В Островецком районе сажали лес
Кожны чалавек за сваё жыццё павінен пасадзіць хаця б адно дрэва. Сёлета такая магчымасць была і яшчэ будзе ў многіх. У мінулую суботу раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” запрасіла прыняць у гэтай вельмі важнай справе ўсіх жадаючых – у раёне прайшла акцыя “Белая Русь” упрыгожвае Беларусь”. Такіх добраахвотнікаў сабралася больш за трыццаць.
Сёлета Астравецкі лясгас запланаваў пасадзіць каля 250 гектараў лесу па ўсім раёне. З іх 60 – у Гервяцкім лясніцтве. Большасць лесапасадак сёлета размесціцца на былых палях сельгаскааператываў, якія выйшлі з сельгасвыкарыстання. Такія землі перадаюцца ў карыстанне лясгасу – і праз дзясятак гадоў на іх вырастаюць лясы.
– Рэспубліканскі тыдзень лесу аб'яўлены з 13 красавіка, але з-за неспрыяльнага надвор’я мы пачалі садзіць лес толькі два дні назад. І вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на нашу просьбу, а таксама тым, хто сам праявіў ініцыятыву, – гаворыць галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса Аляксандр Шостак. – Толькі падчас рэспубліканскага суботніка садзіць лес у Гервяцкае і Катлоўскае лясніцтвы паехалі прадстаўнікі пярвічных арганізацый РГА “Белая Русь”, ГА БРСМ, ваеннаслужачыя пагранічнікі аддзела пагранслужбы “Гудагай”, вучні і настаўнікі Гудагайскай СШ.
І вось мы – прадстаўнікі пярвічных арганізацый рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і супрацоўнікі НІАЭП – на ўчастку, які яшчэ ў мінулым годзе быў сельгасугоддзем СВК “Гервяты”. Участак даволі вялікі – 6,2 гектара.
Адразу ж паўстае пытанне: няўжо ўсё гэта мы засадзім лесам?
– Толькі раніцай даведаліся, што паедзем садзіць лес, – расказваюць медыцынскія сёстры Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Казарэз і Святлана Масойць. – Думалі, што будзем прыбіраць Янаўскае вадасховішча. Таксама патрэбная справа, але лес – гэта вечнае… Таму вельмі рады, што суботні дзень правядзём на пасадцы лесу.
Ляснічы Гервяцкага лясніцтва Віталій Грабоўскі і галоўны ляснічы Астравецкага лясгасу Аляксандр Шостак расказваюць і паказваюць, як правільна садзіць маладзенькія сасонкі і бярозкі.
Саджанцы апрацоўваюць спецыяльным арганічным растворам, які абароніць каранёвую сістэму ад высыхання – карпансілам, жанчыны раскладваюць іх па вёдрах, мужчыны бяруць у рукі адмысловыя мячы Колесава – даволі цяжкія прыстасаванні ў выглядзе лапаты – і роўненькія радочкі сасонак і бярозак паўстаюць погляду чалавека праз некалькі хвілін.
Сёлета Астравецкі лясгас для пасадкі новых лясоў выкарыстоўвае свае саджанцы з новага гадавальніка, які быў закладзены ў мінулым годзе. Яны яшчэ зусім кволенькія, але дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю і вільготнай глебе, хутка пойдуць у рост. Вынік павінен быць добрым.
– Калі ехаў сюды, думаў, што пасаджу 46 дрэў – за кожны год пражытага жыцця. Потым далічыў да ста, двухсот, а затым і ўвогуле лічыць перастаў – галоўнае тое, што справу мы зрабілі добрую і карысную для ўсяго чалавецтва, – гаварыў потым адзін з удзельнікаў пасадкі лесу.
Знамянальна, што ўдзел у рэспубліканскай акцыі па пасадцы лесу прынялі і супрацоўнікі НІАЭП. Зрабілі яны гэта таксама па закліку душы.
– У Расіі таксама праводзяцца суботнікі. Але вось так, каб людзі выбраліся і паехалі садзіць лес, не памятаем, – гавораць Дзмітрый Карпаў і Лідзія Клімаўскіх. – У школе дрэвы садзіць даводзілася, а вось у дарослым жыцці прыняць удзел у такім масштабным мерапрыемстве магчымасці не было. Таму мы таксама вельмі ўдзячны лёсу, што так атрымалася. Добрае надвор’е, цудоўны настрой, цікавыя людзі і вельмі важная і добрая справа для ўсіх.
За суботні дзень на ўчастку Гервяцкага лясніцтва за вёскай Гіры актывісты “Белай Русі” і Беларускага прадстаўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “НІАЭП” пасадзілі 18 тысяч саджанцаў малодзенькіх сасонак і бярозак, якія літаральна праз сем гадоў стануць маладзенькім лесам, у якім ужо можна будзе збіраць грыбы.
Свой уклад у пасадку лесу ўнеслі і БРСМаўцы з пагранічнікамі – яны ў Катлоўскім лясніцтве засадзілі 1 гектар.
– Сёння ў кожнага з нас была цудоўная магчымасць зрабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай і квітнеючай – і ўсе, хто сюды прыйшоў, зрабіў гэта па закліку сэрца, – падвяла вынік суботніка на пасадцы лесу старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Сянюць.
Як узнагарода за добрую справу ў кожнага ўдзельніка акцыі засталіся буклеты і значкі ад Астравецкага лясгаса і шалікі ад “Белай Русі”. А пасля ўсіх чакалі яшчэ і смачныя шашлыкі.
------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.