В Ольховке прошел очередной туристический слет школьников
Раённы турыстычны злет школьнікаў, арганізатарамі якога выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Міхалішкаўская СШ і ФСК, прайшоў паблізу вёскі Альхоўка.Гэтае традыцыйнае спартыўнае мерапрыемства заўсёды выклікае непадробны інтарэс сярод школьнікаў і педагогаў. І таму сёлета паўдзельнічаць у ім, нягледзячы на не зусім добрае надвор’е, вырашыла 9 каманд.
У пятніцу ў Альхоўку зляцеліся каманды з гімназіі №1 “Батарэйка”, СШ №1 “Адмірал”, “Крутыя перцы” з Кямелішак, “Застава”з Гудагайскай СШ, “Вятроўка” з Альхоўскай СШ, “МіхаліСіці” прадстаўлялі Міхалішкаўскую школу, “Нон-стоп” – Рытанскі НПК, вучні Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання стварылі каманду “Брыганціна”, а варнянскія школьнікі аб’ядналіся ў “Полымя”.
Альхоўка сустрэла школьнікаў пранізлівым ветрам – тым не менш, яго ніхто не спалохаўся. Школьнікі актыўна ўзяліся за ўстаноўку палатак і распальванне вогнішча. Але надвор’е і не думала радаваць школьнікаў: праз некалькі гадзін неба зацягнула хварамі і паліў дождж. Менавіта з-за дрэннага надвор’я праграму турыстычнага злёту давялося скараціць, аб чым многія вельмі шкадавалі.
Як і звычайна, злёт пачаўся з размяшчэння каманд. На працягу дня былі распланаваны некалькі этапаў: журы аглядала “Быт турыстаў”, выбірала пераможцаў у конкурсах “Сюрпрыз”, “Стральба”, “Прадстаўленне каманд” і “Турыстычная паласа”.
Стральба – адзін з самых цікавых конкурсаў. Тым больш, што ўдзел у ім звычайна прымаюць не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Так было і на гэты раз. І трапнасці некаторых школьнікаў можна было толькі пазайздросціць. У гэтым відзе найбольшую колькасць ачкоў выбілі варнянскія і міхалішкаўскія турысты – яны і сталі лепшымі.
Арганізоўваючы свой быт, нават на некалькі гадзін злёту, школьнікі паклапаціліся не толькі пра зручнасць, але і пра прыгажосць. Журы рашыла, што лепш за ўсё гэта атрымалася ў альхоўскіх турыстаў. Размяшчэнне і афармленне лагера, яго санітарны стан, захаванне патрабаваннняў аховы прыроды – альхоўскія школьнікі паклапаціліся пра ўсё. Яны і сталі пераможцамі ў гэтым конкурсе.
Падчас прадстаўлення кожная каманда дэманстравала “візітку”. Усе яны былі розныя – у кагосьці з музыкай і песнямі, у іншых – з вершамі. На думку журы, лепш за ўсё “візітка” атрымалася ў “МіхаліСіці” – гэтая каманда і святкавала перамогу ў конкурсе.
Паласа перашкод, удзел у якой прымала ўся каманда, уключала ў сябе бег з перашкодамі, пераправу па паралельных вяроўках і па бервяну, перацягванне каната і завязванне вузлоў. Стараліся ўсе, але лепшымі сталі варнянцы.
Конкурс-сюрпрыз, пра ўмовы якога школьнікі даведаліся толькі ў Альхоўцы, насіў назву “Я люблю Беларусь”. Падчас яго вучням неабходна было з прыроднага матэрыялу ці падручных сродкаў прадэманстраваць сваю любоў да радзімы. На гэтым этапе лепшымі былі школьнікі з Альхоўкі, Гудагая, Рытані і Рымдзюн – іх кампазіцыі прыйшліся даспадобы членам журы.
У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам. З найбольшай колькасцю балаў фінішавала каманда “МіхаліСіці” – менавіта турысты з Міхалішкаўскай школы сталі лепшымі і заваявалі І месца.
У якасці ўзнагароды яны атрымалі два спальныя мяшкі і палатку-тэнт. Другое месца і заслужаная палатка аказаліся ў варнянскага “Полымя”. На трэцім месцы апынулася каманда “Застава” з Гудагая – яны таксама атрымалі палатку. Узнагародамі і памятнымі падарункамі былі адзначаны лепшыя каманды ва ўсіх конкурсах.
------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
