«Вагончик тронулся»: о работе проводницы рассказывает наша землячка Ольга Кардаш
Пра рамантыку і кіламетры з’езджаных па чыгунцы дарог, нечаканыя здымкі ў кліпе напярэдадні прафесійнага свята ў адзін з прыездаў на радзіму расказала наша зямлячка з аграгарадка Варона Вольга Кардаш, якая 16 гадоў працуе правадніцай пасажырскага вагона ў Мінскім аддзяленні Беларускай чыгуначнай дарогі.
Ад паездкі ў электрычцы да справы жыцця
Яшчэ ў школьныя гады дзяўчына неаднойчы чыгункай ездзіла ў сталіцу і назад: вагон набіраў хуткасць, а за акном мяняліся краявіды, на месца вясковых драўляных хат заступалі неабсяжныя хлебныя палі, густыя лясы, прыгарадныя вакзалы…
– Тады здавалася, што вось так бы ўсё жыццё ехала і ехала… Мне падабалася назіраць не толькі за тым, як мяняецца пейзаж, але і за людзьмі: хтосьці драмаў пасля напружанага працоўнага дня, іншыя, па ўсім бачна было, што студэнты, вярталіся дадому і абмяркоўвалі, як паздавалі залікі і экзамены, – узгадала суразмоўца адно са сваіх першых знаёмстваў з чыгункай і прагаварылася, што выбар на яе карысць зрабіла спантанна, але правільна.
Гэта маладая жанчына адчула пасля першай паездкі ў цягніку далёкага накіравання, і з гадамі яе ўпэўненасць толькі ўзмацнілася.
– Сяброўка, якая на той час працавала правадніцай, так захоплена і натхнёна расказвала пра работу, што я загарэлася ідэяй стаць правадніцай, – працягвае Вольга. – Паступіла ў Мінскі дзяржаўны чыгуначны каледж. Пасля яго заканчэння з 2008 года маё жыццё непарыўна звязана з чыгункай, за выключэннем двух дэкрэтных адпачынкаў. Цікава, што нас у групе было 30 чалавек, а ў прафесіі засталося толькі 3, у тым ліку я. Многія думаюць, што наша работа акружана арэолам рамантыкі, але насамрэч гэта спецыяльнасць не для кожнага. Па-першае, трэба быць ураўнаважаным, карэктным і ўсе асабістыя праблемы пакідаць па-за цягніком; па-другое, – у пэўнай ступені псіхолагам. У дарозе часта спрацоўвае праславуты эфект спадарожніка, калі чалавек вылівае табе сваю душу – і хочаш-не хочаш, а трэба яго выслухаць. Але наша работа дае непераўзыдзеную магчымасць не толькі ўбачыць розныя краіны і гарады, але і лепш зразумець людскую сутнасць, а яна, паверце, вельмі добра праяўляецца ў абмежаванай прасторы, тым больш калі ехаць некалькі сутак…
Вагон – наш дом, а пасажыры – госці
У адрозненне ад офісных работнікаў, якія «жывуць» па раскладзе «пяцідзёнкі», правадніцы тыдзень працуюць, наступныя сем дзён адпачываюць. Праўда, у гэтым графіку часта бываюць выключэнні, асабліва на калядныя і навагоднія святы і летам, на якое прыпадае пік адпачынкаў.
– Вагон для мяне, як дом, а пасажыры – госці, якіх трэба сустрэць, забяспечыць ім камфортныя ўмовы на працягу ўсяго шляху руху цягніка, – тлумачыць Вольга. – Мы апранаем не толькі форму, але і ўсмешкі. Да кожнага чалавека стараемся знайсці індывідуальны падыход, дапамагчы. За гады работы экстрэмальных сітуацый не было, хоць даводзілася аказваць першасную даўрачэбную дапамогу чалавеку, які зваліўся з верхняй лаўкі. Дзякаваць богу, усё абышлося без моцнага траўмавання. Здаралася, што са мной спрабавалі пазнаёміцца, некаторыя нават заляцаліся, але ўсе такія спробы адразу ж спыняю. У нас ёсць свая прафесійная этыка.
Аказваецца, работа правадніка пачынаецца задоўга да адпраўлення саставу. Прыняць і прыбрацца ў вагоне, праверыць унутранае і вонкавае абсталяванне, падрыхтаваць пасцельную бялізну… І толькі позна вечарам, рассадзіўшы пасажыраў згодна купленым білетам, Вольга Кардаш прывітае іх сваёй бязменнай прамяністай усмешкай.
– Па шляху руху цягніка мы разносім чай, прапаноўваем набыць сувенірную прадукцыю ці кандытарскія вырабы, стасуемся з пасажырамі, – расказвае пра працоўныя абавязкі правадніца. – Цяпер цалкам запоўнены вагоны, шмат дадатковых рэйсаў: многія едуць адпачываць на Чорнае мора, а таксама на экскурсіі ў Санкт-Пецярбург ці Маскву. Дастаткова часта сустракаю ў цягніку і знаёмых з Астравеччыны.
Адзін з немалаважных аргументаў, якія прыводзіць Вольга Кардаш на карысць сваёй прафесіі, – гэта магчымасць пабываць у розных гарадах і ў вольны час палюбавацца прыгажосцю прыроды.
– Навасібірск, Мурманск, Сочы, Масква – аб’ездзіла Расію і ўсю Беларусь. Самы любімы рэйс – на Адлер. Неверагодна чароўныя і адрозныя ад нашых мясцін пейзажы. Перад вачыма і цяпер стаіць мора, уздоўж якога мы едзем каля 4-х гадзін. І гэтыя карціны за акном ніколі не прыядаюцца. Праўда, пагуляць па горадзе не атрымалася: стаіць цягнік там толькі некалькі гадзін. Затое спазнала абдымкі Чорнага мора ў Феадосіі: у нас была магчымасць прагуляцца па набярэжнай, акунуцца і палюбавацца неабсяжнасцю марскіх вод, – захоплена працягнула Вольга. – У апошні час працую на маршруце накірунку Мінск-Санкт-Пецярбург. Думаю, кожнага, хто бываў у паўночнай сталіцы Расіі, яна не пакінула раўнадушным. Унікальны горад па архітэктуры і атмасферы.
Вольга Кардаш працавала і на «фірме» – так на мове чыгуначнікаў называюцца фірменныя цягнікі, дзе можна сустрэць шмат медыйных і публічных асоб.
– Сяргей Жукаў, Алег Газманаў, Ксенія Сітнік, Ірына Дарафеева – каго толькі з вядомых артыстаў айчыннай і расійскай эстрады «не перавозіла». Гэта людзі без завышаных патрабаванняў і зорнага прэйскуранта, як думаюць некаторыя. Як і звычайным пасажырам, так і ім прыйшоўся даспадобы традыцыйны чай у нязменнай гранёнай шклянцы ў важкім металічным падшклянніку, – з усмешкай зазначае суразмоўца. – Але найбольш, напэўна, запомніўся гурт «Рождество», які ехаў на фірменным цягніку Мінск-Масква. Гэта было напачатку маёй работы на чыгунцы. Адкрытыя, энергічныя, простыя. А яшчэ ў дарозе яны здымалі невялікія відэа да свайго кліпа, мы з напарніцай там засвяціліся… Вазілі і спартсменаў, і замежнікаў. Стасавацца з апошнімі дапамагала базавае веданне англійскай мовы. Цяпер у асноўным рэйсы толькі на Расію.
На сем дзён пасажырскі вагон становіцца для Вольгі домам, а наступны тыдзень яна ў родным доме ў Вароне адпачывае са сваімі хлопчыкамі.
– Пакуль я на рабоце, за сынамі прыглядае маці. З рэйсаў абавязкова прывожу ім магніты і розную смакату. Старэйшы Кірыл, які сёлета пойдзе ў 8-мы клас, неяк сказаў, што хоча стаць памочнікам машыніста. Магчыма, сын стане прадаўжальнікам маёй справы і калісьці яму, як і мне, будзе сніцца на доўгіх выхадных чыгунка…
