В Островце прошёл межрайонный турнир по мини-футболу

1
У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі на футбольнай пляцоўцы Астравецкай сярэдняй школы №1 адбыўся міжраённы турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2001-2002 гадоў нараджэння. Сімвалічна, што спаборніцтва прайшло якраз у Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Паўдзельнічаць у турніры сабраліся тры каманды: з Ашмян (трэнеры А.А. Афанасенка і В.Б. Рамулевіч), Іўя (трэнер А.І. Лісай) і астравецкая “Змена” (трэнер К.Л. Бабіч).

Спачатку гасцей прывітала, а таксама павіншавала з прафесійным святам работнікаў фізічнай культуры і спорту дырэктар СШ №1 Марына Мар’янаўна Кутовіч. Першымі на полі сустрэліся футбалісты з Іўя і Астраўца. Дарэчы, каманда Іўя – чэмпіёны Гродзенскай вобласці мінулага года. А яшчэ, як паведаміў іх трэнер, яны сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату рэспублікі. Словам, сапернікі ў нашых футбалістаў былі моцныя. Ды толькі, відаць, іўеўчане недаацанілі астраўчан – гульня пачалася атакай гаспадароў, і вельмі хутка Герман Куцько адкрывае лік. Футбалісты з Іўя зразумелі, што гульня будзе сур’ёзнай, тут жа перахапілі ініцыятыву і неўзабаве зраўнялі лік.

Далей гульня нагадвала “даганялкі”. Астраўчане вырываліся наперад: госці зраўнівалі лік. Да канца матча застаюцца лічаныя хвіліны, лік на табло 3:3 – і ніводная з каманд не жадае саступаць. Толькі фартуна ў той дзень была на баку гаспадароў: апошняя атака – і наша каманда вырывае перамогу.

Другі матч паміж камандамі Іўя і Ашмян атрымаўся не менш цікавым. Першымі гол забілі ашмянцы, але іх сапернікі хутка зраўнялі лік. Упартая і відовішчная гульня працягвалася ўвесь матч. Апошняя хвіліна, і лік зноў нічыйны і такі ж, як у папярэдняй гульні, – 3:3. Такі вынік іўеўчан не задавальняў, таму ў фінальную контратаку падключыўся нават варатар, які прыгожым дальнім ударам прынёс сваёй камандзе перамогу.

Апошнімі на поле выйшлі астравецкая “Змена” і каманда з Ашмян. Зноў была роўная і ўпартая барацьба, зноў футбалісты дэманстравалі майстэрства і вытрымку. Спачатку госці вялі 2:0. Затым астраўчане зраўнялі лік. Першы тайм скончыўся нічыёй – 3:3. А вось у другім гаспадары турніру поўнасцю завалодалі гульнёй. У выніку матч скончыўся з лікам 7:4 на карысць астраўчан.

Такім чынам, пераможцам турніру па міні-футболе стала астравецкая “Змена”, на другім месцы – футбалісты Іўя, бронзавым прызёрам стала каманда з Ашмян. Лепшым іграком быў прызнаны астраўчанін Герман Куцько, а лепшым варатаром – іўеўчанін Андрэй Квач.

Усе каманды і лепшыя ігракі атрымалі дыпломы і прызы – мячы і вымпелы – ад асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

Дарэчы, паралельна на гарадскім стадыёне таксама гулялі ў футбол: тут сустракаліся старэйшыя футбалісты 1999-2000 гадоў нараджэння з Астраўца і Ашмян. Першы тайм скончыўся нічыёй 3:3. А ў другім ініцыятыву перахапілі ашмянцы і выйгралі 9:6.

Казімір Бабіч.