Вітаем вас, маладыя спецыялісты
На размеркаванні яны пачулі назву: Астравец. Для кагосьці яна прагучала мілым сэрцу гімнам малой радзімы, для некага – як прыгавор, а хтосьці і наогул пачуў яе ўпершыню. Зараз яны робяць першыя крокі ў самастойнае працоўнае жыццё. І хоць знешне стараюцца быць сур’ёзнымі і адпавядаць цяперашняму статусу, у вачах свецяцца гарэзлівыя агеньчыкі, а па начах, напэўна, сняцца вясёлы інтэрнат, прапушчаныя пары, грозныя выкладчыкі і апошняя ноч перад экзаменам. Яны – гэта ўчарашнія студэнты, а зараз – маладыя спецыялісты Астравеччыны, будучыня і надзея, якіх ушаноўвалі на мінулым тыдні.
Цудоўная традыцыя ўрачыста вітаць маладых спецыялістаў на астравецкай зямлі ўзнікла шэсць гадоў таму назад і з таго часу ні разу не адмянялася. З кожным годам мянялася форма, але змест і галоўны сэнс заставаўся ўсё тым жа: бліжэй пазнаёміць моладзь з раёнам і яго кіраўніцтвам, прадаставіць магчымасць пазнаёміцца ім паміж сабой, ну і, канешне ж, павіншаваць з пачаткам працоўнай дзейнасці.
Гэты год не стаў выключэннем і ў прызначаны час кінаканцэртная зала “Астравец” гасцінна прымала віноўнікаў урачыстасці. Дарэчы, акрамя іх, падтрымаць і прывітаць сваіх маладых супрацоўнікаў прыйшлі і кіраўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
А з чаго пачаць урачыстасць, як не са знаёмства? Знаёмства з раёнам, дзе мінімум бліжэйшыя два гады прыйдзецца жыць, працаваць і адпачываць. Таму цікавы і змястоўны відэаролік пра Астравецкі раён і распачаў урачыстасць. Тут было ўсё: легенды пра Астравец, гісторыя ўтварэння райцэнтра, інфармацыя пра прамысловасць, сельскую гаспадарку, эканоміку раёна, яго культурнае жыццё і, вядома ж, віртуальнае падарожжа па непаўторных, маляўнічых, невыказальнай прыгажосці мясцінах Астравеччыны, дзе можна не толькі адпачыць, але і набрацца сілы і бадзёрасці духу на доўгі час. Ды што там расказваць – лепш пабачыць усё на свае вочы, што і заклікалі зрабіць маладых спецыялістаў аўтары роліка.
Пасля перад прысутнымі выступіў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька. Адам Дзмітрыевіч прыгадаў той час, калі ў раён прыязджала не больш чым 50 маладых спецыялістаў. Гэта былі складаныя, напружаныя гады ў жыцці Астравеччыны. Але зараз сітуацыя кардынальна змянілася. Развіваюцца прамысловасць і сельская гаспадарка, у будучым плануецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі, – а значыць, будзе павялічвацца інфраструктура раёна. І, канешне ж, на Астравеччыну прыязджае ўсё большая колькасць маладых і энергічных спецыялістаў. Тут для іх стараюцца стварыць добрыя ўмовы і забяспечыць нармальную заработную плату. Старшыня райвыканкама таксама закрануў і тэму IV Усебеларускага народнага сходу, з якога нядаўна вярнуўся. І напрыканцы выказаў спадзяванне, што ўсе разам – і моладзь і старэйшае пакаленне – будзем працаваць на карысць нашай Радзімы.
А пасля надышла чарга непасрэднага прывітання і ўрачыстага ўшанавання новых работнікаў раёна. На сцэну падняліся маладыя спецыялісты аддзела культуры, медыцыны і спорту. А.Д. Кавалька яшчэ раз павіншаваў кожнага з іх і ўручыў памятныя падарункі.
Вялікую ролю ў нашым раёне адыгрывае развіццё і дзейнасць сельскай гаспадаркі. І вельмі важна, каб шэрагі працаўнікоў гэтай галіны папаўняліся новымі ініцыятыўнымі людзьмі. Маладых спецыялістаў сельскагаспадарчай нівы сустракаў і вітаў намеснік начальніка райсельгасхарчу К.І. Шаўліс.
Сацыяльная сфера ўключае ў сябе самыя розныя прафесіі. Гэта і спецыялісты адукацыі, і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, і супрацоўнікі аптэкі і многія іншыя. А курыруе яе намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. Акрамя слоў віншавання, ён выказаў спадзяванне, што прыбыўшая моладзь па-сапраўднаму ацэніць наш раён і пусціць у ім свае карані.
Маладых работнікаў райспажыўтаварыства, лясгаса і раённага вузла паштовай сувязі прывітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч. Тых, хто прыехаў працаваць на фабрыку “Альхоўка”, завод “Радыёдыталь”, у КБА, РВЭС, аўтапарк №4, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і міліцыю, – намеснік старшыні па эканамічных пытаннях У.С. Ластоўскі. І напрыканцы маладых спецыялістаў аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, меліярацыйных сістэм, будаўнічых арганізацый і пагранічнікаў павіншаваў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В.Э. Сянюць.
Падчас мерапрыемства прысутных радавалі прыгожымі музычнымі нумарамі артысты астравецкай эстрады П.Букель, А.Клімашэўская (дарэчы, малады спецыяліст аддзела культуры), Т. Канчанін, А.Сяўко, А. Юргелянец, С. Куцько і іншыя.
Аднак і гэта было яшчэ не ўсё. Не сакрэт, што зараз у Беларусі назву Астравец аўтаматычна асацыіруюць з першай беларускай АЭС. І пасля святочнага канцэрту маладыя спецыялісты маглі “вочы ў вочы” спытаць у супрацоўнікаў дырэкцыі будаўніцтва пра ўсё, што іх цікавіць – і гэтую магчымасць яны выкарысталі па поўнай. Маладыя і цікаўныя амаль паўтары гадзіны трымалі работнікаў дырэкцыі ў напружанні і літаральна “засыпалі” іх пытаннямі. Ці не гэта найлепшы доказ, што ўжо зараз моладзь задумваецца пра сваю будучыню ў нашым раёне?
Марына МАЦКЕВІЧ.
