Валанцёры атрада "Прамень" зрабілі падарункі дзецям, абдзеленым бацькоўскай увагай

У пачатку верасня прайшла акцыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа “Падарунак да школы”. Кожны жадаючы мог дапамагчы дзецям, якія маюць патрэбу ў гэтым. У выніку падчас акцыі валанцёры сабралі 219 адзінак тавараў (адзення, абутку, канцылярскіх прылад) на агульную суму 3 148 300 рублёў. У скарбонку Чырвонага Крыжа было ахвяравана 58900 рублёў.


Пасля таго, як усё было сабрана і падлічана, тыя ж валанцёры дабрачыннага атрада “Прамень” частку рэчаў адправілі ў малазабяспечаныя сем’і, а частку адвезлі ў Варнянскі сацыяльны прытулак.
Іх там ужо чакалі цікаўныя вочкі і запытальныя позіркі маленькіх жыхароў прытулку, якія спачатку нясмела і асцярожна, а затым усё байчэй пачалі вывучаць змесціва прывезеных скрынак. Хтосьці захоплена разглядваў новенькі ранец, іншы выбіраў сабе цацкі, а некаму не цярпелася праверыць у справе новыя фламастары. І на пытанне: “Вам падабаюцца гэтыя рэчы?” – усе дружна ківалі галовамі. Для дзяцей, абдзеленых бацькоўскай увагай і любоўю, гэта былі сапраўдныя і вельмі ім патрэбныя падарункі да школы.
Некалькі слоў пра тое, як збіраліся гэтыя падарункі. Акцыя “Падарунак да школы” праходзіла на астравецкім рынку, дзе кожны мог ахвяраваць грошы, адзенне, абутак ці іншую рэч. Як адзначыла камандзір валанцёрскага атрада “Прамень” Ірына Стэх, усе ахвяраванні ўнеслі менавіта прадпрымальнікі.
–За некалькі гадоў, што мы праводзім дабрачынныя акцыі, тут ужо склаўся своеасаблівы касцяк, які без лішніх слоў дапамагае нам, чым толькі можна. І калі спачатку гэта былі некалькі чалавек, то зараз у дабрачыннасці ўдзельнічаюць усе прадпрымальнікі. І за гэта ім вялікі дзякуй. Я не буду пералічваць прозвішчы – іх вельмі шмат. Ды, напэўна, тыя, хто робіць дабро ад шчырага сэрца, і не патрабуе лішняй увагі. Дабрачыннасць – справа добраахвотная. Галоўнае – сам учынак і тое памкненне, дзякуючаму якому яны ўсё гэта робяць, – адзначыла кіраўнік валанцёраў.
Усё ж такі прозвішча аднаго прадпрымальніка мы назавём. І зусім не таму, што ён вось ужо трэці год запар ахвяруе дзесятак школьных ранцаў, і не таму, што заўсёды супрацоўнічае з валанцёрамі – гэта, паўтаруся, робяць і іншыя прадпрымальнікі. А таму, што Віктар Ціхановіч таксама стаў валанцёрам – накідку з эмблемай Чырвонага Крыжа і пакет з адпаведнай літаратурай яму тут жа, на працоўным месцы, і ўручыла Ірына Стэх. А на маё пытанне, чаму ён займаецца дабрачыннасцю, мужчына адказаў коратка і зразумела:
–У мяне таксама ёсць дзеці. Дык чаму, калі гэта ў маіх сілах, я не магу дапамагчы дзецям, у якіх, лічы, бацькоў няма?


Марына МАЦКЕВІЧ.