Валанцёры з Даніі дзеляцца вопытам з астравецкімі калегамі

У Астравецкі раён завіталі госці з Даніі – валанцёры дацкага Чырвонага Крыжа, якія на працягу тыдня працавалі ў нашай рэспубліцы па абмену вопытам з супрацоўнікамі і валанцёрамі Беларускага Чырвонага Крыжа.


Напачатку датчане Міттэ Эйгард Хансэн, Клаус Бойсэн, Карстэн Пантапідэн, асістэнт рэспубліканскага маладзёжнага каардынатара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Іна Чарняева і каардынатар Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Юлія Навіцкая, якая да таго ж выступала ў якасці перакладчыка, сустрэліся на тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы.
Пасля знаёмства з сістэмай аховы здароўя ў Астраўцы і з офісам раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа была запланавана экскурсія па горадзе і наведванне касцёла Святой Тройцы ў Гервятах.
А потым на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў “круглы стол”, падчас якога датчане сустрэліся з нашымі валанцёрамі і абмеркавалі надзённыя рабочыя пытанні.
Прынамсі, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Вольга Іосіфаўна Руднік пазнаёміла гасцей з развіццём валанцёрскага руху ў раёне. На Астравеччыне працуюць група валанцёраў з ліку бацькоў, у сем’ях якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, валанцёрскія групы і атрады на базе ўстаноў адукацыі і базавая валанцёрская група “Прамень”, у склад якой уваходзяць не толькі здаровыя людзі, але і моладзь з абмежаванымі магчымасцямі.
Абмен вопытам пачаўся з расповеду А.Ф. Юркойць пра работу з сем’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Аксана Францаўна, хаця і працуе настаўніцай, заўсёды знаходзіць час на валанцёрскую дзейнасць. На працягу пяці гадоў Аксана Юркойць з’яўляецца актыўным удзельнікам двух праектаў, якія паспяхова рэалізуюцца ў раёне. Паездкі ў Мінск, экскурсіі, наведванне вузкіх спецыялістаў, сустрэчы за святочнымі сталамі, з медыцынскімі работнікамі, псіхолагамі і свяшчэннаслужыцелямі – усё гэта дапамагло аб’яднаць маці з розных населеных пунктаў раёна ў адну сям’ю, навучыла іх змагацца з бядой, якая напаткала іх сем’і. Аксана Францаўна таксама нагадала, што пры падтрымцы раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, быў арганізаваны збор сродкаў для сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з чацвёртай групай страты здароўя. У выніку гэтай акцыі многія сем’і былі забяспечаны падгузнікамі на паўгода наперад.
Пра дзейнасць валанцёрскай групы “Анёлы”, што працуе на базе Міхалішкаўскай школы, расказала яе кіраўнік Эльміра Салтанава.
– Эльміра была першым чалавекам, якая сама нас знайшла, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Вольга Іосіфаўна Руднік. – Маладая настаўніца змагла аб’яднаць вакол сябе не толькі старшакласнікаў, але і вучняў сярэдніх і малодшых класаў і з задавальненнем займаецца валанцёрскай дзейнасцю.
Міхалішкаўская зона адметная тым, што на яе тэрыторыі размешчаны пункт сястрынскага догляду, у якім знаходзіцца 70 пацыентаў. Менавіта тут рэалізуецца праект “Крок насустрач”, ажыццяўляць рэалізацыю якога дапамагае валанцёрская група “Анёлы”.
Дарэчы, пра сваю дзейнасць Эльміра расказвала на англійскай мове, што прыйшлося даспадобы датчанам, – а нам дазваляе ганарыцца эрудыраванасцю нашай моладдзі.
Эльміра прыехала працаваць у Міхалішкі два гады назад. Дзеці тут вельмі актыўныя – гэта і падштырхнула яе да арганізацыі ў школе валанцёрскага атрада.
– Школьнікі з задавальненнем ходзяць да нашых падапечных, чытаюць ім кнігі і газеты, слухаюць расповеды пра жыццё гэтых людзей, віншуюць са святамі, арганізоўваюць канцэрты – і самі ўзбагачаюцца ад сустрэч з цікавымі людзьмі, – расказвае Эльміра.
Ірына Стэх, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, узначальвае ўсю валанцёрскую дзейнасць у раёне. Пачалося гэтае “захапленне” некалькі гадоў назад, калі Ірына трапіла на семінар па навучанні лідарству. Пасля яго вярнулася ў раён і вырашыла “заразіць” гэтым “вірусам” сваіх сяброў і знаёмых. Павел Букель, Наталля Скачкова, Эльвіра Жугалёва, Вольга Клімчэня, Віталій Спірыдон, Уладзімір Свіла на чале з Ірынай Стэх стаялі ля вытокаў валанцёрскага руху ў раёне. Спачатку гэта была прафілактычная дзейнасць – акцыі супраць курэння, наркаманіі, дарожнага траўматызму, СНІДу, потым – аказанне падтрымкі адзінокім пенсіянерам, сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, рэалізацыя двух міні-праектаў “Нашы дзеці” і “Калі мы разам, мы – моцныя”. Цяжка падлічыць, колькі акцый і мерапрыемстваў арганізавалі валанцёры, колькі дабрыні і клопату яны прынеслі ў наш свет.
Былі падчас сустрэчы і пытанні. Напрыклад, госці з Даніі былі здзіўлены тым, што нашы валанцёры ў сваёй большасці – моладзь, што яны так цесна супрацоўнічаюць з раённай газетай і грамадскімі арганізацыямі.
У валанцёрскай дзейнасці датчан таксама было шмат цікавых фактаў: кожны член Чырвонага Крыжа ў Даніі плаціць узносы, якія ў год складаюць 200 тысяч беларускіх рублёў. Дацкія валанцёры, акрамя валанцёрскай дзейнасці, праводзяць курсы па аказанні першай дапамогі – без іх праходжання немагчыма атрымаць правы на ваджэнне аўтамабіля.
Знаёмства з валанцёрскай дзейнасцю прадоўжылася ў аддзяленні дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, якое працуе на базе тэрытарыяльнага цэнтра. Тут Ірына Стэх расказала, чым займаюцца маладыя інваліды, а на памяць аб сустрэчы падарыла сувеніры, зробленыя рукамі яе выхаванцаў.
На памяць аб Астравеччыне Вольга Іосіфаўна таксама ўручыла гасцям з Даніі памятныя падарункі – набор магнітаў і буклет пра Астравецкі раён.
Эмоцыі ад сустрэчы былі станоўчыя. Прынамсі, госці сказалі: калі б давялося характарызаваць Беларусь па ўбачанаму ў Астравецкім раёне, то гэта былі б такія словы – дабрыня, гасціннасць і, канешне, жаданне прыехаць сюды яшчэ раз.


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.