В День защитников Отечества армейские будни вспоминает Александр Киселёв


Як падчас службы ў арміі салдаты дамоў званілі, каляндарыкі вялі, расказвае астраўчанін Аляксандр Кісялёў.

– У армію пайшоў у 19 гадоў – атрымаў адтэрміноўку на паўгода. Мяне чакалі паветрана-дэсантныя войскі або спецназ, хоць на ўсіх запытах я пісаў, што хачу ў аўтамабільныя. Апошніх ужо не было, таму трапіў у СПА (супрацьпаветраная абарона. – Заўв.аўт.)

Часць знаходзілася ў Івацэвіцкім раёне недалёка ад вёскі з цікавай назвай – Волька. Служыў у тэхнічным батальёне вадзіцелем-аўтакранаўшчыком. На ўзбраенні часці былі зенітна-ракетныя комплексы «Аса» – іх наша батарэя абслугоўвала. 

За два тыдні прайшоў КМБ – і ў батарэю. Праз некалькі месяцаў мяне і яшчэ некалькіх салдат адправілі ў Печы на чатыры месяцы: каго баявымі машынамі БАЗ вучыцца кіраваць, мяне – на аўтакран, да слова, з дазволам працаваць па прафесіі пасля арміі. Не хацеў ехаць – нікога ж там не ведаў. А потым згадзіўся – пераважыла магчымасць атрымаць спецыяльнасць. І пасведчанне вадзіцеля атрымаў – катэгорыі «В» і «С» бясплатна. З задавальненнем вывучаў усю тэхніку – і ваенную, і грамадзянскую. Прапанавалі здаць на катэгорыю «Е» – адмахнуўся, маўляў, навошта яна мне. 

Спярша асноўны страх перад службай быў – падняцца ў шэсць гадзін раніцы! Аказалася: можна! І ўвогуле нічога складанага ў службе няма, галоўнае – прывыкнуць да рэжыму.

Вучобу пачыналі з размінкі «на мятле»: плац падмяталі. (Смяецца.) А ўвогуле служылі, як усе: бегалі, скакалі, фізпрактыкаванні рабілі. Не тычылася гэта толькі вадзіцеляў, якія вазілі камандзіраў. 

Да арміі нават не падазраваў, што на вялікім марозе можна спаць – проста ў снезе. Было гэта ў «міжсезон», калі так званыя дзяды дэмабілізаваліся і нас у нарады ў парк ставілі праз суткі. Маразы тады былі моцныя – да трыццаткі градусаў. Адправяць на дзве гадзіны, пройдзеш раз, другі, трэці – і ў снег забурыўся,  у сугроб. Бушлат, цёплая накідка на аўчыне, валёнкі сагравалі. А то і стоячы кімарнуць маглі. 

Дадому хацелася, але адпусцілі толькі раз – у адпачынак. З роднымі стасаваліся праз лісты. І званілі па таксафоне, толькі на картках хвілін – усяго нічога. Або плацілі за званок таму, у каго быў мабільнік. (Смяецца.)

…Пяцьсот сорак восем дзён службы прайшлі спакойна, аднак кожны мы лічылі! У некаторых нават каляндарыкі кішэнныя былі, дзе старанна дзірачкі ў даце рабілі. 

Мне пашанцавала: амаль два тыдні не даслужыў. Перад Новым годам адпусцілі, хоць звольніцца павінен быў у пачатку студзеня. Трапіў у першы этап: «харашыстаў» дадому адпраўлялі першымі. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: из архива героя