В Правила дорожного движения вносятся изменения и дополнения
У апошні час у Рэспубліцы Беларусь пытанням бяспекі дарожнага руху надаецца павышаная ўвага. Гаворка ідзе не толькі пра ўзмацненне адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, але і пра павышэнне агульнай культуры кіравання шляхам стварэння ўмоў для забеспячэння максімальнай абароны жыцця і здароўя ўдзельнікаў дарожнага руху, папярэджання пашкоджання транспартных сродкаў.Для далейшага ўдасканалення арганізацыі дарожнага руху Указам Прэзідэнта ад 13 кастрычніка 2014 года № 483 унесены змены і дапаўненні ў Правілы дарожнага руху, якія ўступаюць у сілу з 16 студзеня 2015 года і абавязковыя для выканання на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Апроч чарговага павелічэння тэрміну навучання практычнаму кіраванню аўтамабіля з 40 да 50 гадзін, Указам уносяцца пэўныя новаўвядзенні ў Правілы, на якіх хацелася б спыніцца падрабязней.
Найперш варта звярнуць увагу на новую рэдакцыю п. 2071 Правілаў, паводле якой з 1 снежня па 1 сакавіка да ўдзелу ў дарожным руху дапускаюцца аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон уключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон пры ўмове абсталявання зімовымі шынамі. Зімовыя шыны павінны быць усталяваны на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны адпавядаць патрабаванням Правілаў. У прыватнасці, шыны легкавых аўтамабіляў павінны мець рэшткавую вышыню малюнка пратэктара не менш 1,6 мм, грузавых аўтамабіляў – 1 мм, аўтобусаў – 2 мм, матацыклаў і мапедаў – 0,8 мм. Зімовыя шыны механічных транспартных сродкаў, прызначаныя для эксплуатацыі на абледзянелым ці заснежаным дарожным пакрыцці, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай усярэдзіне яе або знакамі «М+S», «M&S», «M.S», «M S» ці «All seasons», падчас эксплуатацыі на вышэйпазначаным пакрыцці павінны мець рэшткавую вышыню малюнка пратэктара не менш 4 мм.
За невыкананне гэтых патрабаванняў вадзіцелі транспартных сродкаў будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці.
Указам Прэзідэнта №483 уведзены новыя правілы перавозкі дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі (нагадаем, што да легкавых аўтамабіляў адносяцца аўтамабілі, якія па сваёй канструкцыі і абсталяванню прызначаны для перавозкі пасажыраў і багажу з колькасцю месцаў для сядзення не больш за 9, уключаючы месца вадзіцеля).
Перавозка дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, а дзяцей ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў – з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прылад, што адпавядаюць росту і вазе дзіцяці, або іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку.
Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў без выкарыстання адзначаных прылад у выпадку, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі.
Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, спінка якіх разгорнутая да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.
У выпадку парушэння ўстаноўленых правілаў перавозкі пасажыраў вадзіцель будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на падставе ч.5 арт. 18.14 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях у выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.
Ці варта папярэджваць, што калі вы не вадзіцель таксі і ваш транспартны сродак не абсталяваны ў адпаведнасці з вышэйпазначанымі патрабаваннямі, то вам пажадана ведаць узрост дзіцяці, якое вы збіраецеся падвезці. Кіроўца ў такім разе павінен быць гатовы або адмовіцца ад перавозкі дзіцяці, або панесці ўстаноўленую адказнасць, за без сумнення, добры ўчынак.
----------------------------------------------------------------------------------------
Дзмітрый Дамарад, намеснік пракурора Астравецкага раёна Славамір Родзь, ст. дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.
