Валюта з'явілася, чэргі зніклі
У сераду пасля таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы, у выніку якіх курс долара спыніўся на адзнацы ў 8 600 беларускіх рублёў, у абменных пунктах банкаў нарэшце з’явілася валюта.
Нягледзячы на прагноз, што долары, еўра і іншыя плацёжныя сродкі пачнуць прадавацца ў абменніках праз 2-3 дні пасля сесіі, валюту сталі рэалізоўваць ужо ў сераду вечарам.
Курс продажу долара ў розных банках вагаўся ад 8 700 да 9 200 рублёў за адзінку.
Адначасова з новай цаной ля абменнікаў зніклі чэргі.
Наступная дадатковая сесія, якая адбылася ў чацвер, паменшыла долар у цане адразу на 100 рублёў. Змяніўся яго курс і ў банках.
Калі ў сераду ў астравецкім аддзяленні “Беларусбанка” долар прадавалі па 8 800, то раніцай пятніцы ён каштаваў ужо 8 650 рублёў за адзінку.
Разлікова-касавы цэнтр “Белаграпрамбанка” г.п. Астравец у сераду пачынаў прадаваць долары па 9 200 рублёў. А ўжо ў пятніцу ў гэтым жа банку амерыканскую валюту можна было купіць па 8 700 беларускіх рублёў.
Эдуард ІВАНАЎ.