В Островецком районе прошёл единый день безопасности дорожного движения
"Стань прыкметным" – пад такім дэвізам 25 верасня ў Рэспубліцы Беларусь праводзіўся адзіны дзень бяспекі дарожнага руху, накіраваны на прафілактыку здарэнняў з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту.З надыходам восені кліматычныя ўмовы змяняюцца: дзень становіцца карацейшым, пачынае раней змяркацца. Усё гэта ўплывае на сітуацыю на дарогах. У цёмны час сутак вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асвятляецца фарамі аўтамабіля, пагэтаму яму цяжэй прыкмеціць пешаходаў ці веласіпедыстаў, асабліва калі яны без святлоадбівальных элементаў. Рухаючыся па дарозе вечарам без флікера, пешаходы быццам ідуць па тонкаму лязу нажа – невядома, ці пашанцуе дайсці да канца.
Пры набыцці святлоадбівальных элементаў варта аддаць перавагу флікерам белага ці лімоннага колераў – менавіта яны найбольш прыкметныя ў цемры. У межах горада самы аптымальны варыянт для пешахода – гэта чатыры флікеры: па аднаму на правай і левай руках, і па аднаму спераду і ззаду. Для вяскоўцаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту наогул лепш за ўсё набыць спецыяльную камізэльку з святлоадбівальнымі палосамі.
Не варта забываць, што з 2005 года ехаць на веласіпедзе па праезджай частцы дазваляецца толькі пры адсутнасці спецыяльнай веласіпеднай дарожкі, абочыны ці тратуара. На жаль, веласіпедысты часта бываюць бяспечнымі і парушаюць правілы дарожнага руху – а гэта караецца законам.
Бацькам таксама не варта забываць, што дзецям да 14 гадоў забараняецца ехаць на веласіпедзе па праезджай частцы без суправаджэння дарослых. Двухколавы транспарт абавязкова павінен быць спраўным і абсталяваным неабходнымі святлоадбівальнымі элементамі.
На гужавым транспарце па праезджай частцы можна ехаць толькі ў адзін рад на адлегласці не далей метра ад правага краю. Павозка павінна быць абсталявана спераду святлоадбівальнымі элементамі белага колеру, ззаду – чырвонага, а пры руху ў цёмны час спераду павінен быць уключаны ліхтар з белым святлом, ззаду – з чырвоным.
Паважаныя вадзіцелі, убачыўшы на дарозе пешахода, веласіпедыста ці гужавы транспарт, будзьце асцярожнымі і гатовымі да іх нечаканых дзеянняў. Пажадана знізіць хуткасць, а калі трэба – спыніцца, каб папярэдзіць магчымую бяду.
С. РОДЗЬ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.
