В Островецком районе проводилась акция "Пазвані пажылому родзічу"

У Дзень пажылых людзей да жыхароў палат сястрынскага догляду ў Міхалішкаўскую бальніцу з падарункамі і цёплымі словамі завіталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Мікалаеўна Іванова, загадчыца аддзялення адаптацыі і рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Яніна Вацлаваўна Панасюк і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Генрыхаўна Свірская.

Напярэдадні Дня людзей паважанага ўзросту ў Астравецкім раёне праводзілася акцыя “Пазвані пажылому родзічу”, якая мела пад сабой мэту звярнуць увагу грамадскасці на праблему адзіноты ў старэйшым узросце, а таксама паспрыяць інтэграцыі двух пакаленняў. У рамках гэтай акцыі астраўчане падпісвалі паштоўкі, якія ахвяравала раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Чырвоны Крыж” на чале з Вольгай Руднік, людзям, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках. І пажаданні былі рознымі: жыхары Астраўца жадалі здароўя, усмешак, дажыць да 100 гадоў…
Не толькі паштоўкі са шчырымі словамі атрымалі жыхары Міхалішкаўскай бальніцы, але і цёплыя шкарпэткі, сродкі асабістай гігіены і салодкія падарункі. Работнікі Астравецкага хлебазавода не засталіся ў баку і бясплатна напяклі смачных булачак. А індывідуальны прадпрымальнік Наталля Кардзіс на кожнай пары шкарпэтак зрабіла скідку.
Пасля вулічнага холаду і пранізлівага ветру палаты сустрэлі цеплынёй, як і самі яе жыхары. Разам з гасцямі сваіх падапечных віншаваў і галоўны ўрач Міхалішкаўскай бальніцы Генрых Генрыхавіч Калтан, які за гэты час стаў родным для шасцідзясяці старых людзей, такіх розных характарам і лёсам.Некаторыя людзі выходзілі з палат і з цікавасцю пазіралі на пакункі з прысмакамі, іншыя – чакалі гасцей ў сваіх пасцелях.
Заўсёды, калі пераступаеш парог Міхалішкаўскай бальніцы і бачыш вочы старэнькіх бабуль і дзядуль, да горла падступае даўкі камяк. Складана знайсці словы для людзей, якія знаходзяцца ў казённых сценах. Святлана Мікалаеўна, Яніна Вацлаваўна і Аксана Генрыхаўна знаходзіліся тут хутчэй не ў якасці афіцыйных прадстаўнікоў ад арганізацый, а як звычайныя людзі, чыесьці дочкі, унучкі і праўнучкі. Яны змаглі знайсці не трывіяльныя і не шаблонныя, а неабходныя менавіта ў гэты момант словы да кожнага чалавека. І ляжачыя, і тыя, каго слухаюцца ногі, – усе жыхары Міхалішкаўскай бальніцы прасілі пачытаць паштоўкі. Многія плакалі, дзякавалі за тое, што пра іх помняць, некаторыя жартавалі і ўсміхаліся…
Нягледзячы на тое, што, у адрозненне ад гарадскіх кватэр, у Міхалішкаўскай бальніцы на той час ужо было ўключана ацяпленне і тэмпература ў пакоях даходзіла да дваццаці градусаў, рукі ў старых былі халоднымі.
…Далонь да далоні, маладосць да старасці, сэрца да сэрца – верыцца, што ў гэты дзень яны хоць на імгненне адагрэлі адзінокія сэрцы.


Алена ГАНУЛІЧ.