В Островецком лесхозе подкармливают животных, снимают видеорепортажи и готовятся к весне

Арыентацыя на ахову

З наступленнем маразоў узмацнілася ахова жывёльнага фонду.

Актыўная падкормка жывёл спалучаецца з мерапрыемствамі па іх ахове ад браканьераў і драпежнікаў. Нядаўна паляўніцтвазнаўцам была здабыта адна асобіна ваўка.



У аб'ектыве – муфлоны

Новыя жыхары астравецкіх вальераў – муфлоны – сталі цэнтрам пільнай увагі з боку журналістаў.

Як нам паведаміў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце П.З. Крупеньчык, Астравецкі лясгас стаў першым сярод дзяржаўных лесагаспадарчых устаноў, дзе ўтрымліваюцца горныя бараны. Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія “МИР” і беларускае тэлебачанне нядаўна здымалі рэпартажы пра новых капытных жыхароў Астравеччыны.



Еўрапейскі падыход

Перадавы вопыт такіх еўрапейскіх краін, як Літва і Польшча, дзе нарыхтоўкай драўніны займаюцца выключна прыватныя фірмы, перанялі і ў Астравецкім лясгасе.

Зараз нарыхтоўкай драўніны на тэрыторыі нашага раёна займаюцца 6 арганізацый, сярод якіх як індывідуальныя прадпрымальнікі, так і юрыдычныя асобы. У арсенале некаторых нарыхтоўшчыкаў ёсць лесавозы і тралёвачная тэхніка.
Іншыя прыватныя арганізацыі таксама праяўляюць павышаны інтарэс да прадастаўлення гэтай паслугі.



Дамкі для птушак

Школьныя лясніцтвы загадзя рыхтуюцца да вясны і з’яўлення на тэрыторыі нашай краіны першых яе вестуноў.

Юныя лесаводы з Варнянскага НПК, Спондаўскай СШ і Падольскай СШ на ўроках працы разам з настаўнікамі майструюць шпакоўні і сінічнікі для таго, каб у кожнай птушкі ў хуткім часе з’явіўся свой дом.


--------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.