В Островце открылся филиал Ошмянской автошколы

Ашмянскі аўтамотаклуб (такой была першапачатковая назва сённяшняй аўташколы) быў адкрыты 25 студзеня 1966 года. За гады існавання тут сфарміравана салідная матэрыяльна-тэхнічная база, у тым ліку збудаваны першакласны аўтадром, які ў 1973 годзе быў прызнаны лепшым у рэспубліцы.
У 1974 годзе ў Ашмянах быў праведзены першы міжрэспубліканскі мотакрос. А з 1981 года на базе Ашмянскай аўташколы праводзіцца чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па мотакросу.
Сёння ў Ашмянскай аўташколе праходзяць падрыхтоўку вучэбны ўзвод падрыхтоўкі ваенных вадзіцеляў для Узброеных Сіл і пагранічнай службы РБ, тры групы падрыхтоўкі вадзіцеляў катэгорыі “В”, адна група катэгорыі “Е” і група перападрыхтоўкі на катэгорыю “С”.
Працэнт здачы экзаменаў ДАІ навучэнцамі Ашмянскай аўташколы з першага разу складае 81,4 працэнта. У той час, як сярэдні паказчык па вобласці – 76 працэнтаў.
Па выніках работы за 2011 год школа заняла першае месца сярод школ ДАСААФ вобласці і другое – у рэспубліцы.
Самым важным дасягненнем аўташколы яе калектыў лічыць прысваенне ёй звання “Узорная аўтамабільная школа”.


“І якім бокам прыведзеная інфармацыя тычыцца Астравеччыны?” – недаўменна пацісне плячыма чытач. Ды самым непасрэдным! Справа ў тым, што на мінулым тыдні ў адным з былых будынкаў дзіцячага садка №1 адбылося адкрыццё Астравецкага філіялу Ашмянскай аўташколы, узначаліла які Вольга Уладзіміраўна Жураўская, вопытны педагог, якая ўзначальвала Варнянскі вучэбна-вытворчы камбінат.
Ініцыятыва стварэння філіяла ў Астраўцы належыць канкрэтнаму чалавеку – намесніку старшыні Цэнтральнага Савета ДАСААФ Віктару Антонавічу Маркечку.
– Мы зыходзілі з той прадпасылкі, што ў сувязі з будаўніцтвам АЭС Астравец становіцца перспектыўным горадам, колькасць насельніцтва якога ў бліжэйшыя гады павялічыцца ў 4-5 разоў, – расказаў Віктар Антонавіч. – Абавязкова будзе расці і дабрабыт. Як следства – павялічыцца колькасць асабістых аўтамабіляў, якіх і сёння ў Астраўцы нямала. І значыць, паслугі аўташколы будуць вельмі дарэчы.
Пасля таго, як у “вярхах” ініцыятыва Маркечкі была адобрана, ён звярнуўся да раённых улад з просьбай аб выдзяленні памяшкання. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць” раён выдзеліў (бясплатна!) ДАСААФу памяшканні былога дзіцячага садка, адно з якіх дасаафаўцы старанна і з густам адрамантавалі і аформілі.
Трэба сказаць, што аўтаклас абсталяваны ў поўнай адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да падобных устаноў: на яго сцяне – электрычныя стэнды, з дапамогай якіх будуць мадэліравацца сітуацыі на перакрыжаваннях дарог; ёсць тэлевізар, на вадкакрысталічны экран якога будуць трансліравацца спецыяльныя праграмы і вучэбныя фільмы; сумежны пакой перароблены ў камп’ютарны клас, у якім устаноўлена больш за 10 камп’ютараў.
Аўтамабільны парк аўташколы складаецца з двух, не проста новых, а “нулявых” аўтамабіляў “Жыгулі”.
– Пакуль у новаствораным філіяле нашай школы, – сказаў дырэктар Ашмянскай аўташколы Віктар Антонавіч Юкевіч, – мы будзем рыхтаваць толькі вадзіцеляў катэгорыі “В” – так званых аматараў. Выкладаць тут будуць, як вопытныя спецыялісты з Ашмян, так і мясцовыя астравецкія інструктары. Кошт падрыхтоўкі вадзіцеляў будзе адчувальна меншым, чым у прыватнай школе. Заняткі філіяла пачынаюцца літаральна на гэтым тыдні – група ўжо фактычна сфарміравана.
– У перспектыве Астравецкі філіял Ашмянскай аўташколы стане самастойнай адзінкай, – дапоўніў калегу намеснік старшыні Цэнтральнага Савета ДАСААФ. – Ён непазбежна перарасце ў школу, у якой будуць рыхтаваць вадзіцеляў усіх існуючых катэгорый. Ужо сёння Цэнтральны Савет гатовы выдзеліць Астраўцу грузавы аўтамабіль з прычэпам, але спачатку трэба пабудаваць адпаведны аўтадром, падабраць высокапрафесіянальны калектыў… Але ў будучым – не сумнявайцеся! – усё гэта ў Астраўцы будзе.
– Дарэчы, мы не збіраемся абмяжоўваць сваю дзейнасць на Астравеччыне выключна падрыхтоўкай вадзіцеляў, – прадоўжыў Віктар Антонавіч. – Ёсць задумка стварыць тут мотасекцыю, а таксама секцыю падрыхтоўкі юнакоў да будучай службы ў радах Узброеных Сіл. І ўжо сёння магу сказаць з поўнай адказнасцю за свае словы: задуманае абавязкова стане рэчаіснасцю.
Дай бог! А пакуль усе, хто прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці Астравецкага філіяла Ашмянскай аўташколы (а ў ліку гасцей былі ваенкам Астравецкага ваенкамата падпалкоўнік Раман Аляксандравіч Курлоў, пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа Андрэй Горбач і іншыя шматлікія госці), дружна пажадалі новастворанай аўташколе таленавітых вучняў. А яе выпускнікам – бяспечнай дарогі і паслухмяных аўтамабіляў.


----------------------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.