В Рымдюнах прошёл пикет в поддержку действующего Президента Александра Лукашенко

Як вядома, 23 ліпеня пачаўся збор подпісаў за падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2015 года. Самая вялікая ініцыятыўная група  па збору подпісаў створана ў падтрымку дзеючага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. У яе склад увайшлі і прадстаўнікі нашага раёна.

Ужо на другі дзень пасля старту збору подпісаў, 24 ліпеня, тых жыхароў раёна, што спяшаліся на аб’яўлены раней канцэрт Таццяны Глазуновай – а такіх было нямала, і не толькі з Гервяцкага сельскага Савета – каля Рымдзюнскага Дома культуры сустракалі ўдзельнікі пікета, арганізаванага раённым камітэтам Беларускага Рэспубліканскага саюза моладзі. На стале – партрэт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, побач – беларускі дзяржаўны сцяг і сімволіка БРСМ, паветраныя шары ў колерах нацыянальнай сімволікі, гучалі песні пра Беларусь… Сумненняў, у чыю падтрымку тут збіраюць подпісы, не ўзнікала.

Тым не менш людзі ахвотна падыходзілі да стала, цікавіліся што да чаго. Член ініцыятыўнай групы Ларыса Чусаўлянкіна тлумачыла мэту пікета і прапаноўвала усім жадаючым пакінуць свой подпіс ў падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Многія з задавальненнем адгукаліся на гэтую прапанову: за першыя паўгадзіны ўдзельнікі пікета сабралі больш за трыццаць подпісаў. Безумоўна, іх было б нашмат больш – але нямногія грамадзяне ўсюды, нават на канцэрт, ходзяць з пашпартам, а яго наяўнасць нават у добра знаёмых людзей – абавязковая ўмова для таго, каб пакінуць свой аўтограф у падпісным лісце. І па гэтай прычыне многім жадаючым удзельнікі пікета адмаўлялі ў іх жаданні падтрымаць дзеючага Прэзідэнта, параіўшы прыйсці ў іншы раз ці звярнуцца да іншых членаў ініцыятыўнай групы.

На здымку: подпіс у падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ставіць Наталля Літвін.