В Островце состоялась первая встреча психологов района
Па ініцыятыве псіхолага раённага аддзела адукацыі Юліі Альбінаўны Ражко створана псіхалагічнае аб’яднанне пад назвай “Імпульс”. На базе Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адбылася першая сустрэча, у якой прынялі ўдзел псіхолагі раёна.Як не бывае былых настаўнікаў, так не бывае і былых псіхолагаў. Звычайныя людзі часам успрымаюць іх, як іншапланецян. Не знік міф, што псіхолаг бачыць людзей наскрозь. Вядома, што прафесійная дзейнасць адкладвае адбітак і з цягам часу становіцца стылем жыцця. А псіхолагі – тыя людзі, якія дапамагаюць іншым справіцца з праблемамі і знайсці агульную мову з блізкімі.
Як абутнік застаецца без абутку, так і “лекар душ” у складаных, крызісных сітуацыях часта не можа дапамагчы сабе самому. Пагэтаму згуртаванне псіхолагаў мае мэту прафесійнай падтрымкі. Кожны ўдзельнік можа падзяліцца з “сябрамі па працы” складанымі сітуацыямі з уласнай практыкі і атрымаць падтрымку.
– Плануецца, што кожнае пасяджэнне будуць праводзіць розныя псіхолагі, – гаворыць Юлія Альбінаўна. – Калі атрымаецца, запросім прыняць удзел ваеннага ці медыцынскага псіхолага для таго, каб ўзбагачаўся досвед псіхолагаў адукацыі.
Метады і спосабы псіхалагічнай работы накшталт “Гарачага крэсла”, арттэрапеўтычных практыкаванняў, будзем выкарыстоўваць на сваіх сустрэчах.
Мне здаецца, што першае пасяджэнне атрымалася. На яго прыйшло не вельмі шмат людзей, аднак добразычлівая атмасфера і магчымасць “быць пачутым”, думаецца, задаволілі ўсіх удзельнікаў.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з сайта razvitie.igis.ru.