В Островце прошел областной семинар идеологических работников
У мінулую сераду ў Астраўцы прайшоў абласны семінар начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы Гродзенскага гарадскога і раённых выканаўчых камітэтаў, удзел у якім прынялі начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама П.К. Скрабко, намеснік начальніка І.Б. Сцепаненка, галоўныя спецыялісты ўпраўлення. Узначаліў работу семінара намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свіла.
Падчас першай часткі семінара, якая прайшла ў зале пасяджэнняў райвыканкама, былі абмеркаваны актуальныя праблемы інфармацыйнай работы з насельніцтвам і шляхі павышэння яе эфектыўнасці. Гасцям раёна прадставілі новы відэафільм “Астравецкі раён”.
Старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька расказаў пра сучасны стан Астравецкага раёна, развіццё эканомікі і сельскай гаспадаркі. Больш падрабязна ён спыніўся на тых зменах, якія чакаюць Астравеччыну ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС, і адказаў на пытанні, якія цікавілі ўдзельнікаў семінара.
Пленарнае пасяджэнне адкрыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы А.Я. Клімчэня. Свой даклад Аляксандр Яўгенавіч прысвяціў поспехам, якіх раён дасягнуў у бягучым годзе, і ў той жа час спыніўся на праблемах, якія патрабуюць вырашэння.
Галоўны рэдактар раённай газеты “Астравецкая праўда” Н.А. Рыбік расказала пра месца раённай газеты і сайта газеты, які з кожным днём набывае ўсё больш прыхільнікаў, у інфарміраванні насельніцтва.
Слова для выступлення было прадастаўлена старшыні Астравецкай раённай арганізацыйнай структуры “Беларускае таварыства “Веды” Н.І. Станкевіч. Астравецкае раённае аб’яднанне з’яўляецца адным з самых буйных у вобласці, сёння ў яго
рады ўваходзяць прадстаўнікі аховы здароўя, педагогі і работнікі культуры – усяго 167 чалавек.
Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама І.Б. Сцепаненка расказала аб эфектыўнасці работы з насельніцтвам.
Пасля пешаходнай экскурсіі па цэнтральным парку і знаёмства са скульптурнымі кампазіцыямі, якія ўжо некалькі гадоў упрыгожваюць наш горад, гасцей раёна чакала другая частка семінара – знаёмства з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. Першай у праграме значылася гімназія №1. Тут удзельнікаў семінара сустракалі пышным караваем і словамі прывітання. Сёння ў гімназіі працуюць 82 педагогі і вучацца 588 школьнікаў. Пра плённыя выступленні на алімпіядах і конкурсах, удзел у інавацыйных праектах, добраўпарадкаванне будынка і прышкольнай тэрыторыі расказала і паказала з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі дырэктар гімназіі І.А. Лях.
На другім паверсе ідэолагаў сустракалі школьнікі – юныя інспектары дарожнага руху паказалі выступленне агітбрыгады, юныя журналісты прадэманстравалі школьныя газеты і прапанавалі паглядзець адзін з “прадуктаў” гімназічнага тэлебачання – невялікі відэаролік аб правілах дарожнага руху, расказалі пра арганізацыю ў гімназіі букросінга і правядзенне інфармацыйных гадзін. Госці змаглі наведаць выставу фотаработ скульптара Аляксея
Лявонава, якая размясцілася на другім паверсе школы, і работы школьнікаў і педагогаў гімназіі, пазнаёміліся з тэматычнымі экспазіцыямі школьнага музея імя Іосіфа Гашкевіча і з творчасцю харэаграфічнага ансамбля “Астравок”, у якім сёння займаюцца больш чым 100 дзяцей. Юныя танцоры паказалі ўдзельнікам семінара тры кампазіцыі, якія нікога не пакінулі раўнадушнымі. А на памяць пра гімназію падарылі ўсім наведвальнікам невялікія сувеніры.
У цэнтральнай раённай бальніцы ўдзельнікаў семінара сустракаў галоўны ўрач В.І. Тачоны са сваімі намеснікамі. Валянцін Ігнатавіч запрасіў усіх на экскурсію па аддзяленнях бальніцы і паліклініцы. Гаспадарчым спосабам адміністрацыі бальніцы ўдалося зрабіць многае: дзякуючы ініцыятыве і гаспадарлівасці сёння практычна ўсе аддзяленні набылі новы сучасны выгляд. Тут жа была агучана і прыемная навіна – выдзелена каля 8 мільярдаў рублёў на пачатковы этап будаўніцтва новай раённай бальніцы.
У Інфармацыйным цэнтры Дырэкцыі атамнай электрастанцыі ідэолагаў, акрамя цікавага пазнавальнага расповеду, чакаў сюрпрыз – сярод удзельнікаў семінара аказаўся пяцітысячны наведвальнік Інфармацыйнага цэнтра. Ім стала Н.І. Дубіцкая з Мастоў. Менавіта яна атрымала памятны сертыфікат аб значнай падзеі і падарункі ад Дырэкцыі будаўніцтва АЭС.
Пераезд на пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі адбываўся праз жылы мікрараён энергетыкаў №1 – госці Астраўца, асабліва тыя, якія ў нашым горадзе былі не першы раз, адзначылі, што будаўніцтва ідзе хуткімі тэмпамі.
Сама ж пляцоўка, на якой у хуткім часе размесціцца атамная электрастанцыя, а цяпер ідзе будаўніцтва аб’ектаў вытворчай базы, стала самым папулярным аб’ектам. Пасля пазнавальнай экскурсіі, якую правёў кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Э.І. Свірыд, кожны пастараўся зафіксаваць момант знаходжання на гэтым гістарычным месцы на ўласныя фотакамеры і тэлефоны. Не менш папулярным быў і камень, у які Прэзідэнтам краіны закладзена капсула з пасланнем нашчадкам.
Добрыя ўражанні на гэтым не закончыліся. Яшчэ адно, не менш яркае, атрымалі ўдзельнікі семінара ў аграгарадку Гервяты падчас наведвання жамчужыны Астравеччыны – касцёла Святой Тройцы. Тут усё – і сам будынак, і ўнутранае ўбранне, і дэндрапарк “чапляе” і пакідае незабыўныя ўражанні.
Наступным і апошнім пунктам, які наведалі ідэолагі вобласці, стаў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Варняны”. Тут гасцей сустракалі старшыня СВК А.Ч. Вярбовіч, які пасля экскурсіі па адміністрацыйным будынку, ад якога таксама ўсе прыйшлі ў захапленне, расказаў пра сваю гаспадарку. Яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Ю.А. Адула паведаміў пра формы работы, якія выкарыстоўвае праўленне СВК “Варняны” для інфармавання насельніцтва. Прычым усе сцвярджэнні калгаснага ідэолага ілюстраваліся мультымедыйнай прэзентацыяй.
Ва ўтульнай зале адміністрацыйнага будынка прайшло падвядзенне вынікаў семінара, падчас якога былі абмеркаваны надзённыя праблемы і намечаны планы на будучыню.
Дапамогу ў арганізацыі і правядзенні семінара аддзелу ідэалагічнай работы Астравецкага райвыканкама аказалі старшыні сельскагаспадарчых кааператываў А.Ч. Вярбовіч, А.І. Чаплінскі, Э.І. Садоўскі, А.В. Габрукевіч, Ч.С. Лабачэўскі (фермерская гаспадарка “Світанак-Л”), кіраўнікі арганізацый В.І. Тачоны, І.А. Лях, Н.У. Ачарэтава, Г.А. Андралойць, супрацоўнік дырэкцыі будаўніцтва АЭС Э.І. Свірыд, старшыня раённай арганізацыі “Веды” Н.І. Станкевіч.
--------------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.