаюся: я люблю Мазыр! Так, як можна любіць горад, куды прыязджала яшчэ школьніцай (гадоў з дванаццаці бацькі лічылі мяне дастаткова самастойнай, каб адпраўляць адну да сястры, з перасадкай і шматгадзінным чаканнем аўтобуса у Хойніках). Тут і цяпер жывуць дарагія мне людзі – сястра, пляменнікі, іх дзеці, цётка, стрыечныя… Тут я свая, і горад гэты мне не чужы.
Хоць, здаецца, Мазыр немагчыма не палюбіць і тым, у каго тут няма родзічаў і сяброў. У горад ўлюбляешся з першага позірку, яшчэ калі пераязджаеш па даўжэзным мосце шырокую Прыпяць у атачэнні жоўта-зялёных пацерак пляжаў і лесу. Гэта адметная “радзімка на рачным брыве” (некалі Мікола Мятліцкі так вобразна назваў Быстрыцу, але, мне здаецца, і да Мазыра гэты вобраз цалкам падыходзіць). Сярод роўных неабсяжных палескіх палеткаў раптам узнікаюць горы і равы, на якіх неймаверным чынам туляцца шматпавярхоўкі кшталту педагагічнага інстытута (хто вучыўся, ведае, чаго каштуе ўскараскацца да “альма-матар” – але затое які адтуль від!); суседнічаюць суперсучасныя катэджы “новых беларусаў” і драўляныя дамкі 1830 года пабудовы, як у маёй сястры.
Мазыр – гэта “цудоўны парк па-над рэчкаю”, цудоўны ў любую пару года і дня, але, як высветлілася ў апошні прыезд, вечарам – найбольш… І зноў жа – Прыпяць: шырокая, ласкавая, цёплая пасля спякотнага дня…

Мне здавалася, што пра Мазыр я ведаю ўсё. І ўсё ж, дзякуючы экскурсіі, якую правяла для нас бібліятэкар сабора Святога арханёла Міхаіла, многія старонкі яго гісторыі для мяне не тое каб адкрыліся, але ўсталяваліся – як некалькі недастаючых пазлаў, заняўшы свае месцы, робяць карціну цэласнай.
Храм быў пабудаваны як касцёл пры манастыры бернардынцаў прыкладна ў 1775 годзе мазырскім маршалкам Казімірам Аскеркам – пахаванне яго самога і яго сямейнікаў захавалася ў ніжняй крыпце. Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гадоў манастыр зачынілі, у будынку храма размяшчаліся бальніца і іншыя ўстановы Мазырскага павета, а пазней ён быў перададзены праваслаўнай царкве.
Самыя трагічныя старонкі гісторыі храма – з 1935 па 1941 гады, калі тут зрабілі турму НКУС Палескай вобласці (Мазыр у той час быў абласным цэнтрам). Па прыблізных падліках, праз яе прайшло каля дзесяці тысяч чалавек. Каля двух тысяч былі тут жа расстраляны. Целы скідвалі ў мураваныя сутарэнні пад храмам. І да 2011 года (!), яны, прысыпаныя зямлёй, там і знаходзіліся, хоць сабор вярнулі вернікам яшчэ ў 1941-м. Храм вярнулі – а падвал належаў гарадскому малочнаму заводу, і спускацца туды святарам было забаронена.
Жорсткая праўда ў літаральным сэнсе выйшла наверх, калі сабору перадалі падвал і яго пачалі ачышчаць – у той час Тураўскай епархіяй кіраваў уладыка Стэфан. Мазыране былі ў шоку, калі з падзямелля сталі даставаць незлічоную колькасць чалавечых касцей і чарапоў з дзіркамі ад куль.
Астанкі расстраляных перапахавалі. А ў 2010 годзе ў сутарэннях сабора асвяцілі царкву ў гонар Новапакутнікаў Палескіх – першы беларускі храм, прысвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Ва ўнікальнай царкве і іканастас унікальны: яго выкаваў унук аднаго з забітых тут новапакутнікаў.
А яшчэ мазырскі сабор ўнікальны тым, што яго распісаў таленавіты рэчыцкі мастак са складаным лёсам Аляксандр Ісачоў, які заўчасна пайшоў з жыцця. На жаль, большасць яго карцін цяпер знаходзіцца за мяжой – а ў Мазыры прыходзь, глядзі, маліся…
І яшчэ нам выпала шчасце ўзняцца на званіцу Святаміхайлаўскага сабора і ўбачыць Мазыр з вышыні птушынага палёту. Незабыўныя ўражанні!
Дзень пяты. Хойнікі: родныя і чужыя.

Хай даруюць мне землякі, я не так моцна люблю Хойнікі, дзе жыла і працавала восем гадоў, нарадзіла дзяцей і да якіх, здаецца, павінна была прыкіпець сэрцам, як Мазыр, дзе бывала час ад часу, наездамі. Ці гэта з-за таго, што сёння мне ў Хойніках, як у першыя месяцы пасля пераезду ў Астраўцы, няма з кім павітацца? Горад – гэта ж не будынкі і помнікі, а людзі....
І ўсё ж, бываючы ў родным, хоць і не самым любімым горадзе, як правіла, праездам, адзначаю, што ён папрыгажэў, набыў пэўны глянец – зрэшты, як і ўсе беларускія гарады.
Найбольшыя пераўтварэнні тут адбыліся ў 2010 годзе падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, у якім пашчасціла прыняць удзел і мне як удзельніку духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Тады з’явілася скульптурная кампазіцыя “Па старонках твораў Івана Мележа” ў старым парку. І ўвогуле парк стаў больш прыгожым і сучасным. Да гонару землякоў, створаную да свята прыгажосць яны падтрымліваюць і па магчымасці прымнажаюць.

У кожны свой прыезд стараюся не абмінуць помнік адселеным вёскам, “успомніць усіх пайменна”: Радзін, куды хадзіла ў школу; Дронькі і Пагоннае – паваротныя прыпынкі нашага аўтобуса: ад іх дахаты, як тады здавалася, – рукой падаць, а насамрэч – кіламетраў з дваццаць; Аравічы, куда прыязджала з Мазыра па Прыпяці на воднай “ракеце”, а затым ламала галаву, як дабрацца да сваёй вёскі; Чамкоў, дзе пахавана маё першае каханне, якое загінула ў Афганістане; Баршчоўку, Малочкі, Масаны…

А найперш – пакланіцца сваім Уласам…
Адна з задач: купіць на гасцінцы фірменных хойніцкіх грыбочкаў печыва такое, вельмі смачнае). Хоць, на жаль, зрабіць гэта ўсё цяжэй, трэба замаўляць зараней. Чаму не развіваюць свой адметны брэнд?
Па магчымасці – праехаць па Паўночнай вуліцы, дзе і сёння стаіць наш дом, у якім даўно жывуць іншыя людзі.
І – назад! Дамоў, у Астравец…
На другую радзіму, якая ўжо стала першай…
