В Островецком ОВД чествовали ветеранов милиции

Для большасці людзей гэты звычайны лістападаўскі дзень нічым не адрозніваецца ад іншых. Для іх жа ён – памяць, ушанаванне і прафесійнае свята. Бо менавіта 10 лістапада адзначаўся дзень савецкай міліцыі.

Няма былога вялікага Саюза, аднак дата не засталася забытай – у гэты дзень у нашай краіне віншуюць і ўшаноўваюць ветэранаў органаў унутраных спраў.


У Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў кожны год 10 лістапада арганізоўваецца свята для ветэранаў міліцыі. Сёлета таксама ў прызначаны час у актавай зале сабраўся ўвесь асабовы састаў міліцыі, каб прывітаць і павіншаваць сваіх старэйшых таварышаў са святам.

Ганаровую місію першым выказаць словы падзякі ўзяў на сябе начальнік РАУС Уладзімір Іванавіч Квач. Ад імя калектыву ён павіншаваў ветэранаў міліцыі са святам, а таксама выказаў павагу і ўдзячнасць за добрасумленную працу на працягу многіх гадоў. Адметна, што толькі ў 2014 годзе на заслужаны адпачынак пачалі выходзіць міліцыянеры, служба якіх пачалася не ў Савецкім Саюзе, а ўжо ў Рэспубліцы Беларусь. Віншавальныя лісты ад начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама В.І. Сіняўскага і старшыні абласнога Савета ветэранаў І.В. Ланкевіча зачытаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В.М. Савіцкі. Старшыня раённага Савета ветэранаў Мікалай Іосіфавіч Макей атрымаў грашовую прэмію ад абласнога Савета ветэранаў.

Ніхто ў гэты дзень не быў забыты. Напярэдадні свята супрацоўнікі наведалі ветэрана міліцыі Барыса Міхайлавіча Станулевіча.

Падчас мерапрыемства прысутным быў прадэманстраваны відэафільм “Як стваралася савецкая міліцыя” – і ўсе акунуліся ў атмасферу тых гадоў. Госці наведалі музей РАУС, дзе ў старых фотаздымках з усмешкай пазнавалі сябе ў маладосці. Пасля разам успомнілі пра дзейнасць раённага аддзела ў розныя гады і людзей, з якімі разам працавалі. Успомнілі і тых, каго ўжо няма побач – іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання. І, вядома ж, не абышлася ўрачыстасць без святочнага канцэрта. Педагогі і вучні Гудагайскай сярэдняй школы павіншавалі ветэранаў міліцыі прыгожымі і чуллівымі песнямі.


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.